Менскія дэпутаты супраць “аднарукіх бандытаў”

Ігар Карней, Менск Дэпутаты Менскага гарадзкога савету на нядаўняй сэсіі абвясьцілі пра намер навесьці парадак у працы гульнявых установаў. Адпаведны дэпутацкі запыт накіраваны кіраўніцтву Менгарвыканкама. Перадусім, маюцца на ўвазе залі гульнявых аўтаматаў, якія ўсё часьцей зьяўляюцца у спальных раёнах, знаходзячы тым новых прыхільнікаў. Прадстаўнікі бізнэсу не выключаюць хуткі перадзел рынку. Цягам наступных двух гадоў увесь гульнявы бізнэс у Расеі сканцэнтруецца ў месцах, аддаленых ад буйных гарадоў. Беларусь у гэтым сэнсе шмат кім разглядаецца як пляцоўка для экспансіі.
Паводле дадзеных Эканамічнага ўпраўленьня Міністэрства спорту і турызму, у Менску працуе блізу паўтары сотні заляў гульнявых аўтаматаў. Сотні “аднарукіх бандытаў” (яшчэ і так агулам называюць гэтыя прыстасаваньні) зарэгістраваныя ў абласных і раённых цэнтрах.

Ля аўтаматаў сядзяць па некалькі сутак

Супрацоўнікі клюбаў, дзе ёсьць прылады гульнявога бізнэсу, не хаваюць: гульня зацягвае, людзі, якія ня могуць супрацьстаяць спакусе, дэградуюць.

Захар Гаркун два гады выдаваў фішкі ў адной зь менскіх заляў і кажа, што больш вяртацца ў гэты бізнэс намеру ня мае:

“Я такіх тыпажоў наглядзеўся, што жах. Яны ж амаль усе кругласуткавыя, гэтыя залі. Бачыў пару чалавек, якія па трое сутак там літаральна жылі. Прываліўся на канапцы, падрамаў уначы гадзінкі 4-5, і зноў за гульню. То бок, настолькі выпампоўваюць энэргію жыцьцёвую! І гэта зусім не азначае, што ля аўтаматаў людзі меней “прасаджваюць”, чым у казіно, гэта памылковае меркаваньне. Нібыта па дробязях, але прасаджваюць капітальна. Бо сядзяць суткамі.

Прычым людзі вельмі розныя – часам пад звычайнай вопраткай хаваецца досыць заможны чалавек. І грошы пакідаюцца шалёныя, бо існуе так званая сыстэма бонусаў. Ім каву, гарбату наліваюць, чарачкі падаюць. Пастаянным гульцам даюць у доўг. Бачачы, наколькі ён прырос да гэтай установы, ведаючы, што ён па-любому праз тыдзень-два, але прыйдзе, даюць нават фішкі ў доўг. Паступова і незаўважна гэта выцясьняе зь яго жыцьця сям’ю. І нават проста пасядзець выпіць зь сябрамі яго ўжо не цягне. Бо гэта звычайная залежнасьць”.

Мой суразмоўца лічыць, што “залежных” неўзабаве можа паболець. Да 2009 году ў Расеі павінна адбыцца рэформа гульнявога бізнэсу: казіно і залі аўтаматаў павінны пераехаць з мэгаполісаў у маланаселеныя раёны, дзе, як выказаўся намесьнік старшыні Дзяржаўнай думы Расеі Ўладзімер Жырыноўскі, кожны, хто прайграў, можа выйсьці ў бяскрайні стэп і там спакойна застрэліцца.

Дзеці прайграюць бацькоўскія грошы

Беларусь і Ўкраіну шмат хто з уладальнікаў бізнэсу разглядаюць як альтэрнатыву для расейскіх казыно. Не выключае хуткі перадзел гульнявога рынку і намесьніца кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна Менска Людміла Шыпай. Як дэпутатка гарсавету яна курыруе спорт, турызм і гульнявы бізнэс у прыватнасьці. І ў часе нядаўняй сэсіі менавіта яна прапанавала распрацаваць нарматыўную базу, якая вызначала б парадак разьмяшчэньня гульнявых установаў.

Людміла Шыпай кажа, што мясцовыя органы ўлады зазвычай даведваюцца пра адкрыцьцё клюбу толькі тады, калі ён ужо пачаў працаваць – прычым, часта ў жылых дамах. Адміністрацыі раёнаў ня могуць паўплываць на зьяўленьне гульнявых аўтаматаў на падкантрольнай ім тэрыторыі: арэнда памяшканьняў, што ў прыватнай уласнасьці, зь імі не ўзгадняецца, а выдача ліцэнзій на гэты від дзейнасьці – справа Міністэрства спорту і турызму:

“Праблема ёсьць, і вельмі сур’ёзная. Зьвяртаюцца бацькі няпоўнагадовых дзяцей, якія проста прагульваюць школу. Натуральна, што ім больш цікавыя гэтыя аўтаматы. Хто бяз грошай побач сядзіць, назірае, хто з грашыма. Гэта зацягвае, канешне. Прыйшоў адзін тата да кіраўніка адміністрацыі, ледзьве не з кулакамі: яго дачка прайграла 400 тысяч рублёў. Хтосьці яе запрасіў, прыцягнуў у клюб – і вось вынік. Чаму, маўляў, не прымаеце меры.

А што мы сёньня можам зрабіць, калі мы гэтую ўстанову не адкрывалі? Яны наўпрост узгадняюць зь міліцыяй кругласуткавы рэжым. Але мусяць і ў нас рэжым працы ўзгадняць, у адміністрацыі. А гэтага ня робяць. Таму я зьвярнула ўвагу гарадзкіх службаў: раён падчас адкрыцьця гульнявой установы таксама павінен прымаць у гэтым удзел. І я, як куратар гэтай сфэры, проста хацела б ведаць, што адкрываецца ў раёне. Бо зь мяне потым запытваюць”.

Сябры ў адным няшчасьці

Псыхоляг Настасься Малашкевіч кажа, што прызвычайваньне да аўтаматаў як для дарослых, так і для падлеткаў ёсьць перадусім вынікам складаных адносінаў на працы ці дома. Пачуцьцё безвыходнасьці кожны кампэнсуе па-рознаму – хтосьці праз запоі, а нехта праз жаданьне абгуляць лёс. Бо ў выпадку нават невялікага выйгрышу падвышаецца ўласная самаацэнка. І ўжо на гэтым тле часта ўтвараецца калектыў “аднадумцаў”, завязваецца сяброўства аднолькавых у сваіх няшчасьцях:

“Калі пачуцьцё адзіноты і неразуменьня знаходзяць сваё выйсьце праз вось гэтыя аўтаматы, узьнікае другасны фактар – гэта пачуцьцё азарту, якое зацягвае. А ўрэшце прыводзіць да матэрыяльных затратаў, якія, у сваю чаргу, трэба дзесьці шукаць, знаходзіць, кампэнсаваць. Што ў бальшыні выпадкаў ёсьць вялікай праблемай, бо невядома, дзе гэтыя грошы ўзяць. Таму даводзіцца альбо ў бацькоў прасіць (калі гаворка тычыцца падлеткаў), якія лягічна абураюцца: маўляў, колькі ж можна! І ўзьнікае сямейная праблема. Ці гэта ўжо злачынная дзейнасьць. Тады такое пытаньне трэба ставіць надзвычай востра, выносіць гэта як праблему”.

Ці стане Беларусь пятай зонай расейскага гульнявога бізнэсу?, 6.07.2007