Віктар Хурсік: я не адмаўляю Галакост

Валер Каліноўскі, Прага Госьць “Начной Свабоды”, менскі выдавец, журналіст і краязнаўца Віктар Хурсік, аўтар дакумэнтальнай кнігі “Кроў і попел Дражна” пра вёску Дражна ў Старадарожскім раёне, якую ў 1943 годзе спалілі партызаны. Тэма гэтай кнігі выклікала актыўную дыскусію ў грамадзтве.
Каліноўскі: “Добры дзень, Віктар! Што вас падштурхнула да напісаньня гэтай кнігі?”

Хурсік: “Мая журналісцкая роля тут абмежаваная – толькі як тэхнічнага выканаўцы. Трэба аддаць належнае самім дражненцам, і, перш за ўсё, Мікалаю Іванавічу Пятроўскаму – галоўнаму сьведку гэтай трагедыі. Па-другое, я б падзякаваў ужо пайшоўшаму ад нас доктару гістарычных навук Уладзімеру Лемяшонку, які кіраваў складаньнем кніг "Памяць", і які моцна паўплываў на мяне, расказаўшы, якімі партызаны былі насамрэч”.

Каліноўскі: “Коратка нагадайце слухачам, што ж адбылося ў вёсцы Дражна 14 красавіка 1943 году?”

Хурсік: “Быў Вялікдзень, было 4 гадзіны раніцы, калі вакол вёскі, у якой быў паліцэйскі гарнізон, пачалася страляніна. Партызаны другі раз пачалі свой бяздарны наступ. Кіраваў імі 21-гадовы юнак зь Ленінграду, лейтэнант Сяргей Іваноў. За два кілямэтры ў лесе пачалі страляць партызанскія гарматы, снарады не даляталі 200-300 мэтраў да вёскі (гэта адзначаецца ў партызанскай справаздачы). Частка паліцэйскіх жыла ў хатах, яны зьбегліся ва ўмацаваны раён, які быў створаны вакол мясцовай школы. Там разьмяшчалася сем дзотаў, і, такім чынам, яны ўжо былі гатовыя сустрэць партызан. Зразумела, што пасьля такой падрыхтоўкі, перамагчы паліцэйскіх было проста немагчыма. Каля гадзіны партызаны штурмавалі паліцэйскія дзоты і ўбачылі, што ўзяць іх немагчыма. Тады партызаны разьвярнуліся і спалілі 37 хат і забілі 25 мірных жыхароў. Прычым, гэта пераважна былі маладыя або зусім старыя людзі. У кнізе сьведкі гавораць, як гэта адбывалася – як кідалі ў агонь разам зь дзецьмі, як стралялі, як рэзалі”.

Каліноўскі: “Пазьней у справаздачы партызанскі камандзір пісаў пра 271 забітага...”

Хурсік: “Насамрэч, справа даволі простая, бо справаздачу падавалі наверх – таму запісалі як мага больш. Гэта прыпіскі... Насамрэч, паліцэйскі гарнізон складаўся з 79 чалавек. І ніводзін паліцэйскі ня быў забіты. А сярод партызан, паводле самых сьціплых падлікаў, было забіта 13 чалавек. Гэта паводле дакумэнтаў. Я лічу, што іх было забіта значна болей. А мірных жыхароў было забіта 25 чалавек".

Каліноўскі: “Вы гутарылі са сьведкамі той трагедыі, якія згадкі вас найбольш уразілі?”

Хурсік: “Мяне ўразілі драпежніцтва і разьюшанасьць тых, хто рабіў гэтую чорную справу. Пра гэта гаварылі ўсе сьведкі. Напрыклад, у яме з-пад бульбы сядзела сям''я, толькі пажаніліся, хлопец і дзяўчына. Падбеглі і застрэлілі абодвух бяззбройных людзей. Кінулі ў полымя старую жанчыну зь дзіцем. У галоўнага сьведкі Івана Пятроўскага на вачах нажом зарэзалі маці. Сястра падняла камсамольскі білет з крыкам: "Я камсамолка, што ж вы робіце?" Застрэлілі і яе”.

Каліноўскі: “Ці ёсьць нейкая рэакцыя ўладаў, вэтэранскіх арганізацыяў на вашу кнігу?”

Хурсік: “Іван Пятроўскі напісаў ліст у Менскі аблвыканкам з просьбай дазволіць устанавіць мэмарыяльны знак на месцы трагедыі. Вось я зачытаю радкі з адказу, які ён атрымаў: "Ваши родители, погибшие в этот период, захоронены на гражданском кладбище. На их могилах стоят надгробия – их память увековечена в соответствие с гражданскими и христианскими традициями". Ну як вось чалавеку чытаць такое? Бацька яго наогул загінуў у партызанах. А маці забілі самі партызаны. І тое, што чалавек сам паставіў на магіле маці помнік, гэта, нібыта, сьведчаньне, што дзяржава выканала свой абавязак... Гэта верх цынізму. А далей яму пішуць такое: "Сообщаем вам, што в Стародорожском районе поставлены 92 памятника жертвам войны, в том числе в деревне Подоресье – два памятника, к которым можно прийти как в празничные, так и в траурные дни и почтить память своих родных и всех погибших земляков".

Каліноўскі: “У вашай кнізе прыводзяцца прозьвішчы кіраўнікоў партызанскіх брыгад, якія кіравалі зьнішчэньнем вёскі – Іваноў і Лапідус, расеец і габрэй. І вас абвінавачваюць, адпаведна, у антырасейскіх ці антысэміцкіх настроях?”

Хурсік: “Такія пытаньні мне задавалі і ў інтэрнэце. Па-першае, я хацеў бы сказаць, што партызанскі рух – зьява неадназначная. Што тычыцца нацыянальнасьцяў, то я прывёў іх так, як гэта прыводзіцца ў дакумэнтах. Я сапраўды не хацеў нічога падкрэсьліць. Сапраўды, калі Пяты атрад імя Кутузава па дакумэнтах значыцца як габрэйскі і ў сьпісах там шмат габрэяў, я так і прыводзіў. Габрэі адпаведным чынам і адрэагавалі – сказалі, што я антысэміт, што разьдзімаю нейкую кампанію, нават абвінавацілі, што я не прызнаю Галакосту. Я хачу сказаць, што ў вёсцы Дараганава – там, дзе я апошні час жыў, таксама была трагедыя Халакосту. Там я ў супрацоўніцтве зь мясцовай уладай і школай усё-ткі апублікавалі гэтыя факты, і ўрэшце быў устаноўлены помнік на месцы расстрэлу 83 яўрэйскіх дзяцей. Гэта не пытаньне, я Галакост не адмаўляю”.



Віктару Хурсіку 54 гады. Нарадзіўся на чыгуначнай станцыі Ўборак, Асіповіцкага раёну, у партызанскім краі. Скончыў політэхнічны інстытут. Працуе журналістам, піша на эканамічныя тэмы. Сябра АГП, адзін з заснавальнікаў партыі. Сябра саюзу пісьменьнікаў пад кіраўніцтвам А.Пашкевіча. Прыватны выдавец. Выдаў каля 140 кніг. Сярод іх кнігу беларускай партызанкі “В лесах под Гордянкой”. Зьяўляецца аўтарам трох дакумэнтальных кніг: “Магдаліна Радзівіл. Белы лебедзь у промнях славы”, “Трагедыя белай гвардыі” (пра час Кастуся Каліноўскага) “Кроў і попел Дражна”.