Шклоў: да групы падтрымкі Зьмітра Дашкевіча далучыліся палітыкі

Радыё Свабода Ля будынку Шклоўскай папраўчай калёніі №17, дзе сёньня судзяць лідэра незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча, павялічваецца колькасьць яго паплечнікаў.
Да групы падтрымкі далучыліся палітыкі Павал Севярынец і Вячаслаў Сіўчык, старшыня рэгіянальнай суполкі партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сустаршыня аргкамітэту ў стварэньні партыі Свабоды і прагрэсу Аляксандар Сілкоў, сябра апазыцыі са Шклову Аляксандар Шчарбак.

Ля сьценаў турмы распаўсюджваецца спэцыяльны выпуск газэты “Ня бойцеся!”, у якім асьвятляецца тэма суду над Зьмітром Дашкевічам.

Групу падтрымкі палітвязьня Дашкевіча атачаюць людзі ў цывільным. На пад’езьдзе да турмы выстаўлены пост амапаўцаў.

Як і 6 лістапада, судовае паседжаньне сёньня – закрытае. У калёнію, акрамя адваката Дашкевіча Аляксандра Галіева, прапусьцілі толькі прадстаўнікоў АБСЭ. На суд не пусьцілі й бацьку Зьмітра Вячаслава Дашкевіча. Вячаслаў учора наведаў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, але плёну гэта не дало.

Зьмітру Дашкевічу пагражае яшчэ шэсьць месяцаў зьняволеньня ў дадатак да тых году з паловай, якія яму летась далі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

• Працягваецца судовы працэс над З.Дашкевічам, 9.11.2007 • Які плён даюць групы падтрымкі палітвязьняў? , 09.11.2007 • Хто парушае закон у справе Дашкевіча?, 6.11.2007 • Заўтра ў Шклове будуць судзіць Зьмітра Дашкевіча , 5.11.2007