На сядзібе БНФ – выстава “Памяць грукоча ў сэрца”

Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску на сядзібе БНФ адбылося адкрыцьцё мастацкай выставы “Памяць грукоча ў сэрца” і прэзэнтацыя шэрагу выданьняў. Гэтая імпрэза прысьвечаная Дню памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, які будзе адзначацца дэмакратычнай грамадзкасьцю 29 кастрычніка.
Выставу творчай суполкі “Пагоня” прэзэнтаваў мастак Мікола Купава:

“Сёньня мы з вамі прысутнічаем на невялікай выставе, якая паказвае нам у асноўным тых людзей, каторыя пайшлі і не вярнуліся. І не вярнуліся з гулагаў, з гэтых высылак, з гэтых зьдзеклівых умоваў, якія ствараліся для нашага народа цягам усёй гісторыі бальшавізму”.

Сярод экспанатаў выставы – партрэты Вацлава Ластоўскага, Тодара Кляшторнага, Уладзімера Дубоўкі, Надзеі Дзямідовіч.

Мікола Купава сказаў:

“Я думаю, што тут ёсьць на чым спыніцца ўдумлівай асобе, паразважаць спакойна, пагаварыць з гэтымі героямі. Якія ствараюць наш цяпер ужо пантэон.

Я думаю, той час ужо набліжаецца, калі мы зможам зрабіць такую больш маштабную выставу. І самае галоўнае, мастацкімі сіламі правесьці мэмарыялізацыю і ўвекавечаньне памяці ў розных мясьцінах.

Дай толькі свабоду народу, і ён зробіць усё, што неабходна ў пляне мэмарыялізацыі і вырашэньня памяці ў помніках выяўленчага, манумэнтальнага мастацтва”.

Таксама падчас адкрыцьця выставы свае новыя кнігі, прысьвечаныя сталінскім рэпрэсіям, прэзэнтавалі Леанід Маракоў, Якаў Басін, Васіль Якавенка і Алена Кобец-Філімонава.