“З Брэжневым у галаве. І праз 25 гадоў.”

Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ за 21 лістапада
Незалежная газэта «Вольнае Глыбокае» ў сёньняшнім нумары друкуе артыкул «На скрыжаваньні шляхоў». Гэта інтэрвію з новым настаяцелем мясцовага касьцёла і ягоным сьвятаром. Яны распачынаюць працу ў Глыбокім пасьля ад''езду на радзіму пробашча з Польшчы, кажа рэдактар выданьня Ўладзімер Скрабатун:

(Скрабатун : ) «Раней было дастаткова аднаго ксяндза, а зараз патрэбныя тры. І вось новы настаяцель паведамляе пра розныя свае пляны. Дарэчы адзін з ксяндзоў родам зь Ліды, ён малады і чытае «Нашу Ніву».

Рэлігійную тэму працягвае яшчэ адно незалежнае выданьне, газэта «Інфа-кур''ер» са Слуцку. У артыкуле «Неспатольны кубак» гаворыцца, што споўнілася 5 гадоў, як у мясцовай царкве вёскі Грэск каля Слуцка пачаў міраточыць абраз. Да такіх абразоў вернікі зьвяртаюцца ў малітве, калі просяць для блізкіх вызваленьня ад алькагалізму, паведамляе журналіст Алесь Дастанка:

(Дастанка : ) «Як гаворыць айцец Аляксандр – настаяцель гэтага мясцовага храму – п''яніцаў і залежных ад алькаголю меньш, канечне, ня стала, на жаль. Але ж вельмі шмат пілігрымаў працягваюць сюды ісьці і ехаць з усіх куткоў Беларусі, шукаючы паратунку ад алькагалізму».

Тыднёвік «Бабруйскі кур''ер» у сьвежым нумары зьмяшчае артыкул «З Брэжневым у галаве». Публікацыя прысьвечаная 25-гадавіне сьмерці Леаніда Брэжнева. Журналісты выйшлі на вуліцу, каб запытацца ў мінакоў, якія асацыяцыі ў іх выклікае эпоха Брэжнева і атрымалі досыць нечаканыя адказы, кажа журналіст Віктар Качан:

(Качан: ) «Шмат у каго тыя часы выклікалі добрыя ўзгадкі. Да прыкладу, заробак быў вышэйшы, жылося лепш. Зь ім зьвязвалі надзеі на лепшую будучыню. Будавалі камунізм, праўда так і не пабудавалі. Мы чакалі, але ня думалі, што ў людзей будзе гэтулькі настальгіі. Усё ж-такі спадзяваліся, што нехта ўзгадае і цэнзуру, і дэфіцыт тавараў. Але гэта, чамусьці, выветрылася з галоваў людзей».