Актывіста Сяргея Клюева арыштавалі на 10 сутак

Алег Грузьдзіловіч, Менск Суд Савецкага раёну Менску пакараў на 10 сутак адміністрацыйнага арышту актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргея Клюева.
Моладзевага актывіста затрымала міліцыя 14 верасьня каля будынку філярмоніі. Міліцыянты знайшлі ў Сяргея Клюева налепкі з інфармацыяй пра “Эўрапейскі марш” і склалі на яго пратакол.

На працэс у Савецкім судзе, які адбыўся 17 верасьня, Сяргея Клюева прывезьлі з высокай тэмпэратурай. Актывіст папрасіў выклікаць хуткую дапамогу, але міліцыянты адмовіліся.

Прэсавая сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Кацярына Ткачэнка паведаміла, што ў судзе міліцыянты таксама адмовіліся ўзяць цёплыя рэчы для Сяргея Клюева:

“Адмовіліся таксама прыняць для яго ваду і спальнік, хаця ў Клюева тэмпэратура 37,7 і ёсьць меркаваньне, што ён хворы на гаймарыт”.

Намесьнік начальніка Савецкага райаддзелу Ўладзімер Сацюк паведаміў, што Сяргей Клюеў будзе адбываць пакараньне ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна, і параіў адвезьці перадачы туды.