У “Доме літаратара” – Юрась Жалезка, Павал Касьцюкевіч, Ганна Кісьліцына

Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 18 лістапада)
ЛІТПРАЦЭС

ЮРАСЬ ЖАЛЕЗКА: “КАРЛСАН ГАВОРЫЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ, ДЗЯКУЮЧЫ ПРЫВАТНЫМ ВЫДАЎЦАМ”

Група беларускіх інтэлектуалаў распачала выданьне ўсясьветнай дзіцячай клясыкі па-беларуску ў перакладах непасрэдна з арыгіналаў. Першаю кнігаю гэтага праекту сталася “Малы і Карлсан-з-даху”, якая выйшла ў недзяржаўным выдавецтве “Колас” напярэдадні стогадовага юбілею аўтаркі, знакамітае швэдзкае казачніцы Астрыд Ліндгрэн. Па-беларуску Карлсан загаварыў дзякуючы перакладчыку Юрасю Жалезку. Зь ім сустрэлася Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Скажыце, калі ласка, як узьнікла ў вас жаданьне перакласьці на беларускую мову кнігу Астрыд Ліндгрэн “Малы і Карлсан-з-даху”, ці мо гэта была замова нейкай выдавецкай групы вам, як чалавеку, які ведае швэдзкую мову?”

Юрась Жалезка: “Стварылася ініцыятыўная група беларускіх інтэлектуалаў, якія хочуць выдаваць лепшую дзіцячую літаратуру на беларускай мове ў якасных перакладах непасрэдна з арыгіналу. Яны мне і замовілі гэты пераклад”.

Аксак: “Ці правяралі вы ўжо свой беларускі пераклад на маленькіх слухачах ці чытачах?”

Жалезка: “Не, бо ён толькі што выйшаў з друку”.

Аксак: “Як вядома, ёсьць тры аповесьці пра Карлсана. Па-беларуску выйшла толькі адна. А як хутка беларускія дзеці будуць мець усе тры кнігі на роднай мове пра аднаго з самых любімых сваіх літаратурных пэрсанажаў?”

Жалезка: “Усе тры – ня ведаю, калі. Але праца над другой ужо распачатая”.

Аксак: “Да стагодзьдзя Астрыд Ліндгрэн на радзіме пісьменьніцы ладзіцца вельмі вялікая праграма, у тым ліку і нашымі калегамі зь беларускай рэдакцыі Радыё Швэцыя. Яны прыдумалі віктарыну для сваіх слухачоў і ў суботу падводзяць яе вынікі. Цікава, як адкажаце вы на некаторыя з пытаньняў гэтае віктарыны. Да прыкладу, на такое: “Што падштурхнула Астрыд Ліндгрэн да напісаньня кнігі “Піпі Доўгаяпанчоха”? Дарэчы, Пепі ці Піпі?”

Жалезка: “Па-швэдзку Піпі, але ў расейскіх перакладах устаялася форма Пепі. Правільна будзе ўсё ж Піпі. Што ж да пытаньня віктарыны, то я думаю, што Астрыд Ліндгрэн пісала розныя казкі для розных чытачоў. Я маю на ўвазе, што для хлопчыкаў – аповесьці пра Карлсана, а для дзяўчынак – пра Піпі”.

Аксак: “Вось мы гаварылі пра перакладныя формы імя Піпі, а ў назве кнігі пра Карлсана ў вашым перакладзе таксама не зусім звыклая форма – “Малы і Карлсан-з-даху”. Мы ж прывыклі да “Карлсана, які жыве на даху”, калі па-беларуску перакласьці зь вядомага расейскага варыянту...”

Жалезка: “Мой пераклад больш даслоўны, больш прамы. У расейскім перакладзе шмат пераробак, шмат расейскіх выразаў, а я імкнуўся захаваць перш за ўсё зьмест арыгіналу”.

Аксак: “А ці ня ўзьнікла ў вас ідэі стварыць беларуска-швэдзкі і швэдзка-беларускі слоўнік?”

Жалезка: “Мы ўжо зь Лявонам Баршчэўскім размаўлялі наконт гэтага, але праблема ў тым, што патэнцыйных карыстальнікаў падобным слоўнікам вельмі мала”.

Аксак: “Але, наколькі я ведаю, у Беларусі актыўна працуе Швэдзкі інстытут – у іх ці не пад трыста навучэнцаў на курсах швэдзкай мовы. Здаецца, гэтая мова робіцца папулярнаю у Беларусі?”

