Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае філёзаф Валянцін Акудовіч. Эфір 15 лістапада 2007 году.
“Прэзыдэнт вялікай Літоўскай дзяржавы, якая разьлеглася ад Балтыйскага да Чорнага мора, сёньня праігнараваў сваю сталую звычку пачынаць дзень з уключэньня кампутара. Зачыніўшы дзьверы кабінэта, ён адразу падышоў да бурштынавай паліцы, на якой пад шклом стаяла карона Вітаўта Вялікага. Здаецца, пасьля свайго абраньня, калі ўпершыню зайшоў у прэзыдэнцкія апартамэнты, ён болей і не зьвяртаў ўвагі на гэты архаічны сымбаль улады. Але ўчора на ноч жонка змусіла яго пачытаць бэстсэлер маладога аўтара, пра які пісалі ва ўсіх газэтах…
“Дзіўныя фантазіі часам здараюцца ў гэтых пісьменьнікаў, --думаў прэзыдэнт, гартаючы старонку за старонкай.—Асабліва ў наш час, калі ніхто не забараняе вярзьці што захочаш”.
Аўтар пачаў раман з таго, што калі Вітаўту везьлі карону праз Польшчу, дык там яе скралі. Далей – болей. Ён выдумаў, што маскоўцы захапілі і скасавалі Вялікае Княства Літоўскае. Гэтага зьдзеку прэзыдэнт ужо ня вытрымаў. Ён кінуў кнігу на падлогу і раззлавана сказаў жонцы: “Ды што ён вярзе? Каб добра захацеў, дык маскоўцаў яшчэ б Альгерд усіх панішчыў”. Але пасьля супакоіўся і з посьмехам пачаў чытаць раман далей, дзе ўсё было зусім інакш. У аўтара Літва сёньня была маленькай правінцыйнай краінай, якая дзяліла былую тэрыторыю вялікай Літоўскай імпэрыі зь яшчэ дзьвюма краінамі, што мелі зусім недарэчныя назвы: Беларусь і Ўкраіна. Да таго ж там чамусьці размаўлялі на маскоўскай мове і карысталіся кірыліцай.
“Шмат п’юць гэтыя пісьменьнікі”, -- сказаў прэзыдэнт жонцы і далей чытаць ня стаў. Але сёньня, калі трымаў карону ў руках, яму падумалася: “А што было б, калі б карону сапраўды не давезьлі да Вітаўта”? І яму раптам зрабілася вусьцішна…”
Менск, 15 лістапада дзьве тысячы нейкага году. З выдуманак філёзафа Валянціна Акудовіча”.
Вячаслаў Ракіцкі: “У менскай студыі без бар’ераў мы гутарым зь філёзафам Валянцінам Акудовічам. Спадар Валянцін, напэўна, бальшыня нашых слухачоў збольшага ўяўляюць тыя незьлічоныя страты, што цягам гісторыі панесла Беларусь. Штосьці ў беларусаў скралі чужынцы, штосьці яны самі аддалі з прычыны сваёй абыякавасьці. І сярод згубленага, скрадзенага нямала каштоўнасьцяў, якія маюць вымярэньне знакавае, сымбалічнае. Тая ж карона Вітаўта зьяўляецца нечым большым, чым творам мастацтва. Чаму яна аж да сёньня выклікае рэфлексіі ў палітыкаў, гісторыкаў, філёзафаў, пісьменьнікаў?”
Валянцін Акудовіч: “Таму што яна з шэрагу тых каштоўнасьцяў, адсутнасьць якіх радыкальна паўплывала на наш гістарычны лёс і на фармаваньне нацыі. Сюжэт пра зьнікненьне каралеўскай кароны Вітаўта добра вядомы, і таму паўторым яго адно ў некалькіх словах. Калі карону з усімі належнымі граматамі везьлі праз Польшчу, яна там зьнікла. Дагэтуль ніхто ня ведае імёнаў злодзеяў. Але, як кажуць, факт застаецца фактам: карону скралі”.
Ракіцкі: “І з гэтага Вітаўт сышоў на той сьвет не каралём, а толькі князем, а ягоная краіна так ніколі і не зрабілася каралеўствам. А калі б усё склалася так, як марыў і плянаваў Вітаўт, дык што б гэта зьмяніла?”
Акудовіч: “На тую пару Вітаўт быў ужо пажылым чалавекам і да таго ж ня меў нашчадкаў. А значыць, пасьля ягонай сьмерці за карону ўсчалася б жорсткая бойка. Ня станем гадаць, хто зь гіпатэтычных прэтэндэнтаў меў болей шанцаў на перамогу, бо тады мы цалкам абрынемся ў жанр фэнтэзі. Адзначым для нас больш істотнае. Вялікае Княства Літоўскае, стаўшы Літоўскім каралеўствам, ужо не акрайчыкам, а ўсім сваім масівам апынулася б у лацінскай цывілізацыі, і працэсы эўраінтэграцыі, кажучы сучаснай мовай, зрабіліся б на нашых землях куды больш інтэнсіўнымі ды сыстэмнымі. А значыць і ўся хада геапалітычных падзеяў у гэтым рэгіёне набыла б іншую лёгіку”.
