Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 11 лістапада)
У польскім мястэчку Тэкоцін на замову спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат” закончыліся здымкі мастацкага фільму паводле трагікамэдыі Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Цяпер ідзе мантаж дзьвюхгадзіннай стужкі. Сёньня госьць “Вольнай студыі” – рэжысэр новай кінавэрсіі “Тутэйшых” Валеры Мазынскі.
“На спэктакль “Тутэйшыя” людзі ходзяць як на маніфэстацыю”
Міхась Скобла: “Спадар Валеры, “Тутэйшыя” тройчы ставіліся на тэатральнай сцэне, паводле трагікамэдыі ўжо быў зьняты мастацкі фільм (рэжысэр А. Панамароў). Як узьнікла ідэя яшчэ раз экранізаваць гэты твор?”
Валеры Мазынскі: “Ідэя зьявілася з тае прычыны, што “Тутэйшых” няма нідзе – ні на сцэне, ні на экране. Як яны ўзьніклі ў свой час, так яны – і спэктакль, і фільм – у наш час і зьніклі. “Тутэйшыя” ў пастаноўцы Пінігіна сталі ўжо ня проста спэктаклем, а нейкім маніфэстам. Час ад часу мне сябры кажуць: “Чуў? “Тутэйшыя” ідуць. Пайшлі!” І ідуць людзі, пяты ці дзясяты раз гатовыя глядзець гэты спэктакль. Прычым, ідуць, як на мітынг, як на маніфэстацыю.
Ідэя экранізацыі “Тутэйшых” узьнікла, як ні дзіўна, у Польшчы. Прапанова паступіла ад Дарыюша Шады, што мяне вельмі зьдзівіла, я не чакаў, што мне прапануюць здымаць кіно. І напачатку я ледзь не адмовіўся, паколькі быў зусім не гатовы да гэтай дзеі. Але потым згадзіўся”.
“Беларускае кіно можна рабіць толькі зь беларускімі акторамі”
Скобла: “На Купалаўскай сцэне ў “Тутэйшых” занятая цэлая кагорта выдатных актораў – Віктар Манаеў, Марыя Захарэвіч, Зоя Белахвосьцік… А хто здымаўся ў вашым фільме?”
Мазынскі: “Ролю Мікіты Зноска выканаў Павал Харланчук (якога звольнілі з Расейскага тэатру). Вядомы актор Анатоль Кот сыграў Янку Здольніка, Алена Іваньнікава выканала ролю Ганулі – маці Мікіты, Алег Гарбуз – Сьпічыні, Жэня Жуковіч – сыграла Аленку, Валеры Шушкевіч – старога Гарошку, Мікола Рабычын – Спраўніка. Насту Пабягунскую сыграла Вольга Лужкоўская (гэта таксама мая вучаніца, яна цяпер жыве пад Варшавай). У фільме занятыя і польскія акторы зь Беластоцкага тэатру. Але асноўная каманда – нашы акторы. І гэта была мая ўмова. Калі б мне прапанавалі іншых актораў, я б ня ўзяўся за пастаноўку. Я перакананы – беларускае кіно можна рабіць толькі зь беларускімі акторамі. Хопіць ім ляжаць у балоце ды іграць партызанскія масоўкі”.
“Мы ў фільме іранізуем над абыватальскім разуменьнем свабоды – у нас народ паўсюль есьць семачкі”
Скобла: “Самая вядомая тэатральная пастаноўка “Тутэйшых” зробленая Мікалаем Пінігіным сямнаццаць гадоў таму. Яна, дарэчы, і сёньня ў рэпэртуары Купалаўскага тэатру, толькі паказваюць яе ўсё радзей і радзей. Пінігін трохі “абкарыкатурыў” вобраз Янкі Здольніка, у Купалы гэтага няма. А чым ваша трактоўка “Тутэйшых” адрозьніваецца ад пінігінскай?”
Мазынскі: “Я ад пачатку нічога ня думаў мяняць у “Тутэйшых”. Бо я не выношваў доўга гэты праект, прапанова здымаць звалілася на мяне зьнянацку. Але падчас працы над сцэнаром, падчас здымкаў, у працэсе прызначэньня актораў я інтуітыўна зразумеў, што Янка Здольнік – вельмі сур’ёзная асоба. Для мяне ён – сьвядомы, сучасны чалавек. Магчыма, Здольнік не дапісаны Купалам, ці напісаны трохі па-рэзанёрску. Наколькі было можна, я прыбраў з тэксту гэтае рэзанёрства.
