В.Зубкоў і яго каманда арыентуюцца на рынак

Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску знаходзіўся кіраўнік ураду Расеі Віктар Зубкоў. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, правёў перамовы зь Сяргеем Сідорскім і паўдзельнічаў у паседжаньні Саўміну так званай саюзнай дзяржавы.
Для Віктара Зубкова як прэм’ер-міністра гэты прылёт у Беларусь стаў першым. Але раней ён неаднойчы наведваў Менск, прынамсі, калі займаў пасаду кіраўніка фінансавай выведкі Расеі.

Галоўнымі тэмамі двухбаковых сустрэчаў стала гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Статыстыка паказвае, што сёлета доля Расеі ў тавараабароце Беларусі складае 48%.

Пра гэта казаў і Аляксандар Лукашэнка:

“Расея ўстае з каленяў. І калі ў Расеі зьяўляюцца вялікія магчымасьці, дык і ў нас зьяўляецца больш магчымасьцяў, паколькі амаль палову сваёй прадукцыі мы пастаўляем у Расею. Багаты пакупнік мае магчымасьць добра заплаціць”.

“Уплыў гандлю з Расеяй заўжды быў сур’ёзным”

А вось доля Беларусі ў расейскім замежным гандлі — 4,6%.

Прафэсар Барыс Жаліба так камэнтуе гэтыя лічбы:

“Яны штогод значна не зьмяняюцца. Але ёсьць для нас пазытыўная тэндэнцыя — усё ж такі доля Расеі ў нашым экспарце трохі зьніжаецца. А доля заходніх краінаў трохі павялічваецца. І гэта добра, бо мы там зарабляем валюту.

Зразумела, што доля Беларусі ў расейскім тавараабароце нязначная. І мы ім ніякіх праблемаў ня створым, калі нешта паменшым ці павялічым. А вось для нас уплыў гандлю з Расеяй заўжды быў больш чым сур’ёзным. Гэта ўсё застаецца.

Іншая наша бяда, што імпарт з Расеі да нас павялічваецца. І перадусім – за больш высокія кошты, – энэрганосьбітаў”.

Перамоваў па новых умовах пастаўкі газу сёлета ня будзе?

Афіцыйныя асобы, якія суправаджаюць Віктара Зубкова, адзначаюць: Расея не плянуе сёлета праводзіць новых перамоваў аб умовах пастаўкі газу ды іншых энэрганосьбітаў у Беларусь. Прынамсі, намесьнік міністра Іван Мацёраў сказаў: “Мы зыходзім з таго, што формула разьліку коштаў ужо існуе, і таму цану трэба разьлічваць аўтаматычна”.

Прафэсар Барыс Жаліба гаворыць, што ў формуле разьлікаў ёсьць пэўная нявызначанасьць, паколькі кошт газу для Беларусі на наступны год будзе складаць 67% ад усясьветнай цаны:

“Але ж усясьветная цана на газ залежыць ад усясьветнай цаны на нафту. А тая вельмі рухомая. І, канечне, трэнд ідзе ўгару. І таму галоўны гандаль будзе ісьці вакол таго, якую цану лічыць усясьветнай. Тут прадмет для перамоваў ёсьць.

А расейцы даюць зразумець, што гандлю ня трэба. Сёньняшняя ўсясьветная цана — 280. Значыць, будзе дзесьці калі не 180, дык 160 даляраў за тысячу кубоў”.

“Зубкоў — чалавек старой закваскі”

Эканаміст Васіль Шлындзікаў упэўнены, што расейцы сёлета не саступяць:

“Зубкоў — чалавек старой закваскі. І ён ня будзе, так бы мовіць, дрыгацца. Бо гэта можа паўплываць на яго імідж. А мне падаецца, што менавіта яго рыхтуюць у пераемнікі Пуціну.

Расейцы ўжо вызначыліся на карысьць рынку. І яны ня хочуць, каб ім і далей плялі лапці. Хутка і ўнутры Расеі яны пяройдуць на рынкавыя кошты”.

Паводле ацэнак розных экспэртаў, кошт 1 тысячы кубамэтраў газу для Беларусі ў наступным годзе будзе складаць ад 125 да 180 даляраў (сёлета - 100 даляраў).


“Ад Віктара Зубкова Менску можна чакаць большай цьвёрдасьці”, 19.10.2007 Аляксандар Класкоўскі: “Магчыма, газавай вайны і ня будзе”, 19.10.2007