Ракіцкі: “Былі варыянты?”
Акудовіч: “Варыянтаў было шмат. І сярод іх я не выключаў бы і такі, у якім мы сталі б нагадваць Польшчу, гэта значыць славянскі народ з лацінскай культурай. Інакш кажучы, мы былі б эўрапейцамі ня толькі геаграфічна і гістарычна, але і цывілізацыйна”.
Ракіцкі: “Дарэчы, у адным з сваіх эсэ вы параўналі каралеўскую карону Вітаўта з нобэлеўскай прэміяй Васіля Быкава у тым сэнсе, што апошнюю у беларусаў таксама скралі. Ці не залішне рызыкоўная тэза?”
Акудовіч: “Ня толькі рызыкоўная, а проста авантурная. Ужо хаця б таму, што працэдура гэтай узнагароды абсалютна закрытая. І ніхто ніколі ня ведае, чаму яе адным даюць, а іншых, відавочна, больш годных, абмінаюць увагай. Разам з тым я ніяк не магу пазбавіцца адчуваньня, што Васіль Быкаў застаўся бяз прэміі Нобэля зусім не з таго, што ня быў варты гэтай прэміі. І хай сабе мая інтуіцыя выглядае больш чым сумнеўнай, але мне выразна ўяўляецца, што нейкім сілам моцна не жадалася, каб Беларусь мела нобэлеўскага ляўрэата і тым болей, каб ім стаўся Васіль Быкаў. Бо гэта азначала б ня толькі ўсясьветнае прызнаньне ўсёй беларускай літаратуры і той мовы, на якой яна ствараецца, але і легітымацыю беларусаў як паўнавартаснай нацыі”.
Ракіцкі: “Што яшчэ з сымбаляў нацыі было скрадзена ў беларусаў?”
Акудовіч: “Сярод шматлікага іншага я б перадусім вылучыў скрадзеныя этнонімы нашых продкаў, а менавіта “ліцьвіны” і “русіны”. На першым зь іх паўстала Літва, на другім маскоўцы заманіфэставалі Расею. А мы засталіся ўвогуле ні з чым і таму доўгі час былі змушаныя называць сябе “тутэйшымі”, пакуль у 19 стагодзьдзі нам не прышчапілі гэтае бюракратычна-паэтычнае найменьне Беларусь. Мы зь ім звыкліся, і нам яно нават падаецца прыгожым, але ня будзем забывацца, што гэтым паэтычным канцылярытам нас адсеклі ад нашай гісторыі. І цяпер кожны раз, зазіраючы ў мінуўшчыну, мы мусім займацца рознымі маніпуляцыямі, каб зьвязаць падзеі былога зь цяперашняй Беларусьсю. Згадаем хаця б “Біблію” Францішка Скарыны, выкладзеную мовай, якую ён сам называў “рускім языком”. Паспрабуй патлумач сёньня ня лішне адукаванаму беларусу, а тым болей замежніку, што гэты “рускі язык” меў ня шмат агульнага з тагачаснай мовай маскоўцаў, а рускі чалавек той пары ў сучаснай мове называецца беларусам ці украінцам”.
Ракіцкі: “Якога з гэтых двух страчаных этнонімаў вам найболей шкада? Зь якім, на ваш погляд, беларусам жылося б і болей шчасьліва, і болей культурна, і болей заможна?”
Акудовіч: “Шкада абодвух, бо кожны зь іх выказваў сваю этнічную праўду тых нашых продкаў, што ў розныя часы жылі на гэтых землях. Разам з тым, ні адзін зь іх паасобку не ахопліваў і час, і прастору нашых продкаў напоўніцу. Этнонім “ліцьвіны” як бы пакідаў за сваімі абсягамі больш раньнюю гісторыю, перадусім гісторыю Полацкага княства. Як і наадварот: зьзяе непаўнатой і этнонім з коранем “рус”, асабліва калі гаворка ідзе пра заходнія абшары нашага краю. І таму няцяжка зразумець Вацлава Ластоўскага ды ягоных пасьлядоўнікаў, якія ўжо амаль стагодзьдзе намагаюцца замацаваць за Беларусьсю назоў “Крыўе”, а беларусаў перайменаваць у “крывічоў”. Тэарэтычна гэта ідэя выглядае досыць прывабна, бо на нашых землях крывічы папярэднічалі і ліцьвінам, і русінам, і таму этнонім “крывы” як бы здымае спрэчку паміж імі. Да таго ж ён надае беларусам гістарычную вершнасьць у рэгіёне, паколькі наўпрост зьвязвае нашы этнічныя пачаткі з глыбінямі паганскіх тысячагодзьдзяў. Але ў рэальнасьці, здаецца, адэпты “крыўскай” ідэі ня маюць ніякіх шанцаў пабачыць яе сымбалі на штандарах нацыі. Быць, заставацца нам і надалей беларусамі, нягледзячы на ўсе тыя страты, якімі абцяжарыў нас гэты этнонім”.
