Гары Каспараў: Пуцін дзейнічае, як Лукашэнка

Тацяна Поклад, Прага У Вашынгтоне адбылася міжнародная канфэрэнцыя “Расея – год пасьля забойства Ганны Паліткоўскай”. Расейская журналістка Ганна Паліткоўская была забітая год таму, 7 кастрычніка, у Маскве, у пад’езьдзе свайго дому. Яна была адным з самых жорсткіх крытыкаў расейскіх уладаў. Забойцы і замоўшчыкі забойства дагэтуль ня сталі перад судом.
Кангрэсмэн з Палаты прадстаўнікоў ЗША Том Лэнтас ведаў асабіста Ганну Паліткоўскую:

“Ганна Паліткоўская – адна з самых выбітных жанчын, якіх я сустракаў у сваім жыцьці. Гэты незвычайны чалавек быў забіты ў пад’езьдзе свайго дому, і гэта адна з многіх ахвяраў улады, якая робіцца ўсё больш аўтарытарнай”.

Том Лэнтас таксама ў сваім выступе даў высокую ацэнку здольнасьцям і мужнасьці расейскага апазыцыйнага палітыка Гары Каспарава, лідэра “Аб’яднанага грамадзянскага фронту”, які таксама браў удзел у форуме. Гары Каспараў у Вашынгтоне гаварыў пра Ганну Паліткоўскую і пра сытуацыю ў Расеі:

“7 кастрычніка мы памятаем як дзень трагічных супадзеньняў. Ніхто з нас ня верыў, аднак, што гэта быў няшчасны выпадак. Сёлета ва ўсёй Расеі машына дзяржаўнай прапаганды займалася днём нараджэньня Ўладзіміра Пуціна і ігнаравала гадавіну забойства Ганны Паліткоўскай. Мы ўсе павінны рабіць усё магчымае, каб зьмяніць гэты жахлівы стан рэчаў. Сёньня мы можам сказаць, што Пуцін моцна памыліўся, калі год таму, у сваёй першай рэакцыі на забойства Ганны, ён сказаў, што яе ўплыў быў зусім невялікі, і яе сьмерць прынесла больш шкоды расейскай дзяржаве, чым яе публікацыі”.

Гары Каспараў адзначыў, што ён ня можа цалкам пазытыўна ацаніць дэмакратыю пры былым расейскім прэзыдэнце Барысу Ельцыну, але ў тыя часы ў Расеі былі пэўныя інстытуцыі, якія маглі б паслужыць для будучыні – аднак цяпер усё гэта разбуранае:

“Адзін з важных элемэнтаў квазі-дэмакратыі Пуціна – гэта папулярнасьць Пуціна. Для ўладаў гэта вельмі важна. Увесь час нам дэманструюць рост гэтай папулярнасьці, і ў дзень гэтак званых выбараў колькасьць прыхільнікаў Пуціна можа павялічыцца да 100 %”.

“Я заклікаю да вялікай асьцярожнасьці пры выкарыстаньні словаў накшталт “выбары” ды іншых дэмакратычных палітычных тэрмінаў у часе размовы пра Расею. Таму што гэта ўсё – фальсыфікацыя. У Расеі няма барацьбы за перамогу на выбарах, мы змагаемся яшчэ толькі за тое, каб мець выбары”.

Гары Каспараў адзначыў, што ёсьць шмат важных пытаньняў у дачыненьнях паміж Расеяй і ЗША, і “энэргэтычная залежнасьць эўрапейскіх краінаў ад Расеі”, аднак, паводле яго словаў, “падвойныя стандарты” не павінны ўжывацца:

“Сёньня мы маем такую няёмкую сытуацыю, калі Пуцін дзейнічае як Лукашэнка (у Беларусі) альбо як Мугабэ (у Зімбабвэ), але з Пуціным абыходзяцца як з прадстаўніком эксклюзіўнага дэмакратычнага клюбу. Расея сёньня не адпавядае ніякім дэмакратычным стандартам”.

***

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода было адным з арганізатараў форуму ў Вашынгтоне, у якім бралі удзел амэрыканскія парлямэнтары, праваабаронцы, прадстаўнікі расейскай апазыцыі. Узгадваючы Ганну Паліткоўскую, яны гаварылі аб абмежаваньнях свабоды слова ў Расеі, фактах парушэньняў правоў чалавека.

У часу выступу на канфэрэнцыі ў Вашынгтоне адна з кіраўнікоў Камітэту ў абарону журналістаў Ніна Агнянава паведаміла, што ад 2000 году у Расеі пры выкананьні службовых абавязкаў былі забітыя 17 супрацоўнікоў СМІ.

• Ганна Паліткоўская. 1958 - 2006. Фотагалерэя 6.10.2007, 6.10.2007 • 7 кастрычніка – гадавіна забойства журналісткі Ганны Паліткоўскай, 6.10.2007 • Гадавіна забойства Паліткоўскай: “Людзі згубілі шанц даведацца праўду пра Чачэнію”, 4.10.2007 • Расея найбольш небясьпечная для журналістаў пасьля Іраку і Альжыру, 12.10.2006 • "Ганна была адзінай, хто казаў праўду пра жахі ў Чачні...", 11.10.2006