Экспэртыза “Свабоды”: Якія вынікі змаганьня за моладзь?

Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітык, былы старшыня “Маладога фронту” Павал Севярынец і галоўны рэдактар часопісу “Палітычная сфэра” Андрэй Казакевіч.
Споўнілася дзесяць гадоў “Маладому фронту” і пяць гадоў БРСМ. Чаму на палітычным экране краіны прысутнічае толькі адна моладзевая арганізацыя — “Малады фронт”? Ці ўдалося яму заваяваць падтрымку моладзі? Хто больш уплывае на сьвядомасьць маладых людзей — “Малады фронт” ці БРСМ?

Севярынец: “Перамагчы людзей, якія вераць у Бога, немагчыма”

Валер Карбалевіч: “За апошнія 10—15 гадоў у Беларусі дзейнічала шмат моладзевых арганізацый апазыцыйнай скіраванасьці: “Зубар”, “Маладыя сацыялісты”, “Маладыя дэмакраты”, камсамол і іншыя. Некаторыя зь іх існуюць і сёньня.

Аднак на палітычным экране краіны відаць толькі адну моладзевую арганізацыю — “Малады фронт”. Чаму?”

Павал Севярынец: “Малады фронт” з самага пачатку ствараўся як масавы рух. Асновай яго стварэньня былі масавыя маніфэстацыі вясны 1996 году. Акрамя таго, “Малады фронт” засноўваўся на дастаткова разгалінаваных структурах.

“Малады фронт” ня проста ставіў сабе задачу заняць нейкую нішу, а імкнуўся стаць лідэрам больш як 2 мільёнаў маладых людзей Беларусі.

Але гэта больш тэхналягічная прычына. Сутнасная ж і галоўная прычына палягае ў тым, што ўжо ў 2000 годзе маладафронтаўцы сфармулявалі для сябе духоўную аснову змаганьня. Гэта нацыянальная ідэя і хрысьціянскія прынцыпы. То бок, вера у Бога і любоў да Беларусі. Менавіта гэтая камбінацыя і робіць магчымымі перамогі скрозь боль, выпрабаваньні, застрашваньні. Перамагчы людзей, якія вераць у Бога, немагчыма.

Напрыклад, шмат арганізацыяў, у тым ліку, моладзевых, у Беларусі былі расколатыя. Спробы раскалоць “Малады фронт” былі сама менш шэсьць разоў. Але гэта не ўдалося. Маладафронтаўцы зьбіраліся, каяліся за тыя крыўды, якія нанесьлі адзін аднаму, разам маліліся і заставаліся еднымі. У гэтым сіла “Маладога фронту”.

Андрэй Казакевіч: “Малады фронт” — найбольш устойлівая і вядомая моладзевая арганізацыя. Сапраўды, ён утвараўся на хвалі вулічнага пратэсту 1996 году, таму атрымаў моцны энэргетычны імпульс і чалавечы запас. Ідэалёгія і цьвёрдыя каштоўнасьці падмацоўваліся наяўнасьцю харызматычнага лідэрства.

Акрамя таго “Маладому фронту” ўдалося наладзіць добрыя сувязі з грамадзкасьцю, мэдыямі. Бо калі мы кажам пра палітычны экран, то маем на ўвазе рэпрэзэнтацыю ў інфармацыйным полі”.

Ці ўдалося “Маладому фронту” заваяваць падтрымку моладзі?

Карбалевіч: “Дарэчы, апытаньне на сайце Радыё Свабода паказвае, што 71% удзельнікаў галасаваньня лічыць, што моладзь уступае ў “Малады фронт” таму, што верыць у справы і ідэі гэтай арганізацыі.

“Маладому фронту” — дзесяць гадоў. За гэты час бясконцая колькасьць вулічных акцыяў, затрыманьняў, крымінальных справаў, безаглядная самаахвярнасьць, асабістая мужнасьць. Некаторыя людзі, як вось наш сёньняшні суразмоўца Павал Севярынец, першы кіраўнік “Маладога фронту” даўно сталі жывой легендай найноўшай беларускай гісторыі.

Але адначасова ўзьнікае пытаньне: якія вынікі гэтага змаганьня? Ці ўдалося “Маладому фронту” перацягнуць на свой бок моладзь?

Вось моладзевыя актывісты увесь час закідаюць лідэрам так званай “старой апазыцыі”, што тыя стаміліся, не імкнуцца да перамогі, іх змаганьне безвыніковае. Але выглядае так, што калі параўноўваць узровень падтрымкі апазыцыі сярод усяго насельніцтва і ўзровень падтрымкі, напрыклад, “Маладога фронту” сярод моладзі, то вынікі сувымерныя. Чаму “Малады фронт” так і ня стаў стылёвым лідэрам у моладзевым асяродзьдзі? Можа, ён нешта ня так робіць? Можа, лёзунгі ці мэтады змаганьня ня тыя?”

Севярынец: “Пытаньне заканамернае і справядлівае. Бо ў праграмных дакумэнтах “Маладога фронту” запісаная мэта — заваяваньне лідэрства сярод усяе беларускай моладзі. Сапраўды, нельга сказаць, што большасьць маладых людзей ідуць за “Маладым фронтам”.

