Ганна Соўсь, Менск Ад 1 верасьня на сайце і ў эфіры “Свабоды” гучаць кароткія біяграфіі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Публікацыя біяграмы гісторыка і публіцыста Лявона Бабровіча выклікала неадназначную рэакцыю ў мовазнаўцы Сяргея Запрудзкага. Лявон Бабровіч быў суаўтарам адной з пагромных публікацыяў пра беларускіх мовазнаўцаў 1920-х гадоў. Ці варта ўносіць у сьпіс “Мартыралёгу Свабоды” імёны ахвяраў, якія самі спрычыніліся да цкаваньня і ганьбаваньня калегаў?
Кароткі аповед пра лёс гісторыка і публіцыста Лявона Бабровіча прагучаў на хвалях “Свабоды” 3 лістапада.
Спадар Бабровіч працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у Камісіі вывучэньня Заходняй Беларусі, вывучаў гісторыю Койданава і Койданаўшчыны. Быў арыштаваны ў 1933 годзе у справе “Беларускага нацыянальнага цэнтру” і расстраляны ў траўні 1934 году ва ўзросьце трыццаці гадоў. Рэабілітавалі ў 1956 годзе.
“Друкаваў паклёпы на арыштаваных і ўжо высланых людзей”
Дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту катэдры гісторыі беларускай мовы Сяргей Запрудзкі кажа, што адчуў выразны дыскамфорт, пачуўшы ў “Мартыралёгу Свабоды” імя Лявона Бабровіча.
“Сярод тых людзей, якія займаюцца мовазнаўствам, ёсьць ня толькі героі 1920-х гадоў, але ёсьць і антыгероі — людзі, якія рэгулярна пісалі дрэнныя артыкулы пра мовазнаўцаў 1920-х гадоў.
Калі гаварыць пра Лявона Бабровіча, то ён свае публікацыі рабіў у суаўтарстве, ён быў тады асьпірантам. Наўпрост скажу, што прыйшоў ён у навуку не ў найлепшы час, калі трэба было займацца такой непрыемнай працай, як дыскрэдытацыя мовазнаўцаў 1920-х гадоў. Друкаваў паклёпы на арыштаваных і ўжо высланых людзей.
Калі гаворка ідзе пра “Мартыралёг”, асабліва калі біяграфіі друкуюцца ў нейкай абмежаванай ступені, то ў першую чаргу павінны трапіць людзі, якія ня маюць такіх плямаў на біяграфіі. Хаця зразумела, што Бабровіч таксама ахвяра”, — кажа мовазнаўца Сяргей Запрудзкі.
“Я павінен уключаць і такіх людзей, як Лужанін, як Бабровіч, паколькі яны афіцыйна рэпрэсаваныя”
Пры падрыхтоўцы аповеду пра Лявона Бабровіча мы скарысталіся працай дасьледчыка Леаніда Маракова “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы 1794—1991”.
Спадар Маракоў кажа пра тое, што за часам кіраваньня Сталіна многія літаратары і навукоўцы былі вымушаныя пісаць даносы на сваіх калегаў. І сярод іх былі і знаныя беларускія літаратары.
“Максім Гарэцкі і мой дзядзька Валеры Маракоў здолелі вытрымаць катаваньні, і іх расстрэльвалі напалову мёртвымі. А Браніслаў Тарашкевіч ды іншыя не змаглі вытрымаць катаваньняў і падпісалі ўсё, што можна было падпісаць. А Міхась Чарот? Выклікалі, сказалі — напісаў. Не напісаў бы, расстралялі б яшчэ ў 1935 годзе.
Так і гэты пісаў заказныя артыкулы. Усё роўна не выратавалі. Энкавэдыст Лужанін у мяне трапіў у ахвяры, таму што афіцыйна быў два месяцы арыштаваны. Але яго ўключыў, паколькі не магу не ўключыць, хоць ён потым і да Коласа быў прыстаўлены, і быў найлепшым сябрам Бэнды.
Я павінен уключаць і такіх людзей, як Лужанін, як Бабровіч, паколькі яны афіцыйна рэпрэсаваныя”, — выказвае сваю пазыцыю Леанід Маракоў.
А што на гэты конт думаеце Вы? Пішыце: hannasous@tut.by
Мартыралёг “Свабоды”: Лявон Бабровіч, 3.11.2007 “Беларускую літаратуру хацелі зьнішчыць як зьяву”, 29.10.2007
Мартыралёг Свабоды, 29.10.2007