Жалезка: “Гэта так. І нядаўна ў Лінгвістычным унівэрсытэце пачалі выкладаць швэдзкую мову ў якасьці другой асноўнай. Прыяжджаў нават выкладаць прафэсар са Швэцыі”.

Аксак: “А якія кнігі Астрыд Ліндгрэн да вас перакладаліся на беларускую мову?”

Жалезка: “Усе нашы дзеці з Булербю” і “Браты Львінае Сэрца”, але апошняя перакладалася з ангельскай мовы. Гэткім чынам, мой пераклад непасрэдна з арыгіналу – другі ў Беларусі”.

Аксак: “Пераклад першае названае вамі кніжкі зроблены вашым рэдактарам Лявонам Баршчэўскім. І выдадзена яна ў 2000 годзе ў Вільні пры фінансавай падтрымцы газэты “Зальцбурскія навіны”. Беларускія дзяржаўныя выдавецтвы да гэтага часу так і ня выдалі беларускіх перакладаў Астрыд Ліндгрэн, зробленых з арыгіналу. Як вы лічыце, чаму?”

Жалезка: “Праблема ў тым, што ўвогуле цяпер нічога не выдаецца дзяржаўнымі выдавецтвамі па-беларуску. Толькі часам перадрукоўваецца клясыка тыпу “На ростанях” Коласа. Абвал поўны тут... Можа быць, гэта зьвязана зь фінансавымі праблемамі...”

Аксак: “А можа быць, дзяржаўныя выдавецтвы выконваюць негалосны загад дзяржаўных органаў, каб беларускія дзеці не чыталі па-беларуску, каб яны сусьветную клясыку чыталі па-расейску, бо ў Расеі такіх кніг выдаецца вельмі шмат?”

Жалезка: “І раней, у часы СССР, выходзіла вельмі мала перакладных кніг на беларускай мове, асабліва прамых перакладаў. Я аптыміст і лічу: добра, што хоць прыватныя асобы могуць цяпер выдаваць гэтыя кніжкі. Яны выдалі кнігу “Малы і Карлсан-з-даху” накладам дзьве тысячы асобнікаў. Я лічу, што гэта даволі вялікі наклад для сучаснай Беларусі, бо звычайна пераклады цяпер выходзяць накладам трыста-чатырыста асобнікаў. Таму гэты наклад добры. І я павінен згадаць чалавека, які выдаў кнігу пра Карлсана. Гэта выдавец Зьміцер Колас. Ён ужо выдаў каля дзесяці кніг прамых перакладаў на беларускую мову сучасных эўрапейскіх аўтараў. Таму добра, што ёсьць каму замяніць дзяржаўныя выдавецтвы”.

Аксак: “А ці патрапіць перакладзеная вамі кніжка ў продаж?”.

Жалезка: “Безумоўна, хутка яе можна будзе набыць у кнігарнях”.

АЎТАР І ТВОР

ПАВАЛ КАСЬЦЮКЕВІЧ: “ГЛЕДЗЯЧЫ ЗЬ ІЗРАІЛЮ, БЕЛАРУСЬ – ВЯЛІКАЯ КРАІНА”

Павал Касьцюкевіч нарадзіўся ў Менску, аднак ужо дзесяць гадоў жыве ў Ізраілі. Перакладзеная ім кніга апавяданьняў Этгара Керэта “Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам” стала першай ластаўкай у ізраільска-беларускім літаратурным сумоўі. Зборнік кароткай прозы Керэта (выдавецтва “Логвінаў”) не заляжаўся ў беларускіх кнігарнях, ён прыхільна ўспрыняты чытачамі і аўтарам, які нават зьбіраецца наведаць Беларусь. А пакуль тое – у Менск прыехаў перакладчык, зь якім сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Павал, як адчувае сябе – чыста геаграфічна – чалавек зь Беларусі ў Ізраілі? Мой аднаклясьнік працуе там машыністам цеплавозу, дык гаварыў – толькі разгонісься, а краіна закончылася”.

Павал Касьцюкевіч: “Так, сапраўды, у беларускай школе нас заўсёды вучылі, што Беларусь – маленькая краіна, што нас мала. Толькі прыехаўшы ў Ізраіль, я адчуў, што Беларусь – вялікая краіна. Асабліва калі прылятаеш у аэрапорт Менск-2, едзеш па дарозе на Менск і адчуваеш гэтыя занебакрайныя абшары, красу беларускай прыроды... Веліч Беларусі я зразумеў толькі на зямлі абяцанай. Можа быць, я гляджу на Беларусь праз ружовыя акуляры, але зямлёй абяцанай, у сэнсе – нязнанай, для мяне зьяўляецца хутчэй Беларусь. Бо Ізраіль – гэта для мяне краіна штодзённага жыцьця”.

