Складанасьці перакладу на беларускую

Вячаслаў Ракіцкі, Менск У менскім выдавецтве Логвінава выйшла кніга Германа Гесэ “Сідхартха” ў перакладзе на беларускую мову Арцёма Арашонка. У любой іншай краіне, дзе пераклады на родную мову і клясыкі, і апошніх навінак усясьветнай літаратуры – звычайная зьява, выхад у сьвет філязофскай прозы Гесэ мог бы застацца нават незаўважаным. Для беларускага ж рынку перакладной літаратуры кожны пераклад, а тым болей пераклад шэдэўру інтэлектуальнай прозы – падзея.
Арцём Арашонак разьбівае стэрэатып накладам 200 асобнікаў

Імя віцебскага перакладчыка Арцёма Арашонка адносна новае ў беларускай літаратуры. Ён падкрэсьлівае, што ня вельмі спадзяваўся на запатрабаванасьць перакладу індыйскай аповесьці нямецкага клясыка, але:

“Існуе стэрэатып, што беларуская культура “лапатная”, “саламяная”, і мне хацелася разбурыць гэты стэрэатып і завершыць як бы трылёгію, бо на беларускую мову раней былі перакладзеныя “Стэпавы воўк” і “Гульня шкляных пэрлаў” Васілём Сёмухам”.



Арцём Арашонак выдаў свой пераклад “Сідхартхі” ўласным коштам накладам толькі 200 асобнікаў. Што азначае гэта лічба для сярэднеэўрапейскай краіны з амаль дзесяцімільённым насельніцтвам?

Зьміцер Колас канстатуе каляпс беларускага кнігавыданьня

Зьміцер Колас – выдавец і перакладчык (шырока вядомыя ягоныя пераклады, прыкладам, Альбэра Камю ці Рэнэ Дэкарта) – лічыць, што ў Беларусі практычна няма рынку беларускамоўнай перакладной літаратуры, як сур’ёзнай, гэтак і забаўляльнай:

“Увесь кнігагандаль забіты расейскай і расейскамоўнай літаратурай. На жаль, беларуская кніга на паліцах кнігарняў ці не прапагандуецца, ці губляецца. Гандлёвыя арганізацыі мала бяруць, і распаўсюджваць наклады ад тысячы і больш вельмі цяжка. А малыя наклады, безумоўна, цягнуць павелічэньне кошту асобніка, што зноў жа цягне за сабой цяжкасьці ў распаўсюдзе. Вось такая каляпсавая сытуацыя зь беларускім кнігавыданьнем”.

А выдаваць, заўважае Зьміцер Колас, ёсьць што. Ня кідаюць перакладніцкай працы такія майстры, як Васіль Сёмуха і Лявон Баршчэўскі, маладзейшыя літаратары. Гатовыя і пакуль ня выдадзеныя пераклады Фрыдрыха Дзюрэнмата, Курта Ванэгута, Густава Майрынка. Ідзе праца над перакладамі “Дэкамэрона” Бакача, творамі Ніколы Макіявэлі. Літаральна ўчора Зьміцер Колас здаў у друк дзіцячую кнігу “Малы і Карлсан з даху” Астрыд Ліндгрэн у перакладзе Юрася Жалезкі. Тым часам Дзьмітры Плакс перакладае яшчэ адну кнігу швэдзкай пісьменьніцы “Пэпі – Доўгаяпанчоха”. Гэтакім чынам робіцца спроба аднавіць выданьне перакладаў дзіцячай літаратуры. Аднак, падкрэсьлівае Зьміцер Колас, наладзіць ва ўмовах сучаснай Беларусі гэту справу цяжка:

“Таму што ўсё аддадзена толькі на прыватную ініцыятыву, а прыватная ініцыятыва мае ня надта багатыя сродкі. Там, дзе можна знайсьці нейкую падтрымку, нешта выдаецца. Наколькі я ведаю, шмат выдаецца перакладаў з польскай мовы, таму што палякі апякуюцца распаўсюджваньнем сваёй літаратуры. Існуе і праграма падтрымкі францускай літаратуры з боку францускай амбасады. Плянуецца выдаць некалькі перакладаў, яны ж дапамагаюць у набыцьці правоў на пераклад, у тым ліку і раману “Мажлівасьць выспы” Мішэля Ўэльбэка”.

