А.Пашкевіч: “Уладзімер Арлоў здолеў скласьці нацыянальны пантэон”

Ганна Соўсь, Менск Выйшла ў сьвет кніга Ўладзімера Арлова “Імёны Свабоды” — дванаццатае выданьне ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. У кнігу ўвайшоў 261 гістарычны партрэт герояў беларускай свабоды XVIII—XXI стагодзьдзяў. Ад 1 студзеня 2006 году да Дня Волі 2007 году ў ранішнім эфіры “Свабоды” Ўладзімер Арлоў расказваў пра беларускіх патрыётаў, змагароў за волю й незалежнасьць. Выданьне склалі выбраныя эсэ з больш чым трохсот радыёперадачаў.
Cтаршыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч назваў паказальнай кнігу Ўладзімера Арлова “Імёны Свабоды” ня толькі ў сёлетнім годзе, але і ва ўсім дзесяцігодзьдзі, шырэй у новым тысячагодзьдзі.

“Гэта статут новай, абноўленай Беларусі, статут служэньня свайму народу сваёй нацыі. Гэта фундамэнтальная праца і аўтара, і мастака. Цэлая акадэмія, цэлы інстытут літаратуры, цэлы інстытут беларусістыкі мусіць працаваць, каб сабраць і укласьці падобную працу, падобны фаліянт.

Уладзімер Арлоў здолеў скласьці і апублікаваць нацыянальны пантэон, пантэон нацыянальнай славы ваяроў беларушчыны, якія з дзесяцігодзьдзя ў дзесяцігодзьдзе, са стагодзьдзя ў стагодзьдзе працавалі. Каб сучасныя беларусы маглі ня толькі пачувацца беларусамі, але і памятаць пра тых людзей, якія беларускую свабоду апявалі і ахвяроўвалі ёй жыцьці.

Я, як чытач, удзячны і Радыё Свабода за тое, што яно распачало такую пачэсную місію выданьня сваёй бібліятэкі. Прыйдзе час, калі свабодаўская кніжніца будзе шырока прадстаўленая ня толькі на паліцах аматараў і слухачоў радыёстанцыі, але і ва ўнівэрсытэцкіх і школьных бібліятэках”.

Карэспандэнтка: ”Скажыце, калі ласка, калі Вы ўпершыню разгарнулі кнігу, чыю біяграфію прачыталі першай?”

Пашкевіч: “Большасьць з іх я натуральна слухаў і глядзеў у інтэрнэце. А разгарнулася зусім амаль містычна на прозьвішчы Алаізы Пашкевіч. Так супала, што гэты фаліянт раскрыўся на старонцы з фотаздымкам і эсэ, прысьвечаным Цётцы”.

Прэзэнтацыя кнігі “Імёны Свабоды” ў Менску і інтэрнэце — у пятніцу, 21 верасьня. Адрас у Менску — “Варвашэні”, 8, пачатак у 18:00. Адрас у інтэрнэце — svaboda.org.

Яшчэ больш водгукаў на “Імёны Свабоды” -- новую кнігу з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” – чытайце на нашым сайце, а таксама слухайце ў ранішнім і вечаровым эфіры

У сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” ўжо выйшлі кнігі “Верш на Свабоду”, “Дарога праз Курапаты”, “Быкаў на Свабодзе”, “Дуліна ад Барадуліна”, “Прыгоды Ара ў Беларусі”, “Вострая брама”, “Беларуская атлянтыда”, “Плошча” і “Альбом сямейны”.


• В.Ракіцкі: “Кніга У.Арлова пашырае нацыянальна-культурніцкі працэс”, 19.09.2007 • “Імёны Свабоды: “Там кожнае імя – гэта сымбаль”, 19.09.2007 • “Партрэты Арлова - нібы паэмы ў сваёй эканомнасьці і насычанасьці”, 19.09.2007 • В.Вячорка: “Імёны Свабоды” – не эпітафіі, гэта як кроплі жывой вады”, 18.09.2007 • М.Жбанкоў пра “Імёны Свабоды”: Гэта гісторыя беларускага патрыятызму, 18.09.2007 • “Імёны Свабоды”: ад Тадэвуша Рэйтана да Аўгіньні Дзянісавай, 18.09.2007 • Захар Шыбека: “Арлоў валодае ўнікальнай здольнасьцю паэтычнага ляканізму”, 17.09.2007 • Алег Гардзіенка: “Уладзімер Арлоў стварыў малую энцыкляпэдыю беларускай свабоды” , 17.09.2007