Скобла: “Вы пераклалі на беларускую мову кнігу апавяданьняў сучаснага ізраільскага пісьменьніка Этгара Керэта “Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам”. Раскажыце пра гэтага аўтара: хто ён, наколькі ён папулярны ў сябе на радзіме?”

Касьцюкевіч: “Керэт – вельмі папулярны аўтар. Калі я дзесяць гадоў таму прыехаў у Ізраіль, моладзь парасьпісвала ўсе сьцены ў Тэль-Авіве назвай кнігі Керэта “Мая туга па Кісінджэры”. Я такога нідзе ня бачыў, каб літаратурным творам гэтак захаплялася моладзь. Звычайна, пішуць назвы рок-гуртоў... А тут ня рок-гурт, а пісьменьнік! Гэта мяне надзвычай уразіла. Папулярнасьць Керэта ў Ізраілі проста шалёная. Дарэчы, я нядаўна быў у гасьцях у бацькоў Керэта, і высьветлілася, што ягоны бацька нарадзіўся ў Баранавічах, быў там у гета. І, самае цікавае, сапраўднае прозьвішча Керэта (прынамсі, ягонага бацькі) – Крутавіцкі. Бацька з радасьцю прыняў кніжку сына па-беларуску, прачытаў. А маці Керэта з Польшчы, яна па-беларуску не чытае”.

Скобла: “Вы вызначаеце новае пакаленьне ізраільскай літаратуры трыма імёнамі: Керэт, Орлі Кастэль-Блюм і Узі Вайль. І дадаеце – пачну з Керэта. А чыімі творамі мяркуеце прадоўжыць беларуска-ізраільскае літаратурнае сумоўе?”

Касьцюкевіч: “Натуральна – Узі Вайлем, кніжку якога я нядаўна пераклаў. Гэты пісьменьнік мне найбольш да душы. Керэт усё ж больш для глянцавага ўжытку. А апавяданьні Узі Вайля можна пачытаць на самоце, паразважаць. Я цяпер шукаю выдаўца для Узі Вайля па-беларуску”.

Скобла: “Усе мовы на сьвеце ўзаемапранікальныя. Адны – больш, другія – менш, трэція – на ўзроўні адзінкавых выпадкаў. Ці шмат пазычаньняў зь іўрыту ў беларускай мове, і – наадварот?”

Касьцюкевіч: “Вядома, шмат. У беларускай мовы і іўрыту ёсьць агульная мова – ідыш. Ідыш шмат узяў зь іўрыту, а беларуская – зь ідышу, ці наадварот. Напрыклад, слова “хаўрус” паходзіць ад старажытна-габрэйскага “хаврут” (“сяброўства”). У ідышы “т” замяняецца на “с”, і ўжо з ідышу слова гэтае трапіла ў беларускую мову. Слова “хевра” па старажытна-габрэйску азначае “грамада”. Адсюль беларускае “хеўра”. Праўда, у беларускай мове гэтае слова набыло нэгатыўнае адценьне і стала азначаць шайку, банду. А слова “батлейка” (ад слова “Бэтлехем”, “Бэтлеем”) трапіла ў беларускую без пасярэдніцтва ідышу, гэта наўпроставае пазычаньне зь іўрыту”.

Скобла: “Паводле вашых словаў, Тэль-Авіў гульлівы, Ерусалім пыхлівы, Хайфа народная. А калі адным словам схарактарызаваць горад вашага маленства Менск – ён які?”

Касьцюкевіч: “Менск – прымхлівы. Ён ніяк ня можа адчуць, што ён – вялікі мэгаполіс. І прымхлівасьць яго ідзе ад забабону, што “Менск – вялікая вёска”. А Менск мае культурныя напластаваньні ХХ стагодзьдзя, ён можа шмат чаго цікавага нам распавесьці”.

Скобла: “Апошнім часам заўважна актывізаваліся ізраільска-беларускія культурныя дачыненьні, дзякуючы найперш амбасадару Ізраіля ў Беларусі спадару Зэеву Бен-Ар’е. Што бліжэйшым часам плянуецца?”

