“Нам баліць душа ад таго, што ў Лондане і Нью-Йорку пануюць вечныя туманы”

Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 15 лістапада ў розныя гады мінулага.
“Рабочий” у 1927 годзе піша: “Азнаёміўшыся з апошнімі выступамі трацкісцкай апазыцыі ў Маскве й Ленінградзе ў дзень 10-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, агульны сход ячэйкі КП(б)Б Менскай гарадзкой рэзьні і хладбуду лічыць, што гэты выступ зьяўляецца яўна антысавецкім, накіраваным на падрыў дыктатуры пралетарыяту і паказвае, што лідэры трацкісцкай апазыцыі канчаткова парвалі з партыяй. Сход ячэйкі цалкам далучаецца да пастановы ЦК і АК КП(б)Б аб выключэньні з партыі лідэраў апазыцыі...”

На старонках “ЛіМу” ў 1947 годзе Еўсьцігней Міровіч выказваецца: “Мы слухалі даклад тав.Молатава, і нам здавалася, што гэта гучыць песня нашаму слаўнаму трыццацігоддзю. Мы заўсёды з’яўляліся і з’яўляемся нястомнымі барацьбітамі за мір. Хай наша дзяржаўная граніца праходзіць каля Брэста, але для нашых чалавечых пачуццяў граніцы няма. Нам баліць душа ад таго, што ў Грэцыі манархісты распраўляюцца са змагарамі за свабоду, што ў Інданезіі гараць вёскі і гінуць мірныя жыхары, што ў Лондане і Нью-Йорку пануюць вечныя туманы”.

На старонках газэты “Имя” на гэтым тыдні 1997 году Віктар Шалкевіч тлумачыць, чаму ён падпісаў “Хартыю-97”: “У школе мяне вучылі актыўна выказваць уласную грамадзянскую пазыцыю, вось я і імкнуся паводзіць сябе так, як вучылі ў школе. Мяне спыталі: ці згодны ты з ідэямі, выкладзенымі ў “Хартыі”? Я адказаў “так” і падпісаў яе тэкст. У гэтым няма подзьвігу, у гэтым няма ўчынку — гэта ўсяго толькі звычайнае жаданьне сказаць тое, што думаеш... Прачытаўшы подпісы, я зразумеў, што людзі далучыліся да “Хартыі” не з пачуцьця выгады, а толькі таму, што выкладзеныя ў ёй думкі цалкам супалі зь іхнымі думкамі”.