Невядомыя вандалы размалявалі свастыкамі могілкі ў Воршы

Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Мясцовая жыхарка зьвярнулася ў Аршанскі гарадзкі аддзел міліцыі з нагоды таго, што помнікі на магілах ейных сваякоў размаляваныя свастыкамі, а партрэты запэцканыя чорнай фарбай. Па гэтым факце распачатая крымінальнай справа.
Пра тое, што на могілках па вуліцы Чырвонаармейскай зафіксаваныя факты вандалізму, распавёў дырэктар Аршанскага спэцкамбінату рытуальнага абслугоўваньня насельніцтва Васіль Дзяржыцкі.

"Гэта невялікія могілкі, і амаль на 100 адсоткаў ужо запоўненыя, -- распавядае спадар Дзяржыцкі. – На двух пахаваньнях відавочныя факты вандалізму: помнікі залітыя чорнай фарбай, свастыкі. Ня ведаю, з чым гэта зьвязана. Вы ж разумееце: калі свастыка – дык гэта нібыта зьвязанае з чымсьці. Выпадак неардынарны. Але ў нас 14 могілак, на ўсіх вартаўнікоў не паставіш, гэта не па кішэні бюджэту".

Міліцыянты завялі крымінальную справу супраць невядомых вандалаў паводле першай часткі 347-га артыкулу Крымінальнага кодэксу "Зьневажальныя дзеяньні ў дачыненьні да трупа або магілы". Вінаватым пагражае штраф або арышт на тэрмін да 6 месяцаў, або да трох гадоў турэмнага зьняволеньня – у залежнасьці ад таго, як суд ацэніць нанесены ўрон.

Аднак найперш вінаватых трэба знайсьці. Паводле аршанскага гісторыка і краязнаўцы Юрыя Копціка, падобныя факты вандалізму на могілках здараліся й раней, аднак вінаватых знаходзілі не заўсёды.

"Два гады запар фіксаваліся выпадкі вандалізму, прычым пераважна на габрэйскіх могілках па вуліцы Энгельса, – кажа Юрый Копцік. – У першым выпадку вінаватыя былі падлеткі, па 15-17 год, якія разьбівалі помнікі і ламалі агароджы. Праўда, свастыкаў не было. Іхных бацькоў пакаралі па поўнай праграме. А ў другім выпадку вінаватых так і не знайшлі".

Міліцыянты пакуль не акцэнтуюць увагу на тым, што на месцы вандалізму на могілках па вуліцы Чарвонаармейскай зьявіліся менавіта выявы свастыкі. Хаця яны не выключаюць таго, што ў дадзеным выпадку мелі месца праявы экстрэмісцкіх поглядаў.

На думку віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, і свастыкі на могілках, і нядаўнія лісты, дасланыя віцебскім апазыцыйным актывістам ад імя віцебскай філіі "Русского Национального Единства", можна лічыць зьявамі аднаго парадку. Яны адлюстроўваюць наяўнасьць прафашыстоўскіх настрояў у пэўнай часткі беларускага грамадзтва.

"Тое, што ў Воршы па факце вандалізму на могілках завялі крымінальную справу, сьведчыць пра тое, што праваахоўныя органы прыйшлі да высновы: у нас, магчыма, існуюць і дзейнічаюць прафашыстоўскія групоўкі. Але ж у Віцебску, дзе апазыцыйных актывістаў запалохваюць ад імя РНЕ, не завялі ніводнай крымінальнай справы. А гэта сьведчыць пра тое, што пэўную ролю ўсё ж адыгрывае палітыка".

15 жніўня адразу чацьвёра віцебскіх актывістаў атрымалі лісты з пагрозамі на аркушах з выявамі свастыкі. Але свастыкі на могілках міліцыянты палічылі за больш сур’ёзную нагоду для крымінальнае справы, чымсьці пагрозы ад імя РНЕ жывым людзям.

• Віцебск: міліцыя адмаўляецца заводзіць справу супраць РНЕ, 15.10.2007