Для мяне ўвогуле “Тутэйшыя” – вельмі сучасны твор. Паглядзіце, з 1922 году, калі была напісана п’еса, нічога ў нашым жыцьці не зьмянілася. Ні-чо-га! Нават у дачыненьні семачак. Памятаеце, Наста Пабягунская гаворыць: “Ну што, цяпер свабода, і можна семачкі есьці дзе хочаш – нават у тэатры ці музэі”. І мы ў фільме жорстка іранізуем над абыватальскім разуменьнем свабоды – у нас народ паўсюль есьць гэтыя семачкі”.
“Гэты палітычны рэжым зрабіў зь мяне кінарэжысэра”
Скобла: “Вы ўсё ж тэатральны рэжысэр. Ці давялося вам перавучвацца? Ці вы адразу і на здымачная пляцоўцы адчулі сябе прафэсіяналам?”
Мазынскі: “З аднаго боку, сапраўды, я з кіно ніколі ня быў наўпрост зьвязаны. Але з другога боку, кіно для мяне было такою “марай ідыёта”. Я з маленства марыў займацца кіно – дзе, у якой якасьці, гэта было няважна. Але лёс распарадзіўся так, што я прыйшоў у тэатар і “засеў” у ім на доўгія гады. Дзіўная рэч: я мушу быць удзячны гэтаму рэжыму, які зрабіў зь мяне кінарэжысэра...
Усё ж у кіно шмат агульнага з тэатрам. Таму і на здымачнай пляцоўцы я не адчуваў сябе ў дыскамфортнай сытуацыі. Здымкі “Тутэйшых” сталіся для мяне працягам “Вольнай сцэны”. Акторы былі мае, адтуль жа. І, самае галоўнае, мы змаглі перанесьці на здымачную пляцоўку атмасфэру “Вольнай сцэны”, той творчы дух, любоў нашу адзін да аднаго, да той справы, якою мы займаемся, і, натуральна, да “Тутэйшых”.
Скобла: “Пінігін прыдумаў для “Тутэйшых” фінал з узьняцьцем бел-чырвона-белага сьцяга. Які фінал у вас?”
Мазынскі: “Прынцыпова ня буду расказваць, які фінал. Скажу толькі, што ён не такі рамантычны, як у Пінігіна. У мяне сьцягоў няма. Фінал у мяне трагічны”.
“Прэм’ера мастацкага фільму “Тутэйшыя” плянуецца на Каляды”
Скобла: “Спэктакль “Тутэйшыя” за ўсю гісторыю яго існаваньня забаранялі разоў пяць. А вы не баіцеся, што і ваш фільм ня дойдзе да масавага гледача?”
Мазынскі: “Да масавага гледача ён у любым выпадку ня дойдзе. Бо рана яшчэ, не сасьпеў наш масавы глядач да разуменьня “Тутэйшых”. Нават калі б усе беларускія тэлеканалы паказалі наш фільм, ён усё роўна не дайшоў бы да мільёнаў. Таму што да “Тутэйшых” трэба ісьці. Ня твор павінен ісьці да людзей, а мы мусім да яго ісьці. Вось такая па-свойму парадаксальная сытуацыя.
Фільм плянуецца паказаць па канале “Белсат”, калі, вядома, яго не закрыюць зь першага дня. Шкада, што яго паглядзіць абмежаваная колькасьць людзей. Але хто захоча – той паглядзіць. Урэшце, можна сабрацца, як некалі зьбіраліся ў хаце-чытальні, і паглядзець на касэце. Прэм’ера “Тутэйшых” плянуецца недзе на Каляды”.
“Такой зьявы, як беларускае нацыянальнае кіно, яшчэ няма”
Скобла: “Паколькі вы сёньня прыйшлі да нас у амплюа кінарэжысэра, то давайце пагаворым пра беларускае кіно. Мяркуючы па тым, што кінастудыю “Беларусьфільм” узначаліў Уладзімер Замяталін, нацыянальнае кіно ў нас пакуль не прадбачыцца. Ці пэрспэктыўны гэты шлях – ствараць яго за мяжой, як тое робіце вы?”
Мазынскі: “У нас проста другога выйсьця няма. Урэшце, калі мы самі будзем здымаць, то якая розьніца – дзе, абы былі сродкі і дабразычлівасьць таго боку, які нас прымае. А пры здымках “Тутэйшых” усё гэта мы мелі. Вы гаворыце пра беларускае кіно... А ці было яно наогул? Я лічу, што такой зьявы, як беларускае кіно, увогуле ніколі яшчэ не было. Беларускае нацыянальнае кіно пачнецца з “Тутэйшых”.
Скобла: “А “Знак бяды” Пташука – паводле Васіля Быкава?”