Разам з тым варта зазначыць некалькі істотных момантаў. У вузкім сэнсе “Малады фронт” спрацаваў больш эфэктыўна за апазыцыйныя партыі. Бо сярод моладзі, паводле ўсіх сацыялягічных апытаньняў, самыя высокія паказьнікі падтрымкі дэмакратыі, пратэсту супраць рэжыму.

І асноўная маса ўдзельнікаў вулічных маніфэстацыяў апошніх дванаццаці гадоў — моладзь. Напэўна, каля паловы маладых людзей арыентуюцца на бел-чырвона-белы сьцяг.

Разам з тым папулярнасьць “Маладога фронту” распаўсюджваецца сярод невялікай, актыўнай і палітычна сьвядомай часткі моладзі. А яна ў нас у меншасьці.

Сапраўды, у дзейнасьці “Маладога фронту” быў дапушчаны шэраг памылак, найперш тэхналягічных. Не ўдалося наладзіць пастаянных і шырокіх камунікацыяў з моладзьдзю. Гэтаму ёсьць і аб’ектыўныя прычыны — найперш уціск улады.

Але “Малады фронт” — ня проста праект апазыцыйнага пратэсту. Гэта праект генэрацыйны, арыентаваны на стварэньне новага пакаленьня беларусаў. Мы прапануем моладзі не зусім папулярныя рэчы.

“Малады фронт” змагаецца супраць алькагалізацыі, наркотыкаў, распусты. А змагацца з уласных грахом значна цяжэй, чым з рэжымам. У гэтым пляне “Малады фронт” толькі пачынае сваю працу, і дзесяць гадоў — невялікі час для гэтага праекту”.

Казакевіч: “Моладзь — ня нейкая адзіная група, якая падзяляе агульныя каштоўнасьці. Яна вельмі неаднародная. Тая моладзь, якая праходзіла сацыялізацыю ва ўмовах існага рэжыму, больш неадназначна ставіцца да эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

Моладзь традыцыйна падтрымлівае дэмакратыю, апазыцыю больш актыўна, чым старэйшае пакаленьне. Ня думаю, што гэта зьвязана ў значнай ступені з дзейнасьцю моладзевых арганізацыяў. Моладзь заўсёды больш схільная да нонканфармізму, адкрытасьці да новых каштоўнасьцяў і тэхналёгіяў.

Увогуле ўплыў на моладзь любых моладзевых арганізацыяў памяншаецца з 2002 году. Мусіць, было б правільней казаць пра ўплыў моладзевых арганізацыяў падчас пэўных палітычных падзеяў. Да таго ж гэты ўплыў часта кароткатэрміновы”.

Хто больш уплывае на сьвядомасьць маладых людзей — “Малады фронт” ці БРСМ?

Карбалевіч: “Так здарылася, што сутыкнуліся два юбілеі: дзесяць гадоў “Маладому фронту” і пяць гадоў БРСМ. Зразумела, што ўмовы дзейнасьці арганізацыяў непараўнальныя. Але, калі меркаваць паводле вынікаў,то хто больш уплывае на сьвядомасьць моладзі?

Шматлікія сябры БРСМ не адчуваюць дыскамфорту — яны карыстаюцца ўсімі прывілеямі й шчыра носяць значкі з чырвона-зялёнымі сьцяжкамі ці размахваюць афіцыйнымі сьцягамі на стадыёнах, калі падтрымліваюць беларускіх спартоўцаў”.

Севярынец: “Насамрэч БРСМ — ня моладзевая арганізацыя, а дзяржаўная праграма забесьпячэньня ляяльнасьці моладзі. Таму нельга разглядаць БРСМ як самастойны суб’ект. Можна казаць, што супернікам “Маладога фронту” зьяўляецца не БРСМ, а існы рэжым з усімі ягонымі інстытутамі, сілавымі структурамі.

Але давайце параўнаем 400 тысяч сябраў БРСМ і 1—1,5 тысячы сябраў “Маладога фронту”. У інтэрнэце “Малады фронт” больш прадстаўлены. У дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсе прадстаўніцтва параўнальнае. Наколькі арганізацыя самастойная, настолькі яна эфэктыўная.

Патрыятызм пад чырвона-зялёным сьцягам — сур’ёзны фэномэн. Многія сябры “Маладога фронту” пакаленьня Дашкевіча пачыналі з гэтага. Але калі яны рухаліся па гэтым шляху, то непазьбежна прыходзілі да бел-чырвона-белага сьцягу.

Паводле апытаньня 2003 году Балтыйскай службай інстытута Гэлапа, больш за 50% насельніцтва Беларусі ведаюць пра “Малады фронт”. Сярод моладзі ведаюць больш за 70%, а 15% хацелі б уступіць у “Малады фронт”.

Казакевіч: “Ні “Малады фронт”, ні БРСМ не вызначаюць сёньня сьвядомасьці моладзі. БРСМ — дзяржаўная бюракратычная структура. Ідэалягічны ўплыў гэтага саюзу нязначны. Ляяльнасьць да рэжыму моладзі хутчэй падтрымліваецца магчымасьцю кар’ернага росту.

Што тычыцца “Маладога фронту”, то для пэўнага сэктару моладзі ягоная праца была эфэктыўная. Але за межамі гэтай групы ўплыў “Маладога фронту” нязначны”.