Адзін дзень палітвязьня Ўладзімера Плешчанкі

Браніслава Станкевіч, Віцебск Сёлета ў лютым і летась у ліпені на хвалях Радыё Свабода гучэлі перадачы з цыклю “Адзін дзень у сям’і палітвязьня”. Мы працягваем гэтую тэму расповедамі пра былых палітвязьняў.


Сям’я Ўладзімера Плешчанкі – гэта ягоная ўдава спадарыня Яўгенія й дачка Натальля. Яны ўдвох жывуць у каапэратыўнай "трохпакаёўцы", пабудаванай супольна яшчэ за савецкім часам. Тады вядомы на ўвесь былы Савецкі Саюз канструктар-рацыяналізатар Уладзімер Плешчанка няблага зарабляў: меў магчымасьць і пабудаваць гэтую кватэру, і вывозіць сям’ю ў адпачынак на мора, і набыць машыну...

Усё рэзка перамянілася ў 1998-м годзе. Пасьля таго, як спадара Плешчанку звольнілі з працы, ён стаў адзіным у Віцебску "прафэсійным рэвалюцыянэрам". За ягоныя акцыі каля так званага "Сіняга дому" – дому № 28 па вуліцы Леніна, пафарбаванага зь нечае архітэктурнае фантазіі ў сіні колер -- апазыцыянэра пэрыядычна затрымлівалі, каралі арыштамі й штрафамі. Штрафаў ён не плаціў прынцыпова, кажучы, што "ніякім чынам ня будзе падтрымліваць уладу Лукашэнкі".

"Судовыя выканаўцы загадвалі яму разьвесьціся са мной"

Калі ў кватэры, дзе мы размаўляем са спадарыняй Яўгеніяй ды Натальляй, упершыню зьявіліся судовыя выканаўцы ды прыгразілі апісаць маёмасьць за нясплачаныя штрафы, Уладзімер Плешчанка пераехаў жыць у бацькоўскую хату ў вёсцы Вароны.

Спадарыня Яўгенія: " Ён мне сказаў, што так будзе спакайней – нібыта мы не жывем разам, і маёмасьці агульнае ня маем. Трымаў у вёсцы гаспадарку, былі козы, куры, працаваў у гародзе. Гарадзкія суседзі хоць і бачылі, што ён сюды прыяжджае, але ніколі нас не выдавалі – казалі, нібыта Валодзю тут даўно ўжо ня сустракалі. Судовыя выканаўцы казалі яму: "Тады разводзься з жонкай, калі ты зь ёй не жывеш!" Ён заўжды адказваў, што, маўляў, ня вашая справа.

Станкевіч: "А што ў вас тут можна апісаць? Адзін тэлевізар, канапа, кніжная шафа – ніякае раскошы...”

Спадарыня Яўгенія: "Не кажыце! За штрафы нас аднойчы ледзьве не апісалі капусту на градах – іншай "лішняй" маёмасьці не знайшлі! Нехта з аднавяскоўцаў сказаў, што ён гандлюе капустай на кірмашы – нажывае з гэтага вялікія грошы. А якія грошы з прыватнай гаспадаркі? Адзін толькі клопат! І вось аднойчы ўвесь гэты клопат упаў на мае плечы – калі Валодзю на 7 месяцаў арыштавалі."



Спадарыня Яўгенія з газэтай “Выбар”, дзе зьмешчаны артыкул пра арышт Уладзімера Плешчанкі

"Жэня, гэта табе трэба паставіць помнік замест таго Суворава!"

31 жніўня 1998 году з пастамэнту каля Віцебскага гарадзкога ваенкамату зьнік бюст Суворава. Вартаўнік патэлефанаваў у міліцыю, пачаліся пошукі, і праз дзень "генэралісімуса" знайшлі закінутым у суседнім двары. Тым ня менш была заведзеная крымінальная справа, а праз два дні міліцыянты Кастрычніцкага РАУСу выйшлі на сьлед магчымага злачынцы. Ім аказаўся Уладзімер Плешчанка.

Ён стаўся падазраваным адразу па двух артыкулах -- злоснае хуліганства і пашкоджаньне гістарычнага помніка. Праўда, потым высьветлілася, што гіпсавы бюст, пафарбаваны бронзавай фарбай, увогуле ня мае ніякае мастацкае каштоўнасьці.



Той самы бюст Суворава. Сёньня нікому няма справы да таго, што “гістарычны помнік” з адбітым носам стаіць на паўразваленым пастамэнце сярод будаўнічага друзу. Фота Ўладзімера Базана.

