Гомель: абласны суд адхіліў скаргі актывістаў З.Жалезьнічэнкі і Л.Невара

Радыё Свабода Сёньня судзьдзя Гомельскага абласнога суду Аляксей Шаміхін адхіліў скаргу моладзевага актывіста Зьмітра Жалезьнічэнкі на 8-сутачны арышт і штраф 620 тысяч рублёў. Так спадара Жалезьнічэнку пакаралі паводле абвінавачаньня ў лаянцы і непадпарадкаваньні міліцыі.
Зьміцер Жалезьнічэнка заявіў, што “ў абласным судзе нічога прынцыпова новага ня ўбачыў. Усё праходзіць, як звычайна. Даведаліся толькі прозьвішча яшчэ аднаго судзьдзі, які мае свае маральныя прынцыпы, сваю адказнасьць, сваё бачаньне таго, як трэба весьці судовыя працэсы. Магчыма, спатрэбіцца для гісторыі”.

17 верасьня ўвечары старшы лейтэнат міліцыі з патрульна-паставой службы Аскераў затрымаў у падземным пераходзе ля ўнівэрмагу выключанага з унівэрсытэту імя Ф.Скарыны студэнта-выдатніка матэматычнага факультэту Зьмітра Жалезьнічэнку.

Напачатку моладзевага актывіста абвінавацілі ў згвалтаваньні. З Чыгуначнага райаддзелу міліцыі яго адвезьлі ў Цэнтральны раённы аддзел унутраных справаў, дзе склалі пратаколы нібыта за нецэнзурную лаянку й непадпарадкаваньне міліцыі.

У той жа вечар спадара Жалезьнічэнку зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. А назаўтра судзьдзя Цэнтральнага раёну Марына Дамненка пакарала моладзевага актывіста 8 суткамі арышту й штрафам.

Стала вядома таксама, што Міністэрства адукацыі Беларусі, куды зьвяртаўся выдатнік Жалезьнічэнка, адхіліла ягоную просьбу пра аднаўленьне ва ўнівэрсытэце.

Абласны суд сёньня пакінуў без задавальненьня й касацыйную скаргу грамадзкага актывіста і прадпрымальніка з Рэчыцы Леаніда Невара. За колькі дзён перад фэстам “Дажынкі” рэчыцкі судзьдзя Анатоль Стрэльчанка арыштаваў спадара Невара на шэсьць сутак — нібыта за лаянку на начальніка ідэалягічнага аддзелу мясцовага райвыканкаму Туміловіча.


Гомель: прадстаўніца ўнівэрсытэту не разумее па-беларуску, 18.10.2007 Гомель: студэнт-выдатнік праз суд аспрэчвае адлічэньне з унівэрсытэту, 18.10.2007 Гомель: на волю выйшаў моладзевы актывіст Зьміцер Жалезьнічэнка, 25.09.2007 Рэчыца: грамадзкі актывіст Леанід Невар асуджаны на 6 сутак, 19.09.2007