Лявон Баршчэўскі бачыць паратунак у прыватных ініцыятывах

Лявон Баршчэўскі (аўтар выдатных перакладаў Генрыха Бёля і Франца Кафкі) адзначае спробы прарыву ў выданьні перакладной літаратуры. Апошнім часам выйшаў зборнік перакладаў, зробленых і выдадзеных газэтай “Наша ніва”, выдадзены Вольгай Калацкай уласным коштам зборнік сваіх перакладаў амэрыканскай і англійскай прозы, два зборнікі “Бібліятэкі францускай драматургіі” яшчэ два на падыходзе. Зьяўляюцца новыя імёны перакладчыкаў. Аднак, гэта асобныя прыватныя ініцыятывы. Што тычыцца дзяржавы, дык Лявон Баршчэўскі параўноўвае:

“Раней была іншая праблема: друкавалі вялікіх сяброў Савецкага Саюзу ў перакладзе на беларускую мову, і толькі рэдкія пазыцыі ўдавалася прабіць сярод агульнапрызнаных аўтараў. Цяпер жа праблема ў тым, што дзяржвыдавецтвы фактычна ігнаруюць гэту справу. Праўда, у апошнія пару месяцаў выдалі том Юзафа Ігнацыя Крашэўскага, які, аднак, сёньня ўжо, мякка кажучы, застаецца толькі чытанкай для спэцыялістаў, і зборнік вершаў Рышарда Капусьцінскага зь перакладамі і на беларускую, і на расейскую мовы. Гэта ўсё, што дзяржаўныя выдавецтвы за апошнія гады здолелі нарадзіць. І гэта найперш ганьба для дзяржавы, якая павінна такія праграмы распрацоўваць і падтрымліваць. Але з палітычных мэтаў гэтага ня робіць”.

Ян Максімюк чытае па-чэску і па-польску ўсё, што годнае ўвагі

Усе мае суразмоўцы з зайздрасьцю гавораць, што і клясычныя творы, і ўсе навінкі ўсясьветнай сур’ёзнай літаратуры імгненна перакладаюцца ў суседніх зь Беларусьсю краінах – Польшчы, Латвіі, Літве, Чэхіі, Расеі. І гэта пацьвярджае перакладчык з шэрагу эўрапейскіх моваў Ян Максімюк (аўтар ужо легендарнай беларускамоўнай вэрсіі рамана Джэймса Джойса “Уліс”), які паходзіць з польскага Падляшша і жыве ў Чэхіі:

“У Чэхіі фактычна перакладаецца ўсё годнае ўвагі, што выходзіць ў сьвеце. У іх нармальны чытацкі рынак. У іх няма клопату з чытаньнем па-чэску, а таму ўсё самае цікавае зьяўляецца вельмі хутка ў кнігарнях. Скажам, са спазьненьнем год ці два гады выходзяць такія рэчы, якія нарабілі шуму дзесьці за мяжою”.

Што тычыцца ўласна інтэлектуальнай літаратуры, якая ня можа даць прыбытку, дык там выдавецтвы знайшлі выйсьце:

“Цяжкавата выжыць з такой літаратурай, але выдавецтва, якое выпускае такую літаратуру, зарабляе на літаратуры больш папулярных жанраў – жаночых раманах, дэтэктывах, фэнтазі. А такую літаратуру накладам у тысячу асобнікаў ці нават меней выпускае, я сказаў бы, дзеля прэстыжу”.

Аднак у Беларусі існуе праблема, якая не ўласьцівая ці мала знаёмая літаратарам і выдаўцам суседніх краінаў – панаваньне расейскай мовы і залежнасьць ад расейскага рынку. І з гэтай праблемай, на думку Зьмітра Коласа, аднолькава сутыкаюцца і прыватныя, і дзяржаўныя выдавецтвы:

“Бо ня кожны чалавек, які прачытае кнігу па-расейску, будзе перачытваць яе толькі таму, што яна выдадзена па-беларуску. Прынамсі ня кожнага аўтара пачнуць перачытваць. Мы ўжо спазьняемся і заўсёды спазьняліся ў гэтым пляне, а цяпер гэтае адставаньне ня тое, што з кожным годам, з кожным днём павялічваецца, таму што на расейскую мову перакладаецца практычна ўсё, што вартае быць перакладзеным. З кожным днём становішча пагаршаецца”.