Якой будзе кампэнсацыя страчаных ільготаў для міліцыянтаў?

Алег Грузьдзіловіч, Менск Празь месяц уступіць у сілу закон, паводле якога страцяць ільготы шэраг катэгорый насельніцтва, у тым ліку вэтэраны, інваліды і міліцыянты. Што да апошніх, для іх ужо падрыхтаваная вельмі неблагая кампэнсацыя.
Урадавую пастанову, паводле якой міліцыянты атрымаюць кампэнсацыю за страчаную льготу ў выглядзе бясплатнага праезду, ужо падпісаў прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі. Выплаты будуць называцца кампэнсацыяй за выкарыстаньне службовага транспарту ў службовых мэтах. Кампэнсацыя прадугледжаная немалая: супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў, менскай гарадзкой ці абласной управы міліцыі можа разьлічваць на 150 даляраў штомесячнага дадатку да заробку, супрацоўнікі ўнутраных органаў раённага ўзроўню — на 130 даляраў дадатку, іншым выплацяць па 110 даляраў.

Назіральнікі ўжо падлічылі, што цяперашнія льготы абыходзіліся бюджэту куды таньней. Пакуль міліцыянты езьдзяць ў грамадзкім транспарце бясплатна, паказваючы кантралёрам службовыя пасьведчаньні. Пры сярэдніх коштах на праязныя 40 тысяч гэта азначае, што штомесяц транспартная льгота на кожнага міліцыянта складае 20 даляраў. Кампэнсацыя ж прапануе выплату як найменей ста даляраў. “Плаціць жа будуць ня ўсім, а толькі тым, хто выконвае службовыя заданьні”, -- заявілі мне ў прэсавай службе МУС, але дакладны мэханізм кампэнсацыі не патлумачылі. Кіраўнік прэсавай службы Кацярына Самусенкава-Шэлегава сказала, што ёй патрэбен час на вывучэньне дакумэнту, але пасьля яе тэлефон маўчаў.

Праваабаронца Гары Паганяйла мяркуе: чыноўнікі заўсёды знойдуць магчымасьць кампэнсаваць сабе пэўныя страты ад адмены льгот. Што да простага насельніцтва, менавіта зь яго кішэні будуць плаціць кампэнсацыю міліцыянтам:

“Савет міністраў распараджаецца ўласнасьцю Беларусі, у тым ліку і сабранымі падаткамі ў выглядзе бюджэту. Зь якіх меркаваньняў ён дасьць такую кампэнсацыю праваахоўным органам? Бо, як кажуць, на іх штыках трымаецца сёньняшні рэжым”.