Андрэа Рыгоні цікавіцца выкананьнем 12 умоваў Эўразьвязу

Алесь Дашчынскі, Менск У Менску знаходзіцца зь візытам дакладчык палітычнага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні. Сёньня ён сустрэўся з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску. Спадар Рыгоні заявіў, што трымаецца 12 палітычных умоваў, якія выставіў Беларусі Эўрапейскі Зьвяз.
Мэта візыту спадара Рыгоні — падрыхтоўка на пачатку 2008 году адмысловай справаздачы пра сытуацыю ў Беларусі. Ён заявіў, што павінен вывучыць, як выконвае афіцыйны Менск 12 умоваў Эўрапейскага Зьвязу.

Спадара Рыгоні цікавіць стан дэмакратыі, захаваньня правоў чалавека, разьвіцьцё дыялёгу паміж уладай і дэмакратычнымі інстытутамі.

Рыгоні мае высьветліць, ці зрабіла Беларусь канкрэтныя крокі да збліжэньня з Радай Эўропы і ці паўсталі спрыяльныя ўмовы для дыялёгу з ПАРЭ.

Візыт адбываецца пасьля прыезду ў Беларусь у студзені 2007 году старшыні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэна. Спадар Рыгоні заявіў, што плянуе абмеркаваць магчымы працяг і новыя сустрэчы.

Андрэа Рыгоні пагутарыў сёньня з кіраўнікамі абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Вадзіў Папоў заявіў, што Беларусь настойвае на аднаўленьні статусу спэцыяльна запрошанай у Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Нагадаем, гэты статус прыпынілі 13 студзеня 1997 году пасьля рэфэрэндуму, непрызнанага міжнароднай супольнасьцю.

Сёньня ў Менску спадар Рыгоні сустрэўся таксама зь дзелавымі коламі краіны, з расейскім амбасадарам і са студэнтамі Белдзяржунівэрсытэту.

На сустрэчу са студэнтамі прадстаўнікі адміністрацыі ўнівэрсытэту пусьцілі карэспандэнта БелТА і не пусьцілі карэспандэнта “Свабоды”. Выкліканая прэсавая сакратарка БДУ Вольга Шчадрына сказала:

“Рэч у тым, што мы нікога не запрашалі, бо гэтым мерапрыемствам кіруе Нацыянальны сход. І каго яны запрасілі, той з журналістаў і мог тут прысутнічаць”.

Карэспандэнт: “А хто адбіраў студэнтаў на гэтую сустрэчу?”

“Гэта студэнты факультэту міжнародных дачыненьняў, і якраз у іх праводзяцца такія сустрэчы з прадстаўнікамі розных парлямэнтаў. У іх спэцыялізацыя такая”.

У сустрэчы бралі ўдзел толькі студэнты старэйшых курсаў факультэту міжнародных дачыненьняў. Некаторыя зь іх па сустрэчы падзяліліся ўражаньнямі, але не называлі сваіх прозьвішчаў. Студэнт Аляксей сказаў:

“Такія сустрэчы вельмі карысныя, бо на іх можна даведацца пазыцыю такіх арганізацыяў, як Рада Эўропы і Эўразьвяз, адносна разьвіцьця дэмакратыі ў краіне. У прынцыпе, для мяне нічога новага не было. Ясна, што адна з галоўных праблемаў — гэта разьвіцьцё дэмакратыі й правоў чалавека ў Беларусі”.

Паводле студэнткі Аляксандры, пасьля выступу спадар Рыгоні адказваў на пытаньні — і даваў няпэўныя адказы:

“Больш-менш выразна ўяўляецца цяпер пазыцыя ПАРЭ адносна Беларусі. І спадзяюся, што гэта сустрэча дапаможа растапіць лёд, які ўзьнік у стасунках Беларусі й ПАРЭ”.

Карэспандэнт: “Вы хочаце, каб Беларусь стала сябрам Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы?”

“Вядома, бо гэта шанец стаць часткай Эўропы. На жаль, нас пакуль не прызнаюць часткай Эўропы. Натуральна, гэта дае многія магчымасьці, у тым ліку і студэнтам наведваць іншыя ўнівэрсытэты. Цяпер ажыцьцяўляюцца праграмы абмену студэнтаў, але пасьля ўступленьня ў Эўразьвяз гэта стане намнога прасьцей”.

Андрэа Рыгоні ачольвае дэлегацыю Італіі ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, ён віцэ-прэзыдэнт Асамблеі. У лютым 2007 году камітэт ПАРЭ ў палітычных пытаньнях прызначыў яго дакладчыкам па Беларусі.

16 верасьня 1992 году парлямэнт Беларусі атрымаў статус адмыслова запрошанай краіны ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. 13 студзеня 1997 году, пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году, беларускі парлямэнт быў пазбаўлены гэтага статусу. 30 студзеня 2004 году бюро Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы адхіліла просьбу парлямэнту Беларусі аб аднаўленьні статусу, палічыўшы, што прычыны, па якім парлямэнт Беларусі быў пазбаўлены статусу у 1997 годзе, застаюцца ў сіле.

Беларусь з 1994 году бярэ ўдзел у частковым пагадненьні па Эўрапэйскай камісіі “За дэмакратыю праз права” (Вэнецыянская камісія).


• А. Рыгоні: "Пытаньне пра статус Беларусі ў Радзе Эўропы – адкрытае", 16.10.2007 • Дакладчык у справах Беларусі зьбіраецца вывучаць сытуацыю на месцы, 16.10.2007 • Рымскі журналіст: “Рыгоні – малавыразны палітык”, 14.02.2007 • Гайдукевіч заявіў у Рыме, што ў Беларусі няма палітвязьняў, 22.06.2007 • Новы дакладчык па Беларусі выступае за дыялёг з уладай і апазыцыяй, 14.02.2007 • Ці выпрацуе Эўропа кансалідаваную пазыцыю адносна Беларусі?, 17.04.2007