Беларусаў пазнаёмяць з "Царом Эдыпам" Стравінскага

Юлія Шарова, Менск 13 лістапада ў Менску выканаюць опэру-араторыю Ігара Стравінскага “Цар Эдып”. Пастаноўку ажыцьцявіў хор, аркестар і салісты Беларускай опэры пад кіраўніцтвам галоўнага дырыгента тэатру Віктара Пласкіны. Гэта будзе канцэртнае выкананьне на сцэне Белдзяржфілярмоніі. Адметнасьць падзеі ў тым, што на беларускай сцэне “Цара Эдыпа” граюць упершыню.
Пастаноўку “Цара Эдыпа” прымеркавалі да 125-годзьдзя Ігара Стравінскага – кампазытара, якога немагчыма ўціснуць ні ў якія стылёвыя рамкі ці дакладна суаднесьці з культурай пэўнага народу. Апавядае дырыгент-пастаноўшчык Віктар Пласкіна:

“Французы яго лічаць сваім кампазытарам, бэльгійцы – сваім. А фактычна гэта гадаванец Рымскага-Корсакава, гадаванец Лядава, Кюі, які вельмі дасьціпна й вельмі яскрава ўвасобіў усе найлепшыя расейскія традыцыі ў сваіх творах”.

Бацька кампазытара Фёдар Стравінскі нарадзіўся ў маёнтку Новы двор пад Рэчыцай і належаў да старога шляхецкага роду гербу “Суліма”. Скончыў Мазырскую шляхецкую вучэльню й пазьней стаў салістам Марыінскага тэатру. Сам кампазытар нарадзіўся ў Араніенбаўме каля Санкт-Пецярбургу, памёр у Нью-Ёрку, але быў пахаваны ў Вэнэцыі.

“Цар Эдып” – адзін з эклектычных твораў Стравінскага. Лібрэта паводле антычнага міту пра “цара, які сам ёсьць забойцам цара” напісана на лаціне – гэтую дакладную і ўпарадкаваную мову кампазытар лічыў сакральнай мовай рытуалу, якая дазваляла аб’ектыўна, без залішняга патасу адлюстраваць галоўную тэму антычнай трагедыі: герой бесьсьвядома парушыў правілы і яго карае ананкэ.

Пра сваю працу над галоўнай партыяй у “Цары Эдыпе” апавядае саліст Беларускай опэры Янаш Нялепа:

Нялепа: “Цікава й складана, бо асоба Эдіпа, як гэта зашыфравана ў нотах у кампазытара, вельмі багатая ўнутрана. Вельмі супярэчлівы вобраз Эдыпа. З аднаго боку ён зычыць шчасьця свайму народу, хоча пазбавіць горад страшнай хваробы, бо чума паразіла Фівы. Зь іншага боку, ён робіцца закладнікам абставінаў”.

Опэру-араторыю для пастаноўкі ў Менску абралі яшчэ й з тае прычыны, што гэта практычна невядомы для беларускай публікі твор, у адрозьненьні ад “Пятрушкі” і “Жар-птушкі”. Дырыгент Віктар Пласкіна лічыць, што мы ведаем толькі пяць адсоткаў творчай спадчыны Ігара Стравінскага.

Разам з “Царом Эдыпам” у канцэрце прагучыць таксама Трэцяя сымфонія Сяргея Рахманінава, апошняга рамантычнага кампазытара. Лёс гэтага кампазытара ў нечым падобны да лёсу Стравінскага – абодва пасьля рэвалюцыі 1917 году эмігравалі. Аднак Рахманінаў іначай перажываў ад’езд з Расеі. Працягвае Віктар Пласкіна:

Пласкіна: “Рахманінаў глыбока пакутваў з прычыны таго, што ён не жыве на радзіме – пра гэта мы ведаем. Але ён яшчэ глыбей пакутваў з прычыны таго, што ён ня можа сапраўды займацца музыкай. Ён вельмі мала пісаў, бо ён быў настолькі заняты зарабленьнем на жыцьцё. Ён пісаў у сваіх лістах, што ён ужо ненавідзіць граць, у яго хворыя рукі”.

Двух розных кампазытараў злучылі ў адным канцэрце невыпадкова, тлумачыць Віктар Пласкіна: інтэлектуалізм музыкі Стравінскага павінен ураўнаважыцца эмацыйнасьцю Рахманінава.

“Мэсія” вярнуўся на беларускую канцэртную сцэну, 5.10.2007 Беларуская філярмонія шукае тэнара, 12.09.2007