Форум прыхільнікаў Пуціна – не для журналістаў

Юры Дракахруст, Прага Сёньня ў Маскве ў Палацы спорту “Лужнікі” адбыўся форум удзельнікаў руху “За Пуціна”. На гэтым сходзе, у якім узялі ўдзел каля 5 тысяч чалавек, пераважна моладзі, выступіў прэзыдэнт Расеі. Многія замежныя журналісты не былі дапушчаныя на сход.
Сярод тых, каго не пусьцілі на сход – наш калега, карэспандэнт расейскай службы Радыё Свабода Максім Ярашэўскі. Ён распавядае:

Ярашэўскі: “З раніцы Палац спорту ў Лужніках абкружылі міліцыянэры і салдаты ўнутраных войск. На ўваходзе правяралі ня толькі запрашальныя квіткі – прозьвішчы дэлегатаў параўноўвалі са сьпісамі ўдзельнікаў, а таксама прасілі паказаць пашпарты. Некалькі журналістаў, у асноўным замежных тэлеканалаў, пазбаўленыя акрэдытацыі, былі вымушаныя размаўляць з патэнцыйнымі сябрамі руху "За Пуціна" на вуліцы”.

Прыхільнікі Пуціна: “З намі Бог”

Паводле Максіма Ярашэўскага, тры дзяўчыны, што прыйшлі на сустрэчу, заявілі замежным журналістам, што прыйшлі на суcтрэчу таму, што зьяўляюцца "пераемнікамі Пуціна".

А вось меркаваньне маладых людзей, якія здымалі на відэа фільм пра сёньняшні форум:

"Курс Пуціна і партыі "Единая Россия" аб''яднаў усіх расейцаў сёньня. Рэйтынг Уладзіміра Ўладзіміравіча Пуціна і партыі "Единая Россия" на плянеце самы вышэйшы, усенародны. Ісус Хрыстос і Божая Маці з Расеяй Уладзіміра Ўладзіміравіча Пуціна – назаўжды".

Актывістка прапуцінскага руху Натальля упэўненая, што вера ў Бога павінна падштурхнуць Пуціна на трэці тэрмін.

"Я праваслаўны чалавек, і ўпэўненая, што ёсьць Боская воля на гэта. А ці ёсьць Боская воля, каб захоўваць Канстытуцыю – гэта вялікае пытаньне".

Пуцін: “У Расеі хочуць зрабіць тое самае, што ў суседніх краінах”

Уладзімір Пуцін прыехаў на форум сваіх прыхільнікаў празь некалькі гадзін пасьля пачатку. Усе 5 тысяч удзельнікаў сустрэлі яго зьяўленьне воплескамі і скандаваньнем: “Расея! Расея!”

Пуцін: “Я даў згоду ўзначаліць сьпіс "Единой Росии". Зрабіў гэта абсалютна сьвядома. Лічу, што такім чынам змагу дапамагчы фармаваньню аўтарытэтнай і дзеяздольнай заканадаўчай улады".

У сваім выступе прэзыдэнт Расеі абрынуўся на сваіх неназваных апанэнтаў. Паводле яго, “яны хочуць узяць рэванш і рэстаўраваць алігархічны рэжым”. “Падвучыліся ў заходніх экспэртаў, патрэніраваліся на суседніх краінах – зараз у Расеі хочуць зрабіць тое самае”.

Паводле Пуціна, у краіне знаходзяцца тыя, хто “шакаліць ля замежных пасольстваў, разьлічваючы на замежныя фонды і ўрады, а не на падтрымку ўласнага народу”.

Расейскі камуніст Зюганаў шкадуе, што Пуцін не ачоліў "саюзнай дзяржавы", 20.11.2007 Расеяй кіруе “калектыўны Пуцін”. Ці існуе “калектыўны Лукашэнка”?, 19.10.2007