“Паміж”: прэзэнтацыя ў двары

Севярын Квяткоўскі, Менск Чарговы, шосты выпуск альманаху “Паміж” прэзэнтаваўся на двары аднаго з прыватнымх дамоў на ўскрайку Менску. Альманах робіцца сіламі навучэнцаў і выпускнікоў Беларускага калегіюму – незалежнай факультатыўнай навучальнай установы. “Паміж” – культурніцкі мысьлярскі часопіс, дзе сярод аўтараў можна сустрэць як вядомыя імёны, гэтак пачаткоўцаў.
На імправізаваных лавах сядзяць некалькі дзесяткаў маладых людзей. Некаторыя трымаюць у руках сьвежы выпуск “Паміж” – ладны томік з больш як дзьвюма сотнямі старонак тэксту. У зьмесьце сьвежага нумару альманаху пазначаныя імёны Пётры Рудкоўскага, Валянціны Лойкі, Тацяны Барысюк, Аксаны Спрынчан ды шэрагу іншых.

Побач з публікай – яблыкі ў кошыках, мастацкая інсталяцыя зь лялькамі за столікам. “На галёрцы” сьпявачка Тацяна Беланогая рыхтуецца да выступу напрыканцы імпрэзы. Прэзэнтацыя “Паміж” спалучаецца з уганараваньнем выпускнікоў Калегіюму ганаровымі дыплёмамі. Імпрэзай кіруюць дырэктар калегіюму Алесь Анціпенка і выкладчык Валянцін Акудовіч.

Акудовіч: “Ёсьць адметнае адрозьненьне нашага часопісу ад звычайнага студэнцкага. Нашы студэнты – любога ўзросту і любой адукацыі. У нашым часопісе друкуюцца аўтары, якія друкуюцца ў самых прэстыжных беларускіх часопісах. Гэта паўнавартасныя публічныя тэксты, якія маглі быць надрукаваныя ў любым і найлепшым выданьні Беларусі”.

Слова рэдактарцы сьвежага “Паміж” Ціны Давыдчук:

“Паміж” застаецца пляцоўкай, на якой можна пакінуць свае сьляды пошукаў у стварэньні ці перакладзе беларускіх тэкстаў. І гэта пляцоўка паміж ужо зробленым і паміж тым, што будзе зроблена пасьля”.

Беларускі калегіюм існуе больш за 10 гадоў, а “Паміж” выдаецца ад 2001 году.


Філёзаф Алесь Анціпенка


Філёзаф Валянцін Акудовіч


Паэт Андрэй Хадановіч




Рэдактарка Ціна Давыдчук