<B>На выбарах у Польшчы перамагла “Грамадзянскай плятформа” </B>

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы адбыліся датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Палякі абралі 460 дэпутатаў Сэйму і 100 Сэнату – вышэйшай палаты парлямэнту. Паводле папярэдніх вынікаў, перамагла лібэральная “Грамадзянская плятформа” Дональда Туска.
Паводле папярэдніх дадзеных, выбары выйграла апазыцыйная дагэтуль партыя “Грамадзянская плятформа” – яе падтрымалі 44% выбарцаў. Кіруючая цяпер партыя “Права і справядлівасьць” атрымала 31% галасоў. У парлямэнт увайшлі яшчэ дзьве палітычныя сілы – “Блёк левых партыяў і дэмакратаў” і Польская сялянская партыя.

Адаразу пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў галасаваньня лідэр “Грамадзянскай плятформы” Дональд Туск заявіў.

“Я хацеў бы падзякаваць усім тым, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі, каб прагаласаваць за лепшы лёс. Мы шмат тыдняў пераконвалі, што палякі заслугоўваюць на тое, каб мець лепшы ўрад і лепшае жыцьцё”.

Такія вынікі галасаваньня азначаюць, што ніводная з партыяў ня зможа стварыць ўрад самастойна – прыйдзецца шукаць кааліцыянтаў. Найбольш рэальна выглядае кааліцыця паміж Грамадзянскай плятформай і “Блёкам левых сілаў і дэмакратаў”.

Між тым цяперашяя кіруючая партыя “Права і справядлівасьць” пераходзіць у апазыцыю.

“Тое што мы зрабілі цягам мінулых двух гадоў, шмат хто ў Польшчы заўважыў, і гэтыя людзі зноў нас падтрымалі. Ад шчырага сэрца дзякую ім за гэта”, – заявіў лідэр “Права і справядлівасьці”, прэм’ер-міністар Яраслаў Качыньскі.

Што да магчымага ўплыву вынікаў выбараў на польскую пазыцыю ў дачыненьні да Беларусі, дык тут наўрад ці можна чакаць нейкіх зьменаў.

Вядучыя палітыкі “Грамадзянскай плятформы” а таксама Дэмакратычнай партыі – Богдан Кліх, Дональд Туск, Браніслаў Камароўскі, Януш Анышкевіч ды іншыя і ў Польшчы і ў Эўрапарлямэнце неаднойчы ўздымалі праблемы, зьвязаныя з палітыкай і Варшавы і Брусэлю у дачыненьні да Менску.

Паводле польскага Цэнтарвыбаркаму афіцыйныя вынікі выбараў будуць вядомыя ў панядзелак увечары.

Дональд Туск падпісвае 10 выбарчых абавязаньняў “Грамадзянскай плятформы”