Хутка зьявяцца блянкі мытных дэклярацыяў па-беларуску

Радыё Свабода Пра гэта паведаміў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі старшыня мытнага камітэту Аляксандар Шпілеўскі.
Такім чынам гэты чыноўнік адрэагаваў на ўчорашнюю заяву старшыні Канстытуцыйнага суду Рыгора Васілевіча, які казаў пра выпадкі непавагі да беларускай мовы. У якасьці прыкладу спадар Васілевіч прывёў справу Сяргея Сямёнава, які на мяжы папрасіў дэклярацыю на беларускай мове, а ў адказ быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці і аштрафаваны.

Спадар Шпілёўскі сёньня заявіў: «Гэта недагляд, нават больш — гэта мая асабістая памылка, якую вельмі хутка выправім».

Паводле старшыні мытнага камітэту, у мінулы панядзелак ён распарадзіўся, каб у электронную базу мытных дакумэнтаў былі ўключаныя іх беларускамоўныя вэрсіі. «Цяпер пры першым жа патрабаваньні блянку на беларускай мове супрацоўнік мытні зможа раздрукаваць дакумэнт» — запэўніў спадар Шпілеўскі.

У хуткім часе на замову мытні будзе надрукаваная партыя блянкаў дэклярацыяў па-беларуску.