Цацкі зьніклай Мэдлін будуць перададзеныя сіротам у Жодзіне і Бабруйску

Радыё Свабода Так вырашылі бацькі дзяўчынкі – 39-гадовыя Джэры і Кейт Маккэйны, лекары зь невялікага мэстэчку Ротлі ў брытанскім Мідлэндзе. Пасьля таго, як чатырохгадовая Мэдлін была выкрадзеная ў часе адпачынку сям’і ў Партугаліі сёлета ў траўні, многія брытанцы з спачуваньня да гэтай сям’і сымбалічна прыносілі для Мэдлін шматлікія лялькі і цацкі на мэмарыял у Лэстэршыры. Як лічаць бацькі Мэдлін, сёньня гэтыя цацкі больш патрэбныя тым беларускім дзецям, якія пазбаўленыя сямейнага шчасьця.
Як падае брытанская “The Mirror”, калядныя падарункі для выхаванцаў жодзінскага і бабруйскага дзіцячых дамоў ужо ўпакаваныя. Гэта прыкладна дзьве тысячы дзіцячых цацак. Да кожнай зь іх прышпіленая фотакартка маленькай зьніклай дзяўчынкі.

Паводле выданьня, акцыя арганізаваная нядаўна створаным дабрачынным фондам “Мэдлін”. Ягоная мэта – прыцягнуць увагу ўсяго сьвету да трагічнага лёсу гэтай дзяўчынкі і заахвоціць яе пошукі сярод жыхароў самых розных краін.

Пасьля таго, як апошнія паведамленьні ўсясьветных СМІ пра тое, што дзяўчынку бачылі ў жніўні ў Марока, аказаліся памылковымі, Маккэйны страцілі чарговую надзею на вяртаньне дачкі. Тым ня менш, Джэры і Кейт выказалі сваю ўдзячнасьць турысту, які перадаў мараканскі здымак зь вельмі падобнай на Мэдлін дзяўчынкай у паліцыю. “Мы будзем таксама ўдзячныя кожнаму, хто паступіць гэткім жа чынам”, кажуць сужэнцы.

Тым часам экспэрты-крыміналісты ў Патугаліі і Брытаніі па-ранейшаму называюць справу выкраданьня дзяўчынкі надзвычай загадкавай. Партугальская паліцыя мяркуе, што размова ідзе пра забойства Мэдлін і падазрае ў злачынстве яе бацькоў ды іх сяброў. Дакладнай вэрсіі злачынства сьледчыя па-ранейшаму ня маюць.

Бацькі зьніклай Мэдлін Маккэн вырашылі перадаць яе цацкі ў Беларусь, 28.08.07