Выбары ў Расеі: зьменаў не чакаецца

Юры Дракахруст, Прага Сёньня ў Расеі апублікаваны ўказ прэзыдэнта аб выбарах у Дзяржаўную Думу. Выбары прызначаныя на 2 сьнежня гэтага году.
Гэтыя думскія выбары ўпершыню пройдуць выключна паводле прапарцыйнай сыстэмы. За 450 мандатаў будуць спаборнічаць толькі палітычныя партыі. Яшчэ мінулыя выбары 2003 году адбываліся паводле зьмяшанай сыстэмы, палова дэпутатаў абіралася паводле партыйных сьпісаў, палова – па мажарытарнай сыстэме, якая дзейнічае, напрыклад, цяпер у Беларусі.

Сёньня ж Міністэрства юстыцыі Расеі апублікавала сьпіс 15 партыяў, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах. У Расеі даволі жорсткія ўмовы рэгістрацыі партый: яны павінны налічваць ня менш за 50 тысяч чалавек, а таксама ня менш за 500 сябраў у ня менш як 45 рэгіёнах краіны.

На працягу апошняга году была спыненая дзейнасьць 19 партый: некаторыя самаліквідаваліся, некаторыя ператварыліся ў грамадзкія аб’яднаньні, некаторыя былі ліквідаваныя праз суд як няздольныя выканаць патрабаваньні закону.

Сярод партыяў, дапушчаных да выбараў – пракрамлёўскія «Единая Россия» і «Справедливая Россия», кампартыя, ЛДПР Жырыноўскага, Саюз Правых Сіл і “Яблоко”.

Галоўнай праблемай выбараў уяўляецца вельмі высокі бар’ер для праходжаньня ў Думу, для гэтага трэба атрымаць падтрымку ня менш як 7% выбарцаў.

Такая формула галасаваньня была нядаўна апрабаваная на парлямэнцкіх выбарах у Казахстане, дзе ў выніку прапрэзыдэнцкая партыя заняла 100% месцаў у парлямэнце.

У Расеі вынікі такімі адназначнымі ня будуць. Напрыклад, паводле апытаньня, праведзенага Лявада-Цэнтрам , калі б выбары адбыліся сёньня, то за «Единую Россию» аддалі б свае галасы 59% выбарцаў, 18% прагаласавалі б за кампартыю, 9% – за «Справедливую Россию» і ледзь-ледзь пераадолела б бар''ер ЛДПР, атрымаўшы 7% галасоў. Партыі лібэральнага накірунку – “Яблоко” і Саюз Правых сіл атрымалі б 3% і 1% галасоў адпаведна.

Калі разьмеркаваньне галасоў будзе такім самым і праз 3 месяцы, то склад новай Думы будзе даволі падобны на цяперашні: арытмэтычная большасьць – у «Единой России», у дадатак – яшчэ адна пракрамлёўская партыя (цяпер «Родина», у наступнай Думе – «Справедливая Россия»), ляяльная апазыцыя ў выглядзе ЛДПР і крыху менш ляяльная – у выглядзе кампартыі.

На працягу году рэйтынг «Яблока» і СПС ніколі не перавышаў 5%, так што калі не адбудзецца цуду, то празаходнія расейскія партыі ня маюць ніякіх шанцаў патрапіць у парлямэнт. Такім чынам у Думе будзе прадстаўлены толькі Крэмль і сілы яшчэ больш антызаходніