Ганна Соўсь, Курапаты Сёньня з нагоды Дня памяці продкаў амбасадары краінаў Эўразьвязу, ЗША і Ізраілю ўшанавалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ва ўрочышчы Курапаты. Яны ўсклалі кветкі й запалілі сьвечкі ля Крыжа пакутаў, “Лавы Клінтана”, польскага крыжа, габрэйскага знаку і курапацкага каменя.
Цырымонію распачалі праваслаўны й каталіцкі сьвятары, якія па чарзе правялі жалобнае набажэнтсва ля Крыжа пакутаў.
Пасьля набажэнства пад “Магутны Божа” амбасадары ўсклалі кветкі й запалілі сьвечкі ля Крыжа пакутаў.
Далей усе рушылі ў бок адрэстаўраванай напярэдадні “Лавы Клінтана”, мэмарыяльнага знаку “Ад народу Злучаных Штатаў народу Беларусі дзеля памяці”.
Амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт сказала Радыё Свабода:
“Гэта заўсёды вельмі кранальная цырымонія. Гэта ўжо другі раз, як я прыходжу сюды зь іншымі амбасадарамі, каб ушанаваць памяць тых, хто быў расстраляны ў ХХ стагодзьдзі.
Я вельмі рада, што мы змаглі адрэмантаваць “Лаву Клінтана” і здолелі ўсталяваць яе да гэтай цырымоніі. Гэтая лава зьяўляецца сымбалем сяброўства амэрыканскага й беларускага народаў і таго, што мы памятаем пра мінуўшчыну і думаем пра будучыню.
Я спадзяюся, што людзі будуць з павагай ставіцца да гэтага месца”.
Амбасадарка падзякавала скульптару Алесю Шатэрніку, які адрэстаўраваў “Лаву Клінтана”.
“Курапаты — гэта беларуская Галгофа. Гэты храм ствараўся воляй людзей, і гэта дае надзею, што дабро пераможа зло”, — лічыць скульптар.
Польскі амбасадар Генрык Лiтвiн і ягоныя калегі-дыпляматы ўшанавалі памяць загінулых у Курапатах палякаў ля гэтак званага польскага крыжа.
“Тут знайшлі рэчы, і зь іх можна здагадацца, што тут ляжаць палякі. Колькі — мы дакладна ня ведаем. Ёсьць такая гіпотэза, што частка расстраляных у Катыні – тут. Але дакумэнтаў няма, расейскі бок закрыў сьледзтва”, — сказаў польскі амбасадар.
Літоўскі амбасадар Эдмінас Багдонас кажа, што, праўдападобна, у Курапатах ляжаць і расстраляныя літоўцы, і літоўская абшчына мае намер паставіць па іх крыж ва ўрочышчы.
“Можа, і літоўцаў тут стралялі. Мы гаварылі зь літоўскай абшчынай. Найхутчэй, мы так і зробім. Што да ўражаньняў, то гэта боль у сэрцы, што столькі людзей загінулі ня ў часе ваенных дзеяньняў”, — гаворыць літоўскі амбасадар.
Моцна ўражаны Курапацкімі магіламі й кіраўнік дыпляматычнай місіі Швэцыі Стэфан Эрыксан:
“Гэтае месца сьведчыць пра гісторыю. Гэтае месца вельмі патрэбнае людзям”.
Амбасадары ўсклалі кветкі ля курапацкага каменя.
Разам з амбасадарам Ізраілю Зэевам Бен-Ар’е ўшанавалі расстраляных ва ўрочышчы габрэяў.
У Курапаты сёньня прыйшло шмат людзей. Была дэлегацыя моладзі зь Нямеччыны, дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная, палітык Вячаслаў Сіўчык, гісторык Ігар Кузьняцоў ды іншыя.
У часе цырымоніі лунаў бел-чырвона-белы сьцяг.
Выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі кажа, што сёлета амбасадары ўшанавалі памяць ахвяраў рэпрэсіяў у многіх месцах Курапацкага мэмарыялу:
“Я вельмі ўсьцешаны, што прадстаўнікі дэмакратычных краінаў узялі ўжо за традыцыю прыходзіць на гэтае сьвятое для беларусаў месца на Дзяды — ушаноўваць памяць ахвяраў расейскага бальшавізму”.
Публіцыст Сямён Букчын робіць такую выснову:
“Гэта ня толькі памяць ахвяраў сталінізму. Гэта яшчэ нейкая грамадзянская зона. Гэта наша месца, якое ўладзе не ўдалося апанаваць”.
У Курапатах нанава усталявалі “Лаву Клінтана” (фотарэпартаж), 31.10.2007