Курапаты: паламалі галоўны крыж, які некалі прынесьлі ва ўрочышча ад будынку КДБ (Слайд-рэпартаж)

Ганна Соўсь, Курапаты У Курапатах невядомыя вандалы зламалі галоўны крыж “Пакутнікам Беларусі”. Чарговы раз апаганілі мэмарыяльны знак “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці” — гэтак званую лаву Клінтана. Вывернулі зь зямлі й адцягнулі да падземнага пераходу адзін з курапацкіх крыжоў.
СЛАЙД-РЭПАРТАЖ:

• Большы фармат, загружаецца павольней • Меншы фармат, загружаецца хутчэй

Галоўны курапацкі крыж “Пакутнікам Беларусі”, які прастаяў ва ўрочышчы амаль васямнаццаць гадоў, цяпер ляжыць на зямлі. Ён зламаны ў двух месцах — унізе і ля папярочкі. З крыжа зьнік і цярновы вянок.

Ігар Вашкевіч жыве паблізу, учора ўвечары каля адзінаццатай гадзіны ён заўважыў недалёка ад Курапатаў двух маладых людзей і дзяўчыну, якія цягнулі нейкі дрот:

“Яны былі нападпітку. Адзін хлопец на плячы нёс гэты калючы дрот. Я спачатку не зразумеў, але пасьля згадаў, што такі цярновы вянок я бачыў у Курапатах на галоўным крыжы. І сёньня з раніцы я на ровары паехаў ва ўрочышча і пабачыў гэтае злачынства. Сапраўды, гэта цярновы вянок з крыжа, які цяпер ляжыць павалены”.

“Паставілі гэты крыж на Дзяды ў 1989 годзе”

Разам зь Ігарам Вашкевічам ля паламанага крыжа — прэсавы сакратар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Валер Буйвал. Сёньня раніцай ён даведаўся пра чарговы вандалізм у Курапатах:

“Ужо праз паўгадзіны я быў тут і пабачыў гэты сумны і трагічны краявід — разламаны крыж. Адна з галоўных дэталяў народнага мэмарыялу, створанага беларусамі ў Курапатах. Паставілі гэты крыж на Дзяды ў 1989 годзе. Некалькі разоў яго рэстаўравалі, умацоўвалі, паднаўлялі”.

Карэспандэнтка: “Наколькі я памятаю, ад будынку КДБ яго людзі на руках несьлі ў Курапаты...”

Буйвал: “Так. Мы будзем, аднаўляць, канечне, гэты крыж. Ён сам ужо зьяўляецца гістарычным помнікам, сьвятыняй. Будзем працягваць, нягледзячы ні на што ствараць народны мэмарыял”.

Валер Буйвал мяркуе, што да Дня памяці продкаў крыж “Пакутнікам Беларусі” паправяць. Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ падалі заяўку на правядзеньне шэсьця і мітынгу ў Курапатах — на Дзяды, у нядзелю 28 кастрычніка.

Вандалы адцягнулі крыж да падземнага пераходу

За колькі мэтраў ад паламанага крыжа “Пакутнікам Беларусі” яміна, а ад яе — глыбокі сьлед. Вандалы вырвалі зь зямлі адзін з курапацкіх крыжоў, працягнулі да падземнага пераходу й кінулі там.

Побач зь ім ляжаць шматкі нейкай поўсьці.

Спадар Буйвал не выключае, што вандалы хацелі выкарыстаць крыж для нейкіх сатанінскіх рытуалаў, але не змаглі вынесьці яго за тэрыторыю ўрочышча.

Далей крочу на курапацкі пагорак.

Найперш заўважаю паваленую пліту ад мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці” — гэтак званай лавы Клінтана. Сёлета ў студзені яе чарговы раз паламалі. Цяпер жа пліта ізноў на зямлі.

Валер Буйвал паведаміў пра ўсе факты вандалізму ў міліцыю, і празь некалькі гадзінаў супрацоўнікі Бараўлянскага аддзелу ўнутраных справаў зафіксавалі апаганьваньне курапацкіх памятных знакаў.

Гэта ня першыя выпадкі вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937—1941 гадах карнікі НКВД расстралялі паводле розных падлікаў ад 40 да 200 тысяч чалавек.

Пры канцы 1990-х гадоў паламалі таблічку на крыжы “Пакутнікам Беларусі”.

Што да мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, гэта ўжо дванаццаты выпадак вандалізму. У 2002 годзе адрамантаваную каторы ўжо раз лаву Клінтана ўсталёўваў у Курапатах амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак.

У сьнежні 2005 году невядомыя вандалы двойчы апаганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна. Ня раз ламалі і крыжы. Паводле фактаў вандалізму ў Курапатах заводзілі крымінальныя справы, аднак злачынцаў ніколі не знаходзілі.

Сёлета грамадзкасьць зьвярнулася да ўладаў з заклікам забясьпечыць ахову ўрочышча Курапаты, якое зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі. Аднак у адказ упраўленьне ўнутраных справаў Менскай вобласьці прапанавала аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў плаціць за ахову ўрочышча Курапаты.

• А.Марачкін абнавіў каплічку ў Курапацкім лесе, 5.10.2007