Мазынскі: “Для мяне гэта ўсё ж не беларускі фільм, а расейскі. Я зь нябожчыкам Пташуком колькі ні спатыкаўся, кожнага разу спрачаўся. Аднаго разу ледзь да бойкі не дайшло. Дзе ў “Знаку бяды” беларускія акторы? Адзін Генадзь Гарбук у другой ролі. Савецкае кіно зрабіла зь “Беларусьфільму” “Партызанфільм”, але ў якім сэнсе? Ніводзін беларускі актор не сыграў камандзіра партызанскага атраду, нашы акторы ў бальшыні сядзелі ў багне, масоўскі рабілі. Гэта толькі Стэфанія Станюта выйшла на першы плян. Але з кім? З Элемам Клімавым, які бачыў далей, чым межы Расеі.
На здымкі “Тутэйшых” прыяжджалі польскія адмыслоўцы – і кінакрытыкі, і апэратары, і яны проста ціха шалелі ад таго, як працуюць нашы акторы. Я абсалютна перакананы: пакуль мы ня будзем выхоўваць сваіх актораў, ня будзем іх песьціць, ня будзем імі займацца, ня будзем іх папулярызаваць, ня будзем ствараць сваіх кінагерояў, у нас ніколі ня будзе нацыянальнага кіно”.
“На экран просяцца Быкаў, Караткевіч, Чорны, Мележ...”
Скобла: “Кажуць, што апэтыт прыходзіць падчас яды. Ці ўзьніклі ў вас яшчэ нейкія задумы – як у кінарэжысэра?”
Мазынскі: “О, цэлы рой задумаў! Калі я гавару, што ў нас няма беларускага кіно, то я маю нахабства гаварыць і пра тое, што я яго пачынаю! А хіба я змагу зрабіць яго адзін? Беларускае кіно – гэта неаранае поле, цалік. На экран просіцца ўвесь Быкаў, апрача хіба “Сотнікава”, які ўдала экранізаваны Ларысай Шапіцька. На экран просіцца ўвесь Караткевіч. А Кузьма Чорны! А Іван Мележ!.. А маладзейшых пачытайце, як цікава пішуць!.. У мяне ўвогуле мара – зьняць фільм, дзе героі будуць гаварыць і па-беларуску, і па-расейску – як у сёньняшнім жыцьці. Сёньня на вуліцы можна сустрэць людзей, адзін зь якіх гаворыць па-беларуску, другі – па-расейску, а трэці – на трасянцы. І гэта ёсьць праўда, якую таксама трэба прынесьці на экран”.
“Удзельнікаў антысавецкага супраціву на Мядзельшчыне іхнія землякі да гэтай пары вызнаюць за бандытаў”
Скобла: “Апрача “Тутэйшых” вы апошнім часам зьнялі дакумэнтальны фільм пра Расьціслава Лапіцкага – удзельніка й арганізатара антысавецкага супраціву на Мядзельшчыне пасьля Другой усясьветнай вайны. Што для вас было галоўным у гэтай працы?”
Мазынскі: “Па-першае, я быў папросту агаломшаны ўсёй гэтай гісторыяй, якую мне расказаў гісторык Міхась Чарняўскі. І я напрасіўся паехаць зь ім па тых мясьцінах, сказаў – буду што-небудзь здымаць. Сцэнару ніякага не было. Я здымаў сустрэчы зь людзьмі, размовы зь імі, урэшце атрымаўся фільм. Пра гэты рух яшчэ будуць напісаныя кнігі і зьнятыя мастацкія фільмы. Што мяне зьдзівіла, дык гэта тое, што ўдзельнікаў супраціву, гэтых хлопцаў і дзяўчат, якім савецкая ўлада паламала жыцьцё, да сёньня іхнія землякі вызнаюць за бандытаў! А іх засталося ў жывых літаральна некалькі чалавек, здаецца, чацьвёра.
У сувязі з гэтым мяне ўразіў адзін факт. Калі мы прыехалі ў адно мястэчка, зайшлі ў адну сям’ю, то якраз па тэлевізары паказвалі перадачу “Жди меня”, дзе пра адну зь дзяўчатак, удзельніцаў падпольля, быў сюжэт. І вось толькі пасьля перадачы да гэтых беларускіх патрыётаў памянялася на вуліцы стаўленьне, і яны з разраду “бандыцкага” перайшлі ў стан гераічны. Бачыце, трэба было з Масквы сказаць людзям праўду, і толькі тады да іх дайшло, што да чаго”.
Скобла: “У вашым спэктаклі “Прынц Мамабук” па п’есе Аляксея Дударава нямала алюзій на беларускую рэчаіснасьць. Скажам, краіна там называецца Бусярось. А вы не дапускаеце, што сытуацыя з “прынцам” можа паўтарыцца, але не на сцэне, а ў рэальным жыцьці нашай краіны?”
Мазынскі: “У нашай краіне ўсё можа здарыцца. З нашымі людзьмі можа адбыцца ўсё, што заўгодна. Да нас можа прыехаць ня толькі Мамабук, а чорт ведае хто, любая малпа, і – дамовіцца з намі”.