Эўракамісія павіншавала ўкраінцаў з вынікамі выбараў

Сяргей Абламейка, Прага Ва Ўкраіне адбыліся датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Падлік бюлетэняў працягваецца. Наперадзе дзьве палітычныя сілы – Партыя рэгіёнаў прэм’ер-міністра Віктара Януковіча і блёк Юліі Цімашэнкі. На трэцім месцы – прапрэзыдэнцкі блёк “Наша Ўкраіна-Народная самаабарона”. У Вярхоўную Раду таксама праходзяць камуністы Сіманенкі, блёк Літвіна і Сацыялістычная партыя Мароза.
Юлія Цімашэнка завіла, што разам з прапрэзыдэнцкім блёкам яе каманда гатовая скласьці парлямэнцкую большасьць і сфармаваць урад:

“Цяпер на парлямэнцкіх выбарах зноў перамаглі дэмакратычныя сілы Ўкраіны, і супольна мы (як і заўсёды) набралі болей працэнтаў, чым нашы апанэнты. Гэта прыемна. І я хацела б і прэзыдэнта, і ўсю нашу супольную дэмакратычную каманду павіншаваць з тым, што мы сапраўды сёньня маем відавочную перамогу”.

Аднак і прэм’ер-міністар Віктар Януковіч таксама заявіў, што яго партыя мае права сфармаваць новы кабінэт міністраў:

“Гэта значная падтрымка ўкраінскага народу, гэта паляпшэньне выніку волевыяўленьня выбарцаў на мінулых выбарах 2006 году і гэта карт-блянш для Партыі рэгіёнаў сфармаваць новы пасьпяховы ўрад”.

За хадою датэрміновых выбараў ва Ўкраіне сачылі болей за 3 тысячы назіральнікаў, у тым ліку, 700 – ад АБСЭ. Сёньня прэсавая сакратарка Эўрапейскай камісіі Крыстыяна Гоман заявіла:

“Першыя вынікі паказваюць, што яўка выбарцаў была вельмі высокая, і гэта тое, што мы вітаем. Мы віншуем украінскі народ, таму што ён працягвае выкарыстоўваць дэмакратычныя правы для абраньня ўраду. Для нас гэта азначае, што ўкраінцы выбралі шлях працягу рэформаў”.