Барыс Крэпак: “Для мастака залежнасць ад рынку лепей за залежнасць ад таталітарызму”

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 25 верасьня ў розныя гады.
“Бацькаўшчына” на гэтым тыдні 1957 году дае слова князю Базылю Сьвятаполк-Мірскаму: “Самі народныя масы апярэдзілі сваю народную інтэлігенцыю, як гэта паказаў Першы Ўсебеларускі Кангрэс. Арыстакратыя сялянская (народная інтэлігенцыя) і арыстакратыя шляхецкая аказалася цяжэйшая на “паварот”, хоць дух часу й іх кроўныя інтарэсы вымагалі ад першых большае “паваротнасьці” чымся ад другіх... Цяпер-жа лёсам гісторыі створаны іншыя абставіны, што пагражаюць сьмерцяй беларускаму народу як такому, у цэлым”.

“Советская Белоруссия”, год 1977. Пэнсіянэр І.Бекер зь Менску піша: “Мая Радзіма зьяўляецца прыхільнікам міру ва ўсім сьвеце, пра што запісана ў праекце новай Канстытуцыі СССР. Яна ніколі ні на каго не нападала й не зьбіраецца нападаць. Імпэрыялістам ня ўвесьці ў зман усясьветную грамадзкасьць балбатнёй пра “савецкую пагрозу”. Хачу далучыць свой голас абурэньня і пратэсту да галасоў усіх чэсных людзей у сьвеце, якія пратэстуюць супраць стварэньня і вытворчасьці нэўтроннай бомбы”.

Барыс Крэпак на гэтым тыдні 1997 году на старонках “Культуры” кажа: “Розумам усведамляю, што для мастака залежнасць ад рынку лепей за залежнасць ад таталітарызму. Пры таталітарных рэжымах у мастака няма выбару, у рынкавых жа умовах ён можа выбіраць — зарабляць грошы або ствараць годныя рэчы. Альбо і першае, і другое адначасова. Рынак правярае творчую асобу на трываласць — і гэта лепей за ўціск асобы”.