На Дзяды на менскіх могілках маліліся за памерлых

Галіна Абакунчык, Менск Дзень памяці продкаў, Дзяды, на менскіх могілках адзначалі набажэнствамі й асьвячэньнямі магілаў. Многія людзі прыходзілі, каб прыбраць пахаваньні, ускласьці кветкі й запаліць сьвечкі. На адных з найстарэйшых могілак Менску, Кальварыйскіх, пабывала наша карэспандэнтка.
Перад брамаю Кальварыйскіх могілак — жывыя і штучныя кветкі, а таксама сьвечкі. Шматлікім наведнікам іх прадаюць сёстры — спадарыні Валянціна і Яўгенія.

Карэспандэнтка: “Ці часта вы прадаяце тут кветкі?”

Валянціна: “Прадаем, бо малавата пэнсіі, не хапае. Трэба ж неяк выжываць?”

Карэспандэнтка: “Ці бяруць вашы кветачкі?”

Яўгенія: “Бяруць, і сьвечкі бяруць”.

Карэспандэнтка: “А шмат людзей ідзе цяпер?”

Валянціна: “Шмат. І маладых шмат людзей. Вунь, глядзіце колькі машынаў едзе. Бо вялікае сьвята — Дзяды і Ўсіх сьвятых”.

Карэспандэнтка: “Прызнаюць за сьвяты?”

Яўгенія: “Прызнаюць. Чаму ж не прызнаюць? Ідуць і праваслаўныя, і каталікі, усе ідуць. І з амбасады нават прыяжджалі. Прыгожыя вянкі, кошыкі, кветкі несьлі. Ой, што вы!”

Менскія Кальварыйскія могілкі традыцыйна лічацца каталіцкімі. Таму Дзяды тут пачалі адзначаць яшчэ напярэдадні — урачыстым набажэнствам у касьцёле Ўзвышэньня крыжа з нагоды Дня ўсіх сьвятых.

Набажэнства праводзіў біскуп Антоні Дзям’янка:

“Дарагія браты і сёстры! Наш Пан першы даў нам прыклад, што свой крыж мы павінны несьці ў цярплівасьці й разумна выкарыстаць час, які зьяўляецца для нас багацьцем”.

Набажэнствы і асьвячэньні магілаў сёньня адбываліся на ўсіх могілках Менску. На Кальварыі асьвячэньне будзе ісьці два дні.

Сёньня і ўчора сюды ідзе шмат людзей, кажуць супрацоўніцы могілак Галіна і Марыя:

Галіна: “Гэтымі днямі людзі прыходзяць прыбіраць. А ўжо сёньня, менавіта на Дзяды, вельмі шмат людзей. Шмат у касьцёле запісана на памінальныя службы”.

Карэспандэнтка: “Звычайна людзі прыходзяць на магілу да сваякоў ці да нейкіх вядомых людзей?”

Марыя: “І да сваякоў, і да вядомых, і на магілкі, якія няма каму даглядаць”.

Карэспандэнтка: “А ці ведаеце пахаваньні якіх-небудзь вядомых людзей?”

Марыя: “А вось жа пісьменьнік — Вацлаў Іваноўскі”.

Карэспандэнтка: “А хто прыбірае гэтую магілу?”

Марыя: “Прыхаджане, і мы прыбіраем”.

Галіна: “Людзі прыбіраюць магілкі, якія вакол касьцёлу. Іх вельмі шмат, і яны вельмі старыя, іх няма каму даглядаць. І людзі прыходзяць і прыбіраюць”.

На разьвітаньне гутару з пані Ядвігай — сталай і даўняй наведніцай Кальварыйскіх могілак:

Карэспандэнтка: “Якімі вам памятаюцца Дзяды вашага дзяцінства?”

Ядвіга: “Хадзілі ў касьцёл, хто ў царкву — маліцца. Пасьля ехалі на могілкі. Дома таксама паміналі: на стале на ноч пакідалі сем страваў — гэта значыць, каб дзяды частаваліся. Бабуля прымаўку такую казала: “Дзяды, дзяды ідзіце сюды. Пагуляйце, паежце і — кыш дадому ляціце”. І акно адчынялі для дзядоў”.

Карэспандэнтка: “Ці мяняецца нешта з гадамі?”

Ядвіга: “Так. Некалі баяліся хадзіць маліцца, і на могілках таксама. А цяпер — ідуць памінаюць. Трэба хадзіць — каб да нас, калі мы пойдзем да іх у госьці, таксама хадзілі”.


Біскуп Антоні Дзям’янка падчас імшы


На Кальварыі каля капліцы


На магіле Вацлава Іваноўскага сьвечкі і кветкі


Перад імшою на Дзяды


Працэсія перад сьвячэньнем могілак


Асьвячэньне пахаваньняў

(Фота Ю.Дзядзінкіна)

Дзяды-2007, 28.10.2007 Дзяды. Шэсьце і мітынг, 28.10.2007