Горадня: А.Крэнтоўскі — пра шэнгенскія візы і пра затрыманьне А.Борыс

Сяргей Астраўцоў, Менск У Генэральным консульстве Рэспублікі Польшчы ў Горадні адбылася прэсавая канфэрэнцыя, прысьвечаная зьменам у візавым рэжыме. Яны зьвязаныя з далучэньнем гэтай краіны да Шэнгенскай зоны ў 2008 годзе. Гаварылі і пра затрыманьне ў Горадні Анжалікі Борыс, якая кіруе Саюзам палякаў, і Ігара Банцара, які рэдагуе польскамоўны часопіс.
Генэральны консул Анджэй Крэнтоўскі зазначыў, што шэнгенскія візы ў Горадні пачнуць выдаваць з 1 сьнежня. Каштаваць яны будуць 60 эўра, што, на ягоную думку, задорага для часткі беларускіх грамадзянаў — пэнсіянэраў, моладзі:

“Вялікая перамена ў тым сэнсе, што калі мы пачалі ад таннай візы і сканчаем дарагой, то значыцца, гэта ня той шлях, які павінен быць, але гэта ўжо маё меркаваньне”.

Два раўнды перамоваў паміж МЗС Польшчы і Беларусі не зьмянілі кошту будучых шэнгенскіх візаў, таму дыплямат лічыць, што ў гэтым кірунку яшчэ варта зрабіць новыя крокі.

Анджэй Крэнтоўскі сказаў, што на візавых перамовах закраналі пытаньне Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс, які не прызнаецца беларускімі ўладамі.

“Гэта не таямніца, што гаварылася наконт Саюзу палякаў, і польскі бок па-ранейшаму падтрымлівае Анжаліку Борыс. Мы гэта выказалі вельмі выразна. А беларускі бок сказаў, што ён падтрымлівае спадара Лучніка. Была выказаная просьба, каб беларускі бок больш талерантна і спакойна падыходзіў да гэтай сытуацыі”, — кажа Крэнтоўскі.

Але 10 кастрычніка раптоўна ў Горадні затрымалі актывіста Саюзу палякаў Ігара Банцара, а затым і кіраўнічку гэтай арганізацыі Анжаліку Борыс.

Анджэй Крэнтоўскі кажа, што калі прадстаўнікі консульства прыбылі ў пастарунак, міліцыянты гэтага не чакалі — тэлефанавалі кудысьці, раіліся, што рабіць. Але ўрэшце ў спадарыні Борыс узялі адбіткі пальцаў і завялі ў камэру. Так дыплямат апісаў тое, што сам бачыў у пастарунку.

Я пацікавіўся ягоным меркаваньнем наконт гэтых падзеяў.

“Я думаю, што гэта здарылася нечакана, і гэта адзінкавае здарэньне, што больш такога ня будзе, што цяпер будзе мір. Таму што ўсе чакаюць — і польскае насельніцтва чакае, і польскае консульства, і польскі бок таксама чакае, каб тут быў талерантны спакой, і мы спадзяемся, што так будзе”, — кажа Крэнтоўскі.

Анджэй Крэнтоўскі пакідае Беларусь, ён узначальваў Генэральнае консульства Польшчы ў Горадні пяць гадоў. 15 кастрычніка прыбывае ягоны пераемнік Адам Бернатовіч, які ўпершыню трапіў на дыпляматыную работу, зазначыў спадар Крэнтоўскі.

Генэральны консул Польшчы Анджэй Крэнтоўскі й ягоны намесьнік Януш Дамброўскі