Касьцюкевіч: “11 сьнежня ізраільская амбасада ладзіць імпрэзу, прысьвечаную першаму перакладу твораў Васіля Быкава на іўрыт. Пераклад зрабіў спадар амбасадар. А яшчэ мы спадзяемся, што на менскі кніжны кірмаш у лютым прыедуць уласнымі пэрсонамі Этгар Керэт ды Ігар Губэрман – аўтар вядомых “гарыкаў”.

ЭТГАР КЕРЭТ. ШАЛЁНЫ КЛЕЙ

Яна сказала мне: «Пакладзі на месца!», а я запытаў: «А што гэта?» «Гэта клей, – адказала яна, – адмысловы клей, супэрклей». Я запытаў: «Навошта ты яго купіла?» «Ён мне патрэбны, – адказала. – Мне шмат чаго трэба прыклеіць». «Нам нічога ня трэба клеіць, – раззлаваўся я. – Не разумею, навошта ты купляеш усякую лухту». «З той жа прычыны, – гняўліва адказала яна, – зь якой ты ажаніўся са мною – каб прабавіць час». Я не жадаў пачынаць сваркі і замаўчаў. Яна таксама замаўчала. «А твой клей, ён добра клеіць?» – спытаў я. Яна паказала мне ўпакоўку, на якой быў намаляваны чалавек, што зьвісаў са столі дагары нагамі, пасьля таго як яму намазалі клеем падэшвы. «Няма такога клею, які можа ўтрымаць чалавека ў гэткай пазыцыі, – сказаў я. – Гэтага чалавека сфатаграфавалі дагары нагамі – насамрэч ён стаіць на падлозе. Яны проста ўваткнулі ў падлогу лямпу, каб падлога выглядала як столь. Гэта можна заўважыць па вакну – клямар на жалюзях заціснуты наадварот, бачыш?» – я паказаў пальцам на вакно з карцінкі. Яна туды нават не зірнула. «Ужо восьмая, – засьпяшаўся я, – усё, я пабег». Я схапіў партфэль ды даў ёй буську: «Вярнуся позна, бо...» «Ведаю, – перапыніла яна мяне, – звышурочныя...»

З офіса я патэлефанаваў Міхаль: «Сёньня я не змагу прыйсьці, – сказаў я, – мне трэба быць дома раней». «Чаму? – спытала Міхаль. – Штось здарылася?» «Не... Хаця так, здарылася. Здаецца, яна пачала падазраваць». На доўгі час запанавала ціша – я мог чуць яе дыханьне па той бок дроту. «Я ніяк не магу ўзяць да галавы, чаму ты па-ранейшаму зь ёй, – прашаптала нарэшце Міхаль, – вы ж нічым разам не займаецеся, нават пасварыцца і то ня можаце. Я проста не магу ўцяміць, зь якой прычыны вы не разыходзіцеся, што трымае вас разам. Я не разумею гэтага, – сказала яшчэ раз, – проста не разумею». I заплакала. «Ня плач, Міхаль, любая, – суцешыў я. – Слухай, – затым схлусіў, – тут да мяне зайшлі. Я буду заўтра – тады й пагаворым».

Дадому я вярнуўся рана. Зайшоўшы, павітаўся, але ніхто мне не адказаў. Я стаў хадзіць з пакою ў пакой. Яе нідзе не было. На кухонным стале я ўбачыў выціснуты дазваньня цюбік клею. Я паспрабаваў ссунуць адно з крэслаў, каб сесьці. Яно не зварухнулася. Я тузануў яшчэ раз. Ані на мілімэтар. Яна прыклеіла яго да падлогі. Лядоўня не адчынялася, і яе яна заклеіла. Я не разумею, навошта яна нарабіла гэтага глупства, яна заўсёды кантралявала сябе, ня ведаю, што зь ёй сталася. Я пайшоў у гасьцёўню патэлефанаваць. Мусіць, яна паехала да сваёй маці. Слухаўку падняць было немажліва – і яе яна прыклеіла. Я разьюшана выцяў нагой па журнальным століку і ледзь ня вывіхнуў нагу. Стол нават не зварухнуўся. Тады я пачуў ейны сьмех. Ён сыходзіў аднекуль зьверху. Я падняў галаву: яна зьвісала дагары нагамі, а яе босыя ступакі былі прыклееныя да высокай столі гасьцёўні. Я стаяў ашаломлены. «Гэй, ты што, ашалела?» – крыкнуў я. Яна адно ўсьміхнулася. Ейная ўсьмешка цяпер, у гэтай дагары нагамі паставе, падалася мне вельмі натуральнай, нібы вусны расплываліся адно ад сілы прыцяжэньня. «Ня бойся, зараз я здыму цябе», – сказаў я і пачаў даставаць кнігі з паліцы. Я нагрувасьціў адзін на адзін колькі тамоў энцыкляпэдыі і залез на іх. «Можа, будзе трохі балюча», – сказаў я, намагаючыся захаваць раўнавагу на верхатуры. Яна працягвала ўсьміхацца. Я тузануў з усяе моцы, але безвынікова. Потым асьцярожна зьлез з кніжнага стоса. «Ня бойся, – сказаў я, – я схаджу да суседзяў патэлефаную, папрашу помач». «Добра, – расьсьмяялася яна, – я пакуль што пабуду тут». Я таксама засьмяяўся. Яна была настолькі прыгожая і нелягічная ў гэтай позе дагары нагамі. Яе доўгія валасы струменіліся долу, ейныя грудзі нагадвалі пару кропляў, што сьцякалі пад белай трыкатажнай кофтай. Такая прыгожая. Я залез на кніжны стос і пацалаваў яе. Адчуў, як ейны язык дакранаецца да майго, як з-пад маіх ног сасьлізгаюць кнігі і як я лунаю ў паветры, трымаючыся толькі на ейных вуснах.

