Гомель: Суд па справе Сяргея Сямёнава адкладзены

Радыё Свабода 4 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёну Гомелю мелі разгледзець другую адміністрацыйную справу на моладзевага актывіста Сяргея Сямёнава. Нагода для суду - тое, што актывіст запатрабаваў на мяжы дэклярацыю на беларускай мове. Але суд, праўдападобна, не адбудзецца.
Спадар Сямёнаў пісьмова паведаміў суду, што ня зможа прыехаць з Украіны ў Гомель з прычыны кепскага стану здароўя.

Разгляд справы адкладаецца ўжо другім разам. 24 верасьня, калі Сяргей Сямёнаў зьявіўся ў Цэнтральны суд, яму паведамілі, што разгляд ягонай адміністрацыйнай справы перанесьлі на 4 кастрычніка - а прычынаў пераносу не патлумачылі.

Нагадаем, што ў верасьні падчас пераезду беларуска-ўкраінскай мяжы ў пункце пропуску “Новая Гута” гомельскія мытнікі прапанавалі моладзеваму актывісту запоўніць дэклярацыю.

Спадар Сямёнаў папрасіў блянк на беларускай мове, патлумачыўшы, што не хацеў бы нарабіць памылак пры запаўненьні афіцыйнага дакумэнта па-расейску.

На гэта мытнікі склалі адміністрацыйны пратакол, нібыта за непадпарадкаваньне, і накіравалі яго ў суд.

Справа набыла шырокі розгалас, на яе адрэагаваў нават старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч, назваўшы выпадак зь Сямёнавым “нематываваным уціскам беларускай мовы й яе носьбітаў”.

У жніўні за аналягічны інцыдэнт на беларуска-ўкраінскай мяжы судзьдзя Цэнтральнага суду Гомелю Марына Дамненка аштрафавала спадара Сямёнава на 930 тысяч рублёў.

• С.Сямёнаў: “Адбылася моўная дыскрымінацыя, а мяне яшчэ і пакаралі”, 26.09.2007 • У.Пехцераў: Беларускамоўныя дэклярацыі цяпер маюць усе мытні, 24.09.2007 • Ці атрымае беларуская мова апеку ад уладаў?, 20.09.2007 • Колькі каштуе мытная дэклярацыя на беларускай мове?, 31.08.2007