МЗС Беларусі: “Наша краіна клапоціцца пра сваю бясьпеку ў новых умовах”

Уладзімер Глод, Менск Ці можна ўспрымаць пастаўку расейскіх ракетных комплексаў “Іскандэр” у Беларусь як адказ на спробы ЗША разьмясьціць у некалькіх эўрапейскіх краінах элемэнты сыстэмы ПРА?
Гэтае пытаньне задалі сёньня падчас брыфінгу ў МЗС прэсаваму сакратару міністэрства Андрэю Папову.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі адказаў:

“Дастаткова прадуктыўнае і ўзаемавыгаднае вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Расеяй існуе даволі працяглы час. І тут няма абсалютна ніякага сакрэту.

Мы маем намер і далей разьвіваць гэтае супрацоўніцтва, паколькі яно зьяўляецца адной са спосабаў захаваньня нацыянальнай бясьпекі нашай краіны.

Што тычыцца нашай пазыцыі наконт разгортваньня сыстэмы ПРА ў Эўропе, дык яе агучвалі неаднаразова, у тым ліку і на найвышэйшым узроўні. Наша краіна ня бачыць абсалютна ніякіх аб’ектыўных нагодаў і прычынаў для разгортваньня такіх сыстэмаў у Эўропе.

І, натуральна, што як любая дзяржава, якая клапоціцца аб сваёй бясьпецы, мы таксама будзем захоўваць сваю бясьпеку ў гэтых новых умовах.

Натуральна, што мы будзем рабіць гэта адпаведна нашай вайсковай дактрыне, якая, хачу нагадаць яшчэ раз, носіць выключна абарончы характар”.

• Расейскія ракеты будуць пастаўленыя ў Беларусь, 14.11.2007