З мовы іўрыт пераклаў Павал КАСЬЦЮКЕВІЧ

КРЫТЫКА

ГАННА КІСЬЛІЦЫНА. ТАЛЕНТ ВІДАВОЧЦЫ

Алесь Кудрыцкі. Суд на Каляды. Сэрыя “Бібліятэка Наша Ніва”. 2007

Ведаю некалькіх сяброў, якія захоўваюць нумары “Нашай Нівы”. Захоўваюць даўно, з моманту яе аднаўленьня ў 1991 годзе… Пэўна, менавіта для іх і была задуманая сэрыя “Кнігарня Наша Ніва”. Цяпер пажоўклыя старонкі газэты мінулага стагодзьдзя маглі б быць замененыя на ладныя кніжачкі на добрай паперы. Аднак выхад ці ня кожнай зь іх абарочваецца расчараваньнем – мэханічна сабраныя пад адну вокладку матэрыялы не складаюцца ў падзею літаратурнага жыцьця.

Тое ж і з кнігай “Суд на Каляды” Алеся Кудрыцкага. Тут і жук, і жаба, і чорт, і баба: і Мілінкевіч, і Вальжына Морт, і Давыд-Гарадок, і Маёрка… Рэпартажы з футбольных матчаў і палітычных працэсаў, уражаньні ад Палесься і Нямеччыны, аналітыка і літаратурная крытыка, пададзеныя ў храналягічным парадку. Дзе ж тут літаратура, спытаеце вы? Паўсюль – адкажу вам я.

Сапраўды, у якім бы жанры ні працаваў Кудрыцкі, усё атрымліваецца ў яго бэлетрыстыкай. Напрыклад, эсэ “Жыцьцё з пасэкунднай тарыфікацыяй: беларус і мабільнік” – наш адказ гогалеўскаму “Шынялю”. Услухайцеся ў гэтую інтанацыю:

О, як выбіраюць сабе “трубку” тыя, хто насамрэч ня мае на яе грошай! Як яны сочаць за рэклямай новых тарыфных плянаў, чытаюць у газэце абвесткі аб продажы патрыманых мабільных ды рэгулярна набываюць глянцавыя часопісы, прагна разглядаючы формы недасягальных і ад таго яшчэ больш жаданых мадэляў.

Пра беларусаў з гэтага эсэ вы даведаецеся болей, чым пра мабільнікі, але як жа ладна яно скроена! “Трубка” – сымбаль сучаснага жыцьця – стала нагодай пагаварыць пра агульначалавечыя праблемы: адзіноту і кабетаў, лацінку і музыку, паўсядзённыя размовы і клопаты.

Чытаю і думаю: колькі чалавекалюбства ў гэтым юнаку! Зь нядаўняга часу мяне займае ідэя, што праблемы і непаразуменьні, якія назіраюцца цягам апошніх двух дзясяткаў гадоў паміж беларускімі пісьменьнікамі і чытачамі, зьвязаныя не ў апошнюю чаргу з тым, што аўтары хранічна ненавідзяць адрасатаў сваёй творчасьці. Паглядзіце, колькі пісьменьнікаў у сваіх інтэрвію наўпрост заяўляюць – а мне не цікава, падабаюся ці не, я пішу для сябе. І тут Кудрыцкі – проста бальзам на маю душу.