Яўгенія: "Дзень 2-га верасьня 1998 году я не забуду ніколі! Гэта мой дзень народзінаў. Мы дамовіліся, што адсьвяткуем у Варонах, што зранку я прыеду, і мы сходзім па грыбы. Прыяжджаю, а ў хаце нікога. Ну, думаю, пэўна, па сваіх апазыцыйных справах паляцеў у Віцебск, на мяне забыўся.

Пакрыўдзілася, чакаю, каб усё выказаць. А Валодзі няма ўвесь дзень, і ўвечары няма. Тэлефаную ў горад Наташы, пытаюся: "Ці быў бацька?" Яна кажа: "Не, не было". І ноччу ніхто не прыйшоў, не патэлефанаваў. А зранку тэлефануе ягоны сябар, Барыс Хамайда: "Жэня, я табе зараз прынясу нешта". І прынёс газэту "Свабода", там ужо напісана, што Валодзя арыштаваны за крадзеж бюста Суворава".

Станкевіч: "А чаму менавіта Плешчанка стаў галоўным падазраваным"?

Натальля: "Дык бацька заўсёды казаў, што Сувораў -- расейскі кат. Захавалася заява да пракурора, якую ён напісаў у ізалятары, паглядзіце – і тут напісана: "Нагадаю, што ў 1794 годзе пад кіраўніцтвам Суворава было задушана ў крыві паўстаньне беларускага народу супраць расейскае акупацыі, і гэтая асоба ня можа ўшаноўвацца беларускай грамадзкасьцю. Тым больш, бюст Сувораву ўсталяваны каля ваенкамату, адкуль беларускія юнакі адпраўляюцца ў войска бараніць незалежнасьць сваёй краіны, Беларусі."

Станкевіч: "Я ведаю, што сьледзтва працягвалася 7 месяцаў. Вам не казалі, чаму ўвесь гэты час бацьку трымалі ў ізалятары? "

Натальля: "Нам патлумачылі: каб не замінаў сьледзтву. А тое сьледзтва ці задумалася: як мог чалавек з хворым сэрцам, пасьля інфаркту ў 1992-м годзе, цягаць на сабе бюст вагой 350 кг? Хаця – што ім да таго? У ізалятары ў бацькі здарыўся цяжкі сардэчны прыступ, дык яго нават пасьля гэтага не адпусьцілі дахаты! Мы пра ўсё даведаліся толькі потым, бо перапіска была забаронена, і сустрэцца не дазвалялі."



Натальля Плешчанка

Яўгенія: "Каб цяпер перажыць тыя 7 месяцаў, дык, пэўна, й не перажыла б! Мала таго, што пра яго ўвесь час хвалявалася, дык яшчэ гаспадарка ў вёсцы. А праца ў горадзе. Я рабіла ў аптэцы. Як адпрацую там, хутчэй на аўтобус ды ў Вароны, даіць пяцёра коз, карміць курэй, а яшчэ – гарод, трэба бульбу капаць, буракі, капуста... Увечары проста падала. А ўраньні – на аўтобус подбегам, ды зноў на працу. Наташа дапамагала, а я думала: толькі б яе з працы ня выгналі, яна ж настаўніца, і толькі ўладкавалася пасьля інстытута”.

Станкевіч: "Сябры, аднапартыйцы ці дапамагалі вам чымсьці?"

Яўгенія: "Дапамагалі Юрась Карпаў, Барыс Хамайда. Грошай прыносілі нават. А Барыс аднойчы казаў: "Жэня, гэта табе помнік трэба паставіць замест таго Суворава!" Дарэчы, Барыс таксама адседзеў за Валодзю. Калі Валодзя адсядзеў ужо амаль 5 месяцаў, у студзені 1999-году ён выйшаў на пікет, каб яго вызвалілі. І сам атрымаў 15 сутак арышту".

"Упершыню за 7 месяцаў я ўбачыла бацьку на судзе. І не пазнала!"

16 траўня 1999 года прайшло першае паседжаньне суду над старшынём Віцебскай рады БНФ Уладзімерам Плешчанкам. Ён распавёў, што насамрэч у ноч на 31-га жніўня быў недалёка ад гарваенкамату, але Суворава не чапаў -- толькі распаўсюджваў улёткі.

