Я.Басін: “Моладзі трэба ведаць праўду пра тыя падзеі”

Любоў Лунёва, Менск Да 70-х угодкаў піку сталінскіх рэпрэсіяў выйшла некалькі кніг й навукова-публіцыстычны зборнік пра трагічныя падзеі, якія адбываліся падчас масавага бальшавіцкага тэрору ў Беларусі. Ва ўправе Партыі БНФ адкрылася выстава. Імпрэзы ладзіць Камітэт ушанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
Прэзэнтацыю кніг і выставу ва ўправе Партыі БНФ ладзіць Камітэт ушанаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Сябры Камітэту ад пачатку году кожны месяц 29-га чысла ўскладаюць кветкі і запальваюць сьвечкі на месцах масавых расстрэлаў. У Менску гэта парк Чалюскінцаў, Лошыца і Курапаты. Сябры камітэту наведалі аналягічныя мясьціны ў кожным абласным цэнтры.

Сакратар камітэту Ўладзімер Раманоўскі апавёў “Свабодзе”:

“Сёньня мы падсумоўваем вынікі сваёй дзейнасьці на працягу году. Ад сёньняшняга дня пачынае працаваць выстава, якая адлюстроўвае тыя трагічныя падзеі, якія адбываліся ў Беларусі ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя.

29 кастрычніка 1937 года ад рук катаў загінулі толькі ў Менску каля сотні чалавек, большасьць зь якіх былі прадстаўнікамі інтэлігенцыі. А разам у Беларусі ў той дзень было зьнішчана каля двухсот чалавек”.

Ва ўправе Партыі БНФ сёньня прэзэнтуюць тры кнігі пра сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі.

Складальнік зборніку Якаў Басін лічыць, што ў сёньняшніх умовах такія публікацыі вельмі патрэбныя грамадзтву.

“Па-першае, ёсьць такая рэч, як гістарычная памяць народу. Яна — галоўны складнік таго, што завецца нацыянальнай самасьвядомасьцю. Сёньня мы бачым, як самасьвядомасьць беларускага народу саступае самасьвядомасьці ў такіх рэгіёнах, як, напрыклад, Украіна ці Прыбалтыка. А нацыянальная сьвядомасьць на парадных маршах і пераможных рэляцыях не выхоўваецца.

Па-другое, на жаль, у нас у рэспубліцы вядзецца лінія, што ўсё добра і ніякіх праблемаў няма. Рана ці позна такая пазыцыя можа прывесьці да вельмі сур’ёзнай нацыянальнай катастрофы”.

На суд чытачоў таксама прадстаўленыя кнігі Леаніда Маракова “Ахвяры і карнікі” і Алены Кобец-Філімонавай “Калымскія амазонкі”.

29 кастрычніка сябры Камітэту правядуць мітынг-рэквіем у Курапатах.

Уладзімер Раманоўскі паведаміў, што працягнецца праца дзеля ўсталяваньня помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Ён прыгадаў, што рашэньне пра помнік прынялі менскія гарадзкія ўлады яшчэ напачатку 1990-х.

• “Будуць сапраўды традыцыйныя Дзяды”, 26.10.2007