Гарадзенцы выходзяць на волю пасьля галадоўкі

Сяргей Астраўцоў, Горадня У нядзелю ўвечары з гарадзенскага спэцпрымальніка выйшлі пасьля пяцідзённага арышту тры дэмакратычныя актывісты. Два зь іх галадалі, а трэці проста адмовіўся ад турэмнай ежы. За кратамі ў Горадні застаюцца яшчэ тры актывісты, два зь іх праводзяць галадоўку — Юры Істомін і Ігар Банцар.
Першым адпусьцілі прафсаюзнага актывіста журналіста Івана Романа, ён сядзеў асобна ад іншых. Каля 23 гадзінаў на волю выйшлі старшыня абласной арганізацыі БСДГ Віктар Сазонаў і кіраўнік гарадзкой арганізацыі АГП Зьміцер Слуцкі. Чаму яны вырашылі галадаць, ці быў у гэтым сэнс? — пацікавіліся мы ў Віктара Сазонава:

“Мяне, Істоміна і Слуцкага пасадзілі ў адну камэру. Мы заявілі ад самага пачатку, што адмаўляемся ад ежы і аб’яўляем галадоўку пратэсту супраць рашэньня суду. Мы не маглі ніяк па-іншаму пратэставаць. Але самае галоўнае, што гэта наша грамадзянская пазыцыя, мы нейкім чынам мусім пратэставаць”.

Віктар Сазонаў паведаміў, што кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін застаўся сядзець яшчэ два дні, яго арыштавалі на сямёра сутак. На шпацыры ў суседнім дворыку яны пачулі знаёмыя галасы: аказалася, што там апынуліся яшчэ два актывісты Мікола Лемяноўскі і Ігар Банцар.

“Цяпер, як закончылася ў Менску мерапрыемства, так закончыўся і наш арышт, – гаворыць Віктар Сазонаў, – таму што зразумела, што тэрміны нам далі менавіта для таго, каб мы не змаглі трапіць у Менск, не змаглі арганізоўваць людзей. І самае галоўнае, што на выхадзе мяне сустрэлі сябры, якія былі ў Менску, яны вярнуліся і распавялі мне, што ім давялося дабірацца акружнымі шляхамі, таму што на іх таксама палявалі”.

А ці быў нейкі розгалас на волі аб масавай галадоўцы за кратамі? Гаворыць Эдуард Дмухоўскі з руху “За свабоду”:

“Аб тым, што яны абвясьцілі галадоўку, я прачытаў на сайце Радыё Свабода, больш нічога я ня чуў на гэты конт і ведаю, што толькі Банцар афіцыйна заявіў пра дзесяць дзён галадоўкі”.

Наколькі эфэктыўным сродкам можна лічыць галадоўку, ці варта галадаць за кратамі?

“Гэта няправільна, навошта губіць сваё здароўе? – лічыць Эдуард Дмухоўскі. – Таму што на сёньняшні дзень гэта нічога не вырашае і нікога гэта не абурае, і абсалютна ніякай рэакцыі з боку тых жа ўладаў няма: яны гэта папросту ігнаруюць. У нас галадовак ужо было вельмі шмат, былі вельмі сур’ёзныя галадоўкі, і людзі сябе даводзілі да вельмі кепскага фізычнага стану. Таму мая асабіста думка, што ня варта губіць сваё здароўе, трэба проста мацаваць свой дух, быць фізычна здаровым, каб змагацца зь імі надалей”.

• Ці прыедуць рэгіянальныя актывісты на “Эўрапейскі марш”?, 12.10.2007 • Горадня: А.Борыс аштрафавалі, І.Банцара арыштавалі , 11.10.2007 • Горадня: Міколу Лемяноўскага арыштавалі на 5 сутак, 11.10.2007 • Польскія дыпляматы спрабуюць вызваліць затрыманых у Горадні, 10.10.2007 • Чатыры арыштаваныя актывісты ў Горадні абвяшчаюць галадоўку, 10.10.2007