• “Атрымліваецца, у геалёгіі наагул ліквідуюць фундамэнтальную навуку…”

Іна Студзінская, Менск Тэма грамадзкага рэдактара тыдня. Як глядзяць на праблему рэарганізацыі беларускай навукі ва ўрадзе? Цяпер на разглядзе ў старшыні Савету міністраў Сяргея Сідорскага знаходзіцца праект перадачы Інстытуту геахіміі й геафізыкі з Акадэміі навук у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, а таксама разглядаецца аб’яднаньне Інстытуту геахіміі й геафізыкі зь Беларускім навукова-дасьледчым геалягічна-разьведвальным інстытутам.
“Фактычна, гісторыя Інстытуту геахіміі і геафізыкі Акадэміі навук пачынаецца з 1927 году — у Інбелкульце стварылі геалягічны інстытут, які і вывучаў зямлю і яе нетры.

У лепшы час у Інстытуце геахіміі і геафізыкі працавала пад чатырохсот чалавек, зь іх 170 — навуковыя супрацоўнікі, 12 дактароў, 71 кандыдат навук. Цяпер колькасьць супрацоўнікаў скарацілася да 130 чалавек.

Але й дагэтуль там працуе рэкордная колькасьць членаў Акадэміі навук, акадэмікаў і член-карэспандэнтаў — шасьцёра чалавек. Прычым, навукоўцы сур’ёзна займаліся фундамэнтальнымі дасьледаваньнямі, якія пасьпяхова спалучаліся з практыкай, з геалягічна-разьведвальнымі работамі.

Пасьля аб’яднаньня Інстытуту геахіміі і геафізыкі зь Беларускім навукова-дасьледчым геоляга-разьведвальным інстытутам пад пагрозай наагул разьвіцьцё фундамэнтальнай геалягічнай навукі, кажа намесьніца дырэктара інстытуту, кандыдат геоляга-мінэралягічных навук Ядвіга Аношка:

“Канечне, былі і школы. Грымеў інстытут, грымеў! Я нават запіску на зьезьдзе навукоўцаў пісала ў прэзыдыюм, але яна засталася па-за ўвагай... На зьезьдзе гаварылі пра фундамэнтальную навуку — усе, пачынаючы ад прэзыдэнта краіны.

Давесьці фундамэнтальную навуку да 30% у маштабе ўсёй навукі. Атрымліваецца, што ў геалёгіі наагул ліквідуюць фундамэнтальную навуку. У БелНДГРІ гэтым жа не займаюцца, у яго іншыя задачы — гэта разьведвальны інстытут, гэта ніякі не фундамэнтальны”.

Праект пастановы аб перадачы Інстытуту геахіміі і геафізыкі ў Міністэрства прыродных рэсурсаў ужо завізаваны ў Міністэрстве эканомікі, Міністэрстве фінансаў, іншых ведамствах, і цяпер на разглядзе ў Савеце міністраў, кажа галоўны спэцыяліст Мінпрыроды Алена Пенясь:

“Мяркуецца, што аб’яднаньне інстытутаў адбудзецца з новага году. Практычна ўсе пытаньні ўзгодненыя, дапрацоўваецца структура, вырашаюцца юрыдычныя пытаньні. Цяпер усе дакумэнты на ўзгадненьні зь юрыстамі”.

Разам з Інстытутам геахіміі і геафізыкі з Акадэміі ў Міністэрства прыроды перадаюць яшчэ дзьве структуры: “Белгеа” і “Аэракасмагеалёгія”.

Кажуць, ёсьць вусная дамова старшыні прэзыдыюму Акадэміі навук Мясьніковіча і міністра прыродных рэсурсаў Лявонція Харужыка, што два падразьдзяленьні Інстытуту геахіміі і геафізыкі перавядуць у Інстытут праблемаў выкарыстаньня прыродных рэсурсаў і экалёгіі (былы Інстытут торфу) — гідрагеалягічную лябараторыю акадэміка Кудэ?льскага і гідрагеадынамічную лябараторыю.

