М.Чарняўскі дасьледуе гісторыю паваеннага антыкамуністычнага супраціву

Ганна Соўсь, Менск Гісторык і археоляг Міхась Чарняўскі дасьледуе гісторыю антыкамуністычнага супраціву ў паваенны час. Навуковец гаворыць пра масавасьць і стыхійнасьць гэтай зьявы ў Беларусі. Міхась Чарняўскі лічыць свае дасьледаваньні надзённай справай — бо афіцыйныя ўлады спрабуюць рэабілітаваць сталінізм і прыменшыць маштабы рэпрэсіяў у Беларусі.
Яшчэ зьбіраючы матэрыял для кнігі пра Расьціслава Лапіцкага, кіраўніка антыкамуністычнай арганізацыі мядзельскіх і смаргонскіх школьнікаў, Міхась Чарняўскі назапасіў шэраг матэрыялаў, якія сьведчаць пра антакамуністычны супраціў у паваенны час.

“Нават у невялікай вёсцы былі арыштаваныя й асуджаныя”

“Практычна ў любой, нават невялікай вёсцы было адзін, два, а то і больш за паўдзясятка арыштаваных, асуджаных.

Да 1959 году ў Беларусі было адзінаццаць абласьцей. Неяк трапіліся мне справы Вярхоўнага Суду БССР, які пераглядаў справы Маладэчанскага абласнога суду. Толькі ў Маладэчанскай вобласьці за 1950—1951 гады за антыкамуністычную дзейнасьць трыццаць-сорак працэсаў адбывалася штогод.

Гэта тыя, якія пераглядаліся Вярхоўным Судом. Значная частка не пераглядалася. Плюс абласныя суды, плюс суды ваеннага трыбуналу. У адной вобласьці дзесьці набягае ў год паўсотні палітычных справаў”.

А ў Беларусі гэта будзе паўтысячы палітычных справаў штогод, робіць выснову Міхась Чарняўскі.

“Падмануць камуністы. Ня пойдзе ў калгас...”

Тэма антысавецкага супраціву і масавых рэпрэсіяў абсалютна не дасьледаваная афіцыйнымі гісторыкамі, паколькі перад імі стаіць цяпер задача абяліць гэты пэрыяд, занізіць колькасьць рэпрэсіяў, кажа Міхась Чарняўскі.

“Увогуле ў большасьці выпадкаў людзі нейкім чынам выказвалі супраціў, крытыку. Вось клясычны прыклад. Сабралі насельніцтва, каб запісаць у калгас. Трымаюць іх, не выпускаюць, агітуюць.

І раптам нейкая кабета кажа: “Людцы! Гэта нас падмануць, у нас забяруць зямлю, кароў, коней. Падмануць камуністы, ня пойдзем у калгас...” Назаўтра яе арыштоўваюць, і празь месяц суд — дзесяць гадоў турмы. Вось гэта і ёсьць нейкі масавы стыхійны супраціў камуністычнаму рэжыму”, — кажа Міхась Чарняўскі.

Што да арганізаванага антыкамуністычнага супраціву, то апроч мядзельска-смаргонскай нелегальнай моладзевай арганізацыі спадар Чарняўскі называе аналягічную моладзевую арганізацыю ў Лідзе, якая дзейнічала на пачатку 1950-х гадоў.

Гісторык вывучае іх дзейнасьць ня толькі праз афіцыйныя крыніцы, але і апытвае яшчэ жывых сьведак тых падзеяў.

“Сталіністы імкнуцца прыменшыць колькасьць рэпрэсіяў”

“Гэтыя сталіністы (учора іх было поўна, і сёньня таксама) імкнуцца прыменшыць колькасьць рэпрэсій.

Канкрэтны прыклад — кніга “Памяць” па Мядзельскім раёне, у якой надрукавана, што ў 1939—1941 гады было рэпрэсавана і амніставана 62 асобы.

У той жа час мне з рэдакцыйнай тэчкі нехта прынёс матэрыялы з запіскай “Гэта тое, што не пайшло ў кнігу “Памяць”. Гэта быў сьпіс рэпрэсаваных у гэтыя гады — 278 асобаў”.

Міхась Чарняўскі пакуль адзін займаецца дасьледаваньнямі антыкамуністычнага паваеннага супраціву.

“Калі цяпер ёсьць такія настойлівыя спробы рэабілітаваць сталінізм, і нават адрадзіць яго, вельмі важна дэмакратычнай інтэлігенцыі паказаць, якая гэта была пачварная сыстэма, нечалавечая, антылюдзкая і асабліва антыбеларуская”, — лічыць гісторык.

Міхась Чарняўскі — археоляг, спэцыяліст у першабытнай гісторыі Беларусі, сябра экспэртнай рады інтэрнэт-праекту “Мартыралёг Беларусі”.

Быў удзельнікам клюбу вальнадумнай інтэлігенцыі “Акадэмічны асяродак”, які разграмілі ў 1973—1974 гады.

У 1970-я гады, калі ва Ўкраіне пачаліся рэпрэсіі мясцовых патрыётаў, якіх называлі “нацыяналістамі”, Міхась Чарняўскі пачаў зьбіраць грошы для іх падтрымкі. За гэта яго пакаралі папраўчымі працамі — больш за год давялося разгружаць цэмэнт і працаваць мулярам.

Пасьля гэтага шмат гадоў імя Міхася Чарняўскага выкрэсьлівалі з розных навуковых працаў і не давалі магчымасьці надрукавацца.

Міхась Чарняўскі — аўтар шэрагу кнігаў, у тым ліку “Як пошуг маланкі” пра Расьціслава Лапіцкага, “Ня бойцеся ахвяраў і пакут” пра дзейнасьць “мядзельска-смаргонскага падзем’я”, а таксама кнігі “Дзесяць бітваў” пра бітвы старадаўняга часу.


• “Мартыралёг Беларусі” • Археоляг Міхась Чарняўскі пра будучыню Курапатаў, 6.03.2002