Цытаты мінулага: “20 лістапада пачалася насыпка кургану Вечнай славы”

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 21 лістапада ў розныя гады мінулага.
“Беларуская крыніца” на гэтым тыдні 1927 году паведамляе: “На задушны дзень (2 лістапада) група Віленскага беларускага грамадзянства адведала магілы: К.Сваяка, А.Лавіцкага і Л.Кандратовіча. Асабліва цікава было пры магіле Сваяка, калі сабраныя пачалі пяяць беларускія песьні. Сабраўся тады натоўп польскага грамадзянства, які з зацікаўленьнем слухаў беларускіх сьпеваў... Да Беларусаў далучылася такжа група літоўцаў, якія хацелі аддаць чэсьць песьнярам братняга беларускага народу”.

“На 21-м кілямэтры магістралі Менск — Масква 20 лістапада пачалася насыпка кургану Вечнай славы, — інфармуе ў 1967 годзе “Знамя юности”. — Ён будуецца ў гонар воінаў і партызанаў, якія ў 1944 годзе разьбілі нямецка-фашыстоўскую групоўку арміяў “Цэнтар”... Пад гукі мэлёдыі песьні “Я люблю тебя, жизнь” бясконцым ланцужком узыходзяць людзі на вяршыню кургану. Там яны высыпаюць зямлю, якую прывезьлі з памятных месцаў рэспублік і гарадоў-герояў Масквы, Ленінграду, Валгаграду, Кіева, Севастопалю, Адэсы, крэпасьці-герою Берасьця”.

“Имя”, год 1997. Газэта піша: “Усясьветны дзень вітаньняў прайшоў цалкам незаўважна ў нашай краіне. Але гэтае сьвята адзначаецца 21 лістапада ад 1973 году. Ідэя ягонага правядзеньня зьявілася ў братоў Майкла і Браяна Маккормакаў з ЗША як рэакцыя на ўзмацненьне міжнароднай напружанасьці. Браты меркавалі, што простыя “Ні!”, “Tag!”, “Привет!”, “Салям!”, якія разьлятаюцца па ўсім сьвеце шматмільярдным накладам, хоць крыху адагрэюць кожнае чалавечае сэрца...”