На Гарадоччыне зьявіўся Крыж Памяці

Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Актывісты Руху “За Свабоду”, прадстаўнікі розных партый Гарадоцкага раёну ўзялі ўдзел ў асьвячэньні Крыжа Памяці на месцы супраціву жыхароў раёну бальшавіцкай уладзе у 1918 годзе. Крыж усталяваны каля вёскі Фралова, за 26 кіламетраў ад райцэнтру Гарадок.
У лістападзе 1918 году на Віцебшчыне адбылося антыбальшавіцкае паўстаньне. Яно ахапіла амаль усе паветы вобласьці, але было здушана карнымі атрадамі. З архіўных дакумэнтаў стала вядома, што пры здушэньні паўстаньня на Гарадоччыне расстралялі каля дзясятка мясцовых жыхароў, якія не прынялі савецкую ўладу.

Актывісты Руху “За Свабоду” адшукалі нашчадкаў Міхаіла Сураўнёва і Аляксандра Лапаценкі, удзельнікаў паўстаньня 1918 году. Яны пацьвердзілі сапраўднасьць архіўных дадзеных і вызначылі месца загубы гарадоцкіх паўстанцаў.

Крыж Памяці, усталяваны каля вёскі Фралова, асьвяціў сьвятар грэка-каталіцкае царквы айцец Зьміцер Грышан.