Ракіцкі: “Беларусы кажуць: “Хоць канём назаві, адно ў аглоблі не запрагай”. Гэтая няхітрая прымаўка, верагодна, паўстала зь нейкіх канкрэтных сытуацыяў, але разам з тым ці не дэманструе яна абыякавасьць беларусаў і да таго, кім іх будуць называць: крывічамі, ліцьвінамі, русінамі ці некім яшчэ?”
Акудовіч: “Калі гэта насамрэч так, дык беларусы тут моцна хібяць. Сымбалічныя каштоўнасьці значна даражэйшыя за хоць якія матэрыяльныя. Перахапіўшы этнонім “літва”, літоўцы змаглі перапісаць на сябе ўсю багатую спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. І менавіта праз гэту спадчыну яны сёньня ня толькі сфармаваныя як нацыя, але і атуленыя ад злыбяды гісторыі Эўразьвязам. Зь іншага боку, замацаваўшы за сабой этнонім “Русь”, маскоўцы займелі усе падставы патрабаваць сабе нашы землі, як “исконно русские”. Дарэчы, назваўшы нас “исконно русскими”, яны ў пэўным сэнсе мелі рацыю. Але праблема ў тым, што самі маскоўцы такімі якраз і не былі. Калі да каго гэтае азначэньне і можа быць больш-менш адэкватна дапасаваным, дык гэта да ўкраінцаў”.
Ракіцкі: “Атрымліваецца, што маскоўцы, спачатку абабраўшы беларусаў на адзін зь іх крэўных этнонімаў, а затым захапіўшы беларускія землі, вызвалілі іх ад саміх сябе?”
Акудовіч: “Менавіта так. Праўда, у дэклярацыях яны вызвалялі нас не ад саміх сябе, а ад прыгнёту польскіх ды літоўскіх паноў, якія быццам трымалі тамтэйшых рускіх у няволі. Але пасьля гэтага іхняга вызваленьня мы яшчэ і сёньня шукаем сябе і ў часе, і ў прасторы. Дарэчы, гэткі ж падыход да гісторыі беларусаў застаўся і пры бальшавіках, якія адно дадалі да яго яшчэ вызваленьне беларусаў ад “гнёту расейскага царызму”.
Ракіцкі: “А што больш цікавіла бальшавікоў – матэрыяльныя ці сымбалічныя каштоўнасьці? Чаго яны больш накралі?”
Акудовіч: “Бальшавікі нічога ні ў каго ня кралі. Яны проста забіралі ўсё, што ім было патрэбна, каб перарабіць цэлы сьвет на свой капыл. На іхняй мове гэта называлася экспрапрыяцыяй. І пад яе аднолькава падпадалі як матэрыяльныя, так і сымбалічныя каштоўнасьці. Але адну вельмі важную для нас рэч яны ўсё ж менавіта скралі. Тут я маю на ўвазе крыж Эўфрасіньні Полацкай. Гэтая гісторыя ня менш цьмяная, чым зьнікненьне кароны Вітаўта Вялікага. Аднак незалежна ад таго, дзе і ў каго крыж сёньня знаходзіцца, ён быў брутальна скрадзены, і вінаватая ў гэтым бальшавіцкая ўлада. Дарэчы, у адрозьненьне ад папярэдне згаданых сымбалічных каштоўнасьцяў, страта крыжа Эўфрасіньні Полацкай канцэптуальна ў лёсе беларусаў, здаецца, нічога не зьмяніла. Але асабіста мне яго чамусьці шкада, як мала чаго яшчэ. Можа таму, што сярод сымбалічных толькі містычныя каштоўнасьці лучаць нас з трансцэндэнтным. І калі гэтая лучва абрываецца, мы застаемся бязь неба над галавой”.
Ракіцкі: “А цяпер давайце ўявім, што ўсё беларускае засталося зь беларусамі: і карона Вітаўта, і іх вызначальныя этнонімы, і шмат-шмат чаго яшчэ, не згаданага ў гэтай гаворцы. Дык што б тады было?”
Акудовіч: “Найперш не было б нас з вамі, Вячаслаў, і мы цяпер не сядзелі б у студыі, разважаючы над нашымі стратамі. Не было б ужо хаця б таму, што тады не было б ніякай Беларусі і ніякіх беларусаў. Бо бяз гэтых стратаў гістарычныя шляхі нашых продкаў склалі б цалкам іншую геапалітычную канфігурацыю, зь якой вынікалі б ужо іншыя войны, паразы, перамогі. І хаця ў асноўным ня толькі сьвет, але нават і Эўропа ад гэтага наўрад ці істотна зьмяніліся б, але на нашых землях усё было б усюды ня так, як ёсьць сёньня”.
Ракіцкі: “Дык што, беларусам і ня трэба шкадаваць аб гэтых стратах?”
Акудовіч: “Шкадаваць можа і трэба, разам з тым неабходна ясна ўсьведамляць, што як нацыя, так і асобны чалавек, гэта -- плён і вынік ня толькі набыткаў, але і стратаў. І мы на белым сьвеце сёньня ёсьць такія, якія мы ёсьць, толькі таму, што гісторыя нашых продкаў склалася менавіта гэткім чынам, а ня іншым”.