Як старанна перадае ён моўныя асаблівасьці гутаркі сваіх герояў, як дбайна адносіцца да дэталяў іх жыцьця! З аднолькавым энтузіязмам ён складае партрэты манумэнтальныя і дакумэнтальна-падрабязныя, тыпізуе і засяроджваецца на асабістым. Альбо сумяшчае гэта, як у эсэ “Стопард у Менску” ці “Спадар са Смургоняў”.

І ўсё ж найбольш уражваюць яго характарыстыкі палітычных лідэраў, пабудаваныя на аналізе іх маўленчай прэзэнтацыі. Мне не хацелася б, каб гэты таленавіты юнак, аўтар цудоўных дзіцячых твораў “Плястыляндыя” і “Вядзьмак Схаванага гораду”, стаў паліттэхнолягам, аднак, прызнаю – усе задаткі для гэтага ёсьць. Як і талент літаратурнага крытыка.

Кудрыцкі ў крытыцы – наогул, зьява знакавая для нашай культуры. Беларуская крытычная думка апошніх дзесяці-пятнаццаці гадоў раздражняла сваім пражэкцёрствам, сваёй несуаднесенасьцю з рэальнасьцю, безупыннай падменай таго, што маем, уяўленьнямі пра тое, як мае быць. Крытыцы не хапала грунтоўнасьці, пасьлядоўнасьці, шматбаковасьці… Што тут скажаш – яе крэсьлілі чырвоным алоўкам. Як стрэлкі на стратэгічнай мапе вайны за Беларусь. Зусім іншага ўзроўню развагі Кудрыцкага – хоць і тут не абышлося без палітыкі. Цытую яго артыкул “Сьцёб пад коксам”.

Нягледзячы на рэпрэсіі, мы ўжо даўно не баімся крытыкаваць уладу. А вось крытыкаваць сваіх яшчэ не навучыліся, увесь час вагаемся – абы не нашкодзіць. Мы лічым за справу гонару казаць у твар рэжыму тое, што мы пра яго думаем. Але ці здольныя мы рабіць тое самае ў адносінах да апазыцыі? Ці не баімся мы пасьмяяцца з апазыцыі – не абразьліва, а з густам? І ці гатовая апазыцыя пасьмяяцца сама зь сябе? Так, сьмех бывае брудным. Але сьмех можа таксама прынесьці ачышчэньне…

Кудрыцкі выказаў думку, якая даўно лунала ў паветры: беларуская мова – не індульгенцыя для слабога: для слабога палітыка, для слабога літаратара… Мы маем права і павінны хоць час ад часу судзіць адзін аднаго па гамбурскім рахунку, іначай патонем у хлусьні, разам з БТ і “Саўбелкай”. І таму без усякіх зьніжак на актуальнасьць яго матэрыялаў, зьвязаных з палітыкай, прызнаюся, што найбольшую радасьць я атрымала ўсё ж ад яго падарожных нататак – “Аранжавае мора”, “Аплядысмэнты для сонца” і “Сабака ў цяльняшцы”.

Апошні твор выдае ў ім мастака. Хуткай, але цьвёрдай лініяй вулічнага майстра, які спэцыялізуецца на шаржах, але пад настрой можа стварыць і паўнавартасны салённы партрэт, ён малюе дзевятнаццаць нямецкіх гарадоў за дзевятнаццаць хвілінаў. Атрымліваецца пераканальна.

У Гамбургу нават сабакі нараджаюцца ў цяльняшках.

Штутгарт падобны да Прагі, у якой скралі старое места.

Збалаванае дзіця багатых ды пэдантычных бацькоў рассыпала свае крышталёвыя кубікі – так і паўстаў сучасны Франкфурт.

Цягнікі на Кёльн прыбываюць наўпрост у Кёльнскі сабор. Прынамсі, вакзал здаецца ўсяго толькі ягоным прытворам. Горад – сярэднявечны Байканур ці мыс Канавэрал, а сабор – падвойная ракета, запушчаная ў нябёсы на пошукі найвышэйшага сэнсу.

У Алеся Кудрыцкага ня столькі парадаксальнае мысьленьне, колькі парадаксальныя слых (чаго вартая яго заўвага пра націскі на зычных!) і бачаньне. Ня ведаю, ці ўсе з вас ацэняць яго літаратурныя здольнасьці, але яго талент відавочцы – без усякага сумневу…