Судовы працэс доўжыўся да 26-га траўня, бо судзьдзя Аляксандар Абашын запатрабаваў вывучэньня рэчавых доказаў. У якасьці аднаго зь іх выступаў гумовы бот, сканфіскаваны з хаты ў Варонах. Калі ягоны сьлед параўналі з адбіткам, пакінутым на зямлі меркаваным злачынцам, то ўбачылі розьніцу ў 5 сантымэтраў. Такім чынам, галоўны аргумэнт сьледзтва быў абвергнуты.

Натальля: "Калі я на судзе ўбачыла бацьку, то не пазнала яго. Зусім! Ён усё прасіў, каб перадавалі ў турму перш за ўсё сала й часнок. І мы перадавалі, каб пратрымаўся там, каб здароўе захаваць. А як яго прывезьлі -- такі пастарэлы й зьнясілены, што проста жах! І яго вызвалілі з-пад варты проста ў залі суду, прызналі невінаватым. Толькі потым ён распавёў, у якіх умовах яго трымалі, -- у камэры, дзе нават спалі па чарзе, бо на 2-3 зьняволеных было адно спальнае месца”.

Станкевіч: "Як ён потым адыходзіў пасьля зьняволеньня? Што распавядаў, што згадваў са свайго турэмнага жыцьця?"

Натальля: "Ён распавядаў увогуле мала. Але сам трохі зьмяніўся: стаў больш разважны. Менавіта разважны, а не спалоханы, не думайце! Стаў больш уважліва ставіцца да людзей. Раней, было, ён проста казаў, што большасьць беларусаў -- дурні, бо не разумеюць нацыянальную ідэю. А потым – ўсё часьцей імкнуўся камусьці нешта патлумачыць, давесьці”.

"Пакуль не сустрэў у турме Плешчанку, я ня ведаў беларускай мовы і марыў пра адраджэньне СССР"

Седзячы за кратамі, Уладзімер Плешчанка найбольш кантактаваў з маладым вязьнем Ігарам Мацьвеевым. Яго падазравалі ў забойстве, якога ён не рабіў. Плешчанка падказваў хлопцу, як пісаць скаргі, звароты да пракурора, і ўрэшце падазрэньні ў цяжкім злачынстве ўдалося адвесьці. З тае пары Ігар Мацьвееў стаў лічыць Уладзімера Плешчанку амаль што родным чалавекам.



Ігар Мацьвееў

Мацьвееў: "Калі яго прывялі ў камэру, адразу разьнеслася чутка: "Гэта бээнэфавец!" Але камэра – гэта наша жыцьцё ў мініятуры: былі ў нас і прыхільнікі Лукашэнкі, і тыя, хто мог бы лічыцца апазыцыянэрам. Нехта, бывае, як закрычыць: "Фашысты вы недабітыя!" А ён пачынае расказваць пра партыю, пра нашу гісторыю– пра бітву пад Воршай, пра Сапегу, пра Каліноўскага, пра Хамайду. І яго многія з цікаўнасьцю слухалі. Мне заўжды здавалася, што самым пакутлівым у зьняволеньні для яго было вымушанае бязьдзеяньне".

Станкевіч: "У турме Плешчанка размаўляў па-беларуску?"

Мацьвееў: Заўжды зносіўся па-беларуску. Нават ахоўнікам казаў: "Я вас не разумею", асабліва калі тыя гнулі матам! Пакуль я не сустрэў у турме Плешчанку, я ня ведаў беларускай мовы і ўвогуле марыў пра адраджэньне СССР. Але Плешчанка мяне зацікавіў гісторыяй, і праз два гады я ўжо вольна размаўляў па-беларуску, і на сьцяне ў мяне вісеў бел-чырвон-белы сьцяг."

"Ягонае хворае сэрца білася пад бел-чырвона-белым сьцягам... "

7 месяцаў у віцебскім СІЗА №2 былі самым доўгім, але далёка не адзіным тэрмінам зьняволеньня ў жыцьці Уладзімера Плешчанкі. Яго каралі арыштамі за пікеты, за бел-чырвона-белыя сьцягі і проста за тое, што ён амаль штодня выходзіў да Сіняга дому, каб размаўляць зь мінакамі пра палітыку. Побач зь ім заўжды быў бліжэйшы сябар Барыс Хамайда.

