Віктар Дашук: “Эфэкт “Лістапада” для беларускага кіно нулявы”

Валянціна Аксак, Менск Ад мінулай суботы ў Менску праходзіць XIV міжнародны кінафэст “Лістапад-2007”. На ім паказваюць стужкі з амаль сарака краінаў сьвету ўлучна з гаспадыняй фэсту, Расеяй, Іранам, Польшчай, Чэхіяй, Паўднёвай Карэяй, Партугаліяй, Швэцыяй. Пачаўшыся трынаццаць гадоў таму на ініцыятыву Саюзу кінэматаграфістаў Беларусі, “Лістапад” паступова перайшоў пад кантроль беларускае ўлады. Ці ўплывае такі кінафэст у Менску на разьвіцьцё нацыянальнага кінэматографу?
Валеры Мазынскі, знаны тэатральны рэжысэр, які апошнім часам заняўся і кіно (зьняў мастацкі фільм паводле п’есы Янкі Купалы “Тутэйшыя”), выказаўся пра кінафэст “Лістапад” адназначна:

“Гэта ня наша, усё там чужое, кіруюць прыежджыя... Ён павінен здохнуць, гэты “Лістапад”. Божа мой, у такім выглядзе ён патрэбны толькі як ідэалягічная нейкая штучка — больш нічога!”

Вядомы кінадакумэнталіст Віктар Асьлюк, фільм “Марыя” якога, дарэчы, удзельнічае ў конкурснай праграме фэсту, мяркуе, што “Лістапад” дае магчымасьць беларускім кінааматарам убачыць добрыя сучасныя стужкі з розных краінаў:

“Тое, што такое адбываецца ў Менску, гэта выдатна. Мы глыбока прывінцыйная краіна, і ўсякая такая падзея нешта дае нам”.

А прызнаны майстар айчыннага кінэматографу Віктар Дашук кажа, што “Лістапад” — адзіны ў сьвеце кінафэст, які праводзіць улада. У такім палітызаваным выглядзе ён ня можа станоўча ўплываць на разьвіцьцё нацыянальнага кінамастацтва. Але нават калі абстрагавацца ад ягонай палітызаванасьці, то ўсё роўна ягоны эфэкт для беларускага кіно нулявы — таму што на ім, апрача дакумэнтальнага, беларускае кіно проста адсутнічае. Беларускага кінэматографу як творчага працэсу сёньня не існуе”, — лічыць спадар Дашук.

“Ужо на працягу больш як дзесяці гадоў тое, што робіцца ў мастацкім кіно, — гэта проста сорам нават для “Беларусьфільму” савецкага часу. За дзесяць гадоў ня створана нічога значнага, ні-чо-га! Гэта сорам і ў нейкім сэнсе злачынства, таму што ідзе зьнішчэньне асобаў. У нашай дзяржаве асоба — гэта зьява недастойная”, — мяркуе Дашук.

Кінакрытык Андрэй Расінскі перакананы, што праводжанае ў Менску мерапрыемства не адпавядае ня толькі інтарэсам нацыянальнага кінамастацтва, а нават жанру кінафэсту:

“Гэты фэст хутчэй зьяўляецца ня столькі кінафэстам, колькі ягонай імітацыяй”.

Спадар Расінскі тлумачыць, што “Лістапад” не адпавядае ні адной з задач кінафэсту. А менавіта — ён не прадстаўляе гледачам і кінэматаграфістам новых стужак, а толькі тыя, якія ўжо вядомыя па іншых фэстах.

Фэстываль не зьяўляецца пляцоўкай, на якой вырашаюцца бізнэсовыя пытаньні кінапрацэсу. І самае галоўнае — ён ня мае свайго адметнага творчага твару. І таму значэньне гэтага мерапрыемства, лічыць кінакрытык Андрэй Расінскі, зусім не мастацкае:

“Лістапад — гэта такая постсавецка-каляніяльная тусоўка”.

Старшыня журы “Лістападу” народны артыст СССР і Беларусі Расьціслаў Янкоўскі кажа, што калі-небудзь дарасьці да ўзроўню кінафэстаў кшталту Канскага менскаму марыць дзёрзка, але ён спадзяецца на гэта:

“Думаць пра тое, што мы будзем калі-небудзь фэстам клясы “А” — тут вялікая дзёрзкасьць. Таму што патрэбныя вельмі вялікія грошы, іншая сыстэма арганізацыі, шмат прадусараў павінна браць удзел, новыя карціны, рынак павінен быць. Але мара такая ёсьць”.

Валеры Мазынскі: “З “Тутэйшых” пачнецца беларускае нацыянальнае кіно!”, 17.11.2007 Два ў адным” на “Лістападзе” ня будзе, 16.11.2007