Грузінская апазыцыя вылучыла адзінага кандыдата на прэзыдэнта

Радыё Свабода Грузінская аб’яднаная апазыцыя абрала адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары 2008 году. Ім стаў 43-гадовы дэпутат парлямэнту Леван Гачэчыладзэ.
"Адзінаму” 43 гады, ён беспартыйны, інжынер-эканаміст паводле адукацыі, з 1993 да 1999 году – кіраўнік GVS, буйной грузінскай кампаніі па вытворчасьці і продажы вінаў, дэпутат парлямэнту ад 2000 году.

Менавіта Гачэчыладзэ быў ініцыятарам галадоўкі, якую апазыцыйныя парлямэнтары правялі 5 лістапада з патрабаваньнем правядзеньня датэрміновых парлямэнцкіх выбараў. Падчас разгону акцыяў пратэсту на мінулым тыдні ён быў зьбіты паліцыяй.

На гэтую кандыдатуру пагадзіліся 10 апазыцыйных партый, якія былі арганізатарамі масавых акцый пратэсту, што адбываліся ў Тбілісі ад 2 да 7 лістапада сёлета.

Ня ўсе апазыцыйныя сілы Грузіі ўваходзяць у склад аб’яднанай апазыцыі. Аб сваіх намерах балятавацца на пасаду прэзыдэнта абвясьцілі лідэры яшчэ 4 апазыцыйных партый, а таксама бізнэсовец Бадры Патаркацышвілі.