Намесьніца дырэктара Інстытуту геахіміі і геафізыкі Акадэміі навук Ядвіга Аношка кажа:

“Крыўдна. Фундамэнтальнай навукі зусім не застанецца ў геалёгіі — за нас жа, беларусаў, гэтага ніхто ня зробіць! Я лічу, што Нацыянальная Акадэмія для таго і існуе, каб у ёй былі нашы, рэгіянальныя дасьледаваньні ва ўсіх галінах — хай гэта будзе мова, гісторыя, біялёгія, геалёгія. Тое, што не агульнага карыстаньня, а рэгіянальнага пляну”.

Настрой у супрацоўнікаў Інстытуту геахіміі і геафізыкі сумны.

Гаворыць супрацоўніца інстытуту, кандыдат геоляга-мінэралягічных навук Натальля Кажамякіна:

“Пры аб’яднаньні інстытутаў, натуральна, будуць скарачэньні супрацоўнікаў і тут і там — не зважаючы на тое, кандыдат ты навук ці не. Людзей пэнсійнага веку скароцяць. Нібыта дактароў навук і загадчыкаў лябараторыяў пакінуць, а вось што будзе з астатнімі — невядома”.

У намесьніцы дырэктаркі Інстытуту геахіміі і геафізыкі па навуцы Ядвігі Аношкі яшчэ цепліцца надзея, што праект аб’яднаньня інстытутаў на самым версе не падпішуць, бо Аляксандар Лукашэнка на зьезьдзе навукоўцаў сказаў, што “хопіць рэарганізацыяў, зьезд падводзіць рысу”.

“Сядзім, як на вулькане. Мы нейкія такія панурыя. Імпэту няма, няма таго, як кажуць, што раньш было...” — гаворыць спадарыня Аношка.

Гэта быў прыклад аднаго інстытуту. Тым часам прэзыдэнцкі навуковы куратар Анатоль Рубінаў нядаўна прапаноўваў перадаць фундамэнтальныя дасьледаваньні з Акадэміі ў ВНУ. Маўляў, так будзе бліжэй да сусьветнай практыкі. Напрыклад, амэрыканскай. Аднак у Злучаных Штатах бюджэт самай маленькай, Арагонскай фізычнай лябараторыі перавышае бюджэт ня тое што беларускай – усёй Расейскай акадэміі!

У Нямеччыне Таварыства Макса Планка, якое займаецца фундамэнтальнымі дасьледаваньнямі, мае дзясяткі фінансаваных дзяржавай інстытутаў. Тое самае тычыцца і таварыства Фраўнофэра, якое займаецца прыкладнымі дасьледаваньнямі. Немцы, дарэчы, хочуць аб’яднаць цяпер усю навуку ў адзіную акадэмію. Гэты працэс ужо распачаты ў Тайвані. Вельмі эфэктыўна працуе Кітайская акадэмія навук. Ёй удалося аптымальна сканцэнтраваць сродкі на самых перадавых і стратэгічных накірунках.

Камэнтар грамадзкага рэдактара тыдня Радзіма Гарэцкага:

“У мяне асаблівы боль выклікае пастанова пра перадачу Інстытуту геахіміі і геафізыкі ў міністэрства прыроды, што прывядзе амаль да поўнай ліквідацыі навук аб зямлі ў акадэміі. А значыць, і фундамэнтальнага напрамку ў геалёгіі, геахіміі і геафізыцы.

Інстытут вывучае гісторыю той зямлі, на якой жыве беларускі народ. А яна ахоплівае амаль чатыры мільярды год. Няўжо нецікава і ня важна ведаць, калі і якія тут былі прыродныя ўмовы, вульканы, леднікі, моры тыпу Балтыйскага ці Чырвонага, жывёльны і расьлінны мір мінулага, клімат, рэльеф, розныя працэсы цягам разьвіцьця Зямлі?

А бяз гэтых ведаў немагчымы мэтанакіраваны пошук карысных выкапняў”.