Нобэлеўскі ляўрэат-2007 - Дорыс Лэсінг

Радыё Свабода, Прага Нобэлеўская прэмія ў галіне літаратуры за 2007 год прысуджаная брытанскай пісьменьніцы Дорыс Лэсінг. Швэдзкая акадэмія навук адзначыла яе як “эпіка жаночага вобразу, якая са скепсісам і сілай прадбачаньня дасьледуе гэтую расколатую цывілізацыю”.
Дорыс Лэсінг (сапраўднае імя Дорыс Мэй Тэйлар) нарадзілася 22 кастрычніка 1919 году у Керманшагу (цяперашні Іран), у дзяцінстве пераехала з бацькамі ў Паўднёвую Радэзію. Працавала тэлефаністкай і журналісткай. У трыццацігадовым узросьце пасялілася ў Лёндане. У 1950-60-ых гадах была чальцом кампартыі, удзельнічала ў антыядзерным руху.

У 1950 годзе надрукавала раман “Трава сьпявае”, на мяжы 1970-80 гадоў выпусьціла сэрыю фантастычных раманаў. Адзін зь яе самых вядомых раманаў – “Залаты дзёньнік” – зрабіўся культавым творам для фэміністычнага руху. Раманы “Інструкцыя перад спускам ў пекла” і “Лета перад заходам” паказваюць цяжкі псыхічны стан пэрсанажаў. Апошнія творы пісьменьніцы – раманы “У маёй скуры”, “Ісьці ў цені” і “Бэн, пакінуты”.

Лэсінг таксама аўтар зборнікаў апавяданьняў і чатырох драматургічных твораў, якія былі пастаўленыя ў брытанскіх тэатрах. Некалькі гадоў таму Лэсінг наведала Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, дзе калісьці жыла і куды ў свой час ёй быў забаронены ўезд за крытыку апартэіду.

Пісьменьніца зьяўляецца доктарам Гарвардзкага ўнівэрсытэту. Ляўрэат шэрагу літаратурных прэміяў.