Forum2000 – акцыя ў падтрымку дэмакратыі ў Бірме

Вольга Караткевіч, Прага Форум 2000, які сёньня завяршаецца ў Празе, апрача традыцыйнага абмеркаваньня сытуацыі з правамі чалавека ў розных краінах, праблемаў, зьвязаных з тым як і дзе пашыраць свабоду, меў адметнасьць. Акцыя ў падтрымку М''янмы (Бірмы), была арганізаваная ў галоўным будынку і залі паседжаньня.
Пра сытуацыю з правамі чалавека ў М''янме (цяперашні назоў Бірмы), дзе пануе ваенная ўлада і ў часе апошніх пратэстаў загінулі людзі, узгадвалі многія выступоўцы на форуме.

Пасьля вялізарнай колькасьці цікаўных да сёлетняй сустрэчы ў вочы кінулася, што нагрудныя ідэнтыфікацыйныя знакі - бэджы – на якіх напісана – дэлегат, назіральнік, прэса – перакрываліся бэджамі зь міжнародным будысцкім сьцягам. Гэта пасьля мне ўжо патлумачылі, што азначае карцінка зь перакрыжаванымі рознакаляровымі калёнкамі. Гэта колеры сьцягоў будысцкіх краінаў.



Гэтыя адзнакі раздаваліся пры ўваходзе ў галоўную залю паседжаньня і літаральна расхопліваліся. Раздавалі іх індус і бірманец. Кіраваў акцыяй малады чалавек эўрапейскай зьнешнасьці. На маё зацікаўленьне ён адказаў:

"Я паходжу зь Нямеччыны. Я пачаў супрацоўніцтва зь "Міжнароднай Амністыяй", правы чалавека ў Бірме. І я вырашыў працягваць працаваць з гэтым пытаньнем - Бірма. У нас арганізацыя, у якой 20-30 пастаянных удзельнікаў, а пры цяперашнім разьвіцьці іх можа быць нашмат болей. Ну а ва ўсім сьвеце шмат падобных арганізацый".



Завуць маладога чалавека Крыстаф Амтор, ён праект-мэнэджэр "Цэнтру Бірмы" ў Празе. Крыстаф Амтор сказаў, што дамагчыся сваёй акцыі на такім прадстаўнічым форуме было надзвычай складана, але... Згаданыя мной сьцяжкі ўдзельнікі бралі і для сябе, і для сяброў. Маладыя людзі ў кашулях з надпісамі "Свабоду Бірме" ці проста "Бірма" хадзілі па ўсіх залях і раздавалі спэцыяльную дэклярацыю, якая асуджае тое, што чыніцца ў Бірме і заклікае міжнародную супольнасьць не змаўчаць, калі забіваюць бязьвінных людзей.