Новы нумар “Літаратурнай Беларусі”

Севярын Квяткоўскі Газэта ў газэце, “Літаратурная Беларусь”, выходзіць як укладка да выданьня “Новы час” напрыканцы кожнага месяца. Кіруе праектам старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, рэдагуе галоўны рэдактар часопісу “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч.
Першая паласа прысьвечаная постаці Алеся Адамовіча. У артыкуле Алеся Кудраўца ёсьць такія словы: “Калі б не Адамовіч, можа, сёньня людзі ня ведалі б праўды пра наступствы гэтак званага “мірнага” атаму”.

У выданьні публікуюцца ўрыўкі зь ліставаньня Алеся Адамовіча і Васіля Быкава.

У рубрыцы “Пазыцыя” зьмешчаная заява сакратарыяту Саюзу беларускіх пісьменьнікаў што да зьменаў школьных праграмаў па беларускай літаратуры. Сярод іншага зазначаецца: “У час, калі родная мова і літаратура пастаўленыя перад мяжой вынішчэньня… прапануецца яшчэ і барацьба з гістарычнай праўдай і літаратурнай сучаснасьцю”.

Рубрыка “Паэзія” прэзэнтуе сярод іншага падборку вершаў Валянціны Аксак, “Проза” — два апавяданьні Валер’я Казакова “Плач адзінокіх “ і “Эрлік”, аб’яднаныя адной назвай “Лекі ад адзіноты”.

А рубрыка “Лекторый” распавядае пра стваральніка першай беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча. Артыкул Яўгена Есіса называецца “На карысьць радзіме”.

“Пра лёс чалавека і літаратуры” вачыма Алега Лойкі можна дазнацца з гутаркі са славутым філёлягам.

На асобнай паласе “Літаратурнай Беларусі” друкуецца падборка міні-рэцэнзіяў на новыя кніжкі, “якія прайшлі экспэртызу рэдакцыі часопісу “Дзеяслоў”.