Дар’я Ліс: “З Калымы нам даслалі сухарыкі… Дзякаваць за тое? Не!”

Аляксандар Уліцёнак, Менск Чарговы тыдзень у пятніцу галоўную тэму нашай праграмы будзе вызначаць грамадзкі рэдактар “Свабоды”. На гэтым тыдні грамадзкая рэдактарка – 26-гадовая Дар’я Ліс зь мястэчка Залесьсе Смаргонскага раёну. Сярод абавязкаў Дар''і Ліс – вызначэньне найлепшых матэрыялаў, што гучалі ў эфіры “Свабоды” і былі апублікаваныя на нашым сайце. Некалькі разоў Дар’я назвала рэпартажы, якія закраналі тэму сталінскіх рэпрэсіяў. Адкуль у маладой дзяўчыны такая цікавасьць да тых падзеяў?
Ліс: “У майго прадзеда – Міхаіла Жыбінскага – рэпрэсавалі сына, Мікалая. Ён быў просты вясковы хлопец, працаваў на чыгунцы.

Данос на яго напісалі аднавяскоўцы, якіх хацелі адправіць на поўнач. Нейкі начальнік кінуў ім: “А вунь на таго зь ягонымі сябрукамі паведаміце – будуць вам заменай…”

У выніку праз Маладэчанскую турму Міхаіл Жыбінскі разам зь яшчэ двума аднавяскоўцамі апынуўся ў Магадане. Яны выжылі. А наш дзед Мікалай памёр ад тыфу.

Хворых накіроўвалі ў тыфозны барак, а потым скідвалі ў яміну. Нават без абазначэньня прозьвішча. Бязь нейкіх пазнак.

У 1960-х у сям’ю даслалі паперку: рэабілітаваны ваш Мікалай. Дрэнная паперка, на дрэннай такой паперы… Гэты дакумэнт у сям’і захоўваецца і сёньня. Толькі нам не лягчэй ад той нібыта справядлівасьці…

Мае прадзед з прабабуляй шмат пісалі, зьвярталіся ў розныя інстанцыі, спрабавалі даслаць сыну, якога лічылі жывым, нейкія пасылкі. І адну пасылку вярнулі пасьля вайны. Там былі сухарыкі – больш перадаць нічога не дазволілі. Яны, аказваецца, блукалі некалькі гадоў немаведама дзе, засталіся толькі крошкі…

І яшчэ адна гісторыя з нашай сям’і.

Бацька маёй маці пасьля таго ўжо, як рэпрэсавалі ягонага брата, трапіў на вайну. Трапіў у палон, апынуўся ў лягеры. Здаецца, пад Вялейкай. Тады многія вяскоўцы забіралі адтуль сваякоў і проста чужых людзей нібыта для працы. Так і дзядулю ўдалося выратаваць свайго другога сына.

Ён далей практычна ўсё жыцьцё адпрацаваў кавалём на чыгунцы. Хоць зь дзяцінства марыў стаць машыністам.

Толькі – не дазволілі. “Чаму?” – пытаецца. “Дык ты ж у палоне быў! Якое там вучыцца”, – адказваюць. Такая справядлівасьць…

Зразумела ж, мае бацькі, я зь сястрой ведаем гэтыя сямейныя гісторыі. Мама з татам людзі талерантныя, спакойныя. А я, калі шчыра, напэўна, за закон аб люстрацыі. Таму што многія рэчы грамадзтвам даруюцца, а даравацца не павінны. Лічу, што імёны сталінскіх злачынцаў мусяць быць названыя.

Каб не паўтараліся такія вось сямейныя гісторыі і такая вось гісторыя нацыянальная”.

• Дар’я Ліс: “Беларускія школы стануць беларускамоўнымі”, 14.10.2007 • Дар’я Ліс: “Адсутнасьць выбару – апрыёры нэгатыў”, 13.10.2007 • Дар’я Ліс: “Агінскі парадаваўся б за дзяцей…”, 12.10.2007 • Грамадзкі рэдактар тыдня – Дар’я Ліс, 11.10.2007

Найцікавейшыя матэрыялы серады на сайце svaboda.org паводле Дар’і Ліс:

Вянок памяці: Цімох Вострыкаў Мастакі пачалі кампанію ў абарону спадчыны Альфрэда Ромэра Апошнія гадзіны “Свабоды”: госьць – Аляксандар Кулінковіч “Па-беларуску чытаць пра Карлсана цікавей” Давід Какабадзэ: “Тое, што паказваюць расейскія тэлеканалы, не адпавядае становішчу”