Хамайда: "Плешчанку на зламалі тыя 7 месяцаў турмы, адно што падарвалі здароўе. Штораз падрывалі яго і кароткатэрміновыя арышты на суткі. І неаднаразова з ізалятару хуткая дапамога мусіла везьці яго ў шпіталь, ратаваць... Ягонае хворае сэрца білася пад бел-чырвона-белым сьцягам, яно балела за Беларусь. Апошні арышт яму прасудзілі за тое, што 25 сакавіка, у Дзень Волі, ён выйшаў да Сіняга дому з плякатам "Беларус, не хавайся ў бульбу! Выхадзі бараніць сябе і сваіх дзяцей!"

Уладзімер Плешчанка раптоўна памёр 20 траўня 2006 году проста на падворку бацькоўскае хаты ў вёсцы Вароны. Труну з ягоным целам, накрытую бел-чырвона-белым сьцягам, несьлі вясковай вуліцай яго бліжэйшыя сябры і аднадумцы.



Пахаваньне Ўладзімера Плешчанкі

Потым цэлы год каля Сіняга дому Барыс Хамайда зьбіраў грошы на помнік Уладзімеру Плешчанку, якога ў Віцебску ведаў практычна кожны.

Хамайда: "Грошай на помінік мы сабралі, дапамог у гэтым і Сойм КХП БНФ. А ў тое, што Плешчанка памёр, ня ўсе нават паверылі адразу. Доўга яшчэ пыталіся: "А дзе гэта Плешчанка, мы ж зь ім нядаўна тут пра Пазьняка спрачаліся. Няўжо ізноў пасадзілі?"

Помнік на могілках у вёсцы Друкава, дзе пахаваны Ўладзімер Плешчанка, усталявалі да ўгодкаў ягонае сьмерці.



Барыс Хамайда каля магілы сябра

Яўгенія: "Паверце, я дужа ўдзячная за гэта – за падтрымку, за тое, што пра Валодзю не забыліся. А 26-га ліпеня, у Валодзеў дзень народзінаў тэлефануе мне зранку Барыс Хамайда і кажа: "Жэня, выходзь з дому, паглядзі – вашу вуліцу перайменавалі". Я нічога не зразумела, выйшла паглядзець, а на нашым доме замест надпісу "вуліца Церашковай" новая шыльда -- "Вуліца імя Уладзімера Плешчанкі". І так уздоўж, на кожным будынку – "вуліца Плешчанкі", "вуліца Плешчанкі". У мяне ледзь сэрца не выскачыла! Яно ў мяне часта баліць -- з тае пары, як Валодзю на 7 месяцаў забралі..."



Шыльда на доме, дзе жыў Уладзімер Плешчанка – адзін з першых палітвязьняў у сучаснай гісторыі Беларусі

Уладзімер Плешчанка нарадзіўся 26 ліпеня 1948 году ў вёсцы Вароны Віцебскага раёну. Скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут. Працаваў інжынэрам-канструктарам на віцебскім вытворчым аб"яднаньні "Маналіт", быў вядомым на ўвесь былы Савецкі Саюз рацыяналізатарам у галіне вытворчасьці радыёпрыбораў. Нягледзячы на гэта, кіраўніцтва "Маналіту" некалькі разоў спрабавала звольніць Плешчанку за апазыцыйныя погляды. Двойчы ён аднаўляўся праз суд і нават спаганяў з адміністрацыі грошы за маральны ды матэрыяльны ўрон.

У 1998-м годзе пасьля чарговага звальненьня, Уладзімер Плешчанка аднаўляцца ня стаў. Стаўшы афіцыйна беспрацоўным, ён вырашыў займацца выключна палітычнай дзейнасьцю. Узначальваў Віцебскую абласную раду Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ. Шмат разоў быў затрыманы міліцыяй, пакараны штрафамі ды арыштамі за ўдзел у апазыцыйных акцыях. З 2 верасьня 1998 году да 26 траўня 1999 году адбыў у зьняволеньні пад сьледзтвам: яго вінавацілі ў крадзяжы бюсту Суворава. У судзе абвінавачаньне было зьнятае.

20 траўня 2006 году Уладзімер Плешчанка памёр ад сардэчнае хваробы на 58-м годзе жыцьця.


• Адзін дзень палітвязьня Валер’я Леванеўскага, 5.11.2007 • Адзін дзень палітвязьня Івана Крука, 25.10.2007 • Адзін дзень палітвязьня Васіля Лявонава, 24.10.2007 • Адзін дзень у сям’і палітвязьня Валер’я Шчукіна, 23.10.2007 • Адзін дзень у сям’і палітвязьня (усе перадачы), 7.03.2007