“Ямал-Заходняя Эўропа” не дабудаваны з-за праблемаў на тэрыторыі Польшчы?

Радыё Свабода Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў сёньня, што будаўніцтва другой ніткі газаправода “Ямал-Заходняя Эўропа” па тэрыторыі Беларусі адкладзенае на нявызначаны тэрмін з прычыны праблемаў з уласнасьцю на тэрыторыі Польшчы.
"Мы апякліся на першай нітцы з уласнасьцю на тэрыторыі Польшчы, і пакуль гэтае пытаньне не ўрэгуляванае, будаўніцтва другой ніткі адцягваецца", – сказаў пасол Сурыкаў журналістам у Менску на Беларускім энэргетычным форуме.

Акрамя таго, паводле пасла, на рашэньне расейскага боку паўплываў пачатак будаўніцтва Паўночнаэўрапейскага газаправода “Паўночны паток” у абыход Беларусі і Польшчы. Камэнтуючы будаўніцтва “Паўночнага патоку”, пасол адзначыў, што "гэта традыцыйная барацьба краіны-вытворцы і краіны-транзытэра, кожны хоча максымальна абмінуць пасярэднікаў".

Словы расейскага пасла сталі адказам на заявы Аляксандра Лукашэнкі на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў, якая адбылася на мінулым тыдні. Тады кіраўнік Беларусі ў чарговы раз рэзка скрытыкаваў Расею за пляны пабудовы “Паўночнага патоку”, а таксама прапанаваў Маскве пабудаваць празь Беларусь другую нітку “Ямал-Заходняя Эўропа”. Лукашэнка тады ўпершыню агучыў прапанову , што на 5 гадоў транзіт праз гэтую другую ветку газаправоду будзе вызвалены ад падаткаў.

Якой будзе цана расейскага газу для Беларусі?, 17.10.2007 Беларусь дамовілася з Расеяй пра аб’ёмы газу, але не пра кошты, 17.10.2007