Ці прымушалі магілёўцаў падпісвацца на нейкія выданьні?

Радыё Свабода Ці сутыкаліся жыхары Магілёва з прымусовай падпіскай на нейкія выданьні? Як рэагавалі на такі прымус? Пра гэта на вуліцах гораду распытваў людзей наш карэспандэнт.
Спадар: “Апошнія чатыры-пяць гадоў у нашу арганізацыю пастаянна прыходзіць разнарадка — якую літаратуру выпісваць, якія выданьні. Ня толькі, канечне, грамадзка-палітычныя, але і прафэсійныя. На гэтыя, вядома, праблемаў менш. А вось падпіска на такія вось выданьні, як “Советская Белоруссия”, “Магілёўская праўда” ды “Народная газета”… Усё ж бываюць канфлікты. Мне неяк, шчыра кажучы, удавалася пазьбягаць такіх вось праблемаў. Большасьць маіх калегаў вымушаныя выпісваць усе гэтыя выданьні”.

Спадарыня: “Такога, каб мне асабіста навязвалі нейкую друкаваную прадукцыю? Але калі я працавала ў газэце, наш начальнік загадаў разносіць газэту ў паштовыя скрыні — прычым, не запытваючы ў людзей, хочуць яны выпісваць альбо не. Рэакцыя была чаканая — адваротная. Людзі тэлефанавалі ды сварыліся. Калі мне трапляе ў скрынку газэта, якую мне ня хочацца чытаць, я яе выкідаю. Каб не псаваць нэрваў”.

Малады спадар: “Калі вучыўся ў школе, зьбіралі грошы на падпіску на “Рэспубліку”. Хто здаваў, хто не здаваў. Крыху больш як 50% здавалі. Я не здаваў. Спачатку спрабавалі давіць, а потым зразумелі й спыніліся”.

Малады спадар: “Калі я быў школьнікам, нас прымушалі падпісвацца на газэту “Юный спасатель”. Гэта было ў дзявятай клясе. Казалі: хто ня будзе падпісвацца, будуць заніжаць адзнакі, могуць ня выдаць атэстат. Большая частка здавала — тыя, хто мог сабе дазволіць. Я паколькі зь небагатай сям’і, маці гадуе двух дзяцей адна, мы не маглі дазволіць сабе такой сумы. Яны патрабавалі вялікія грошы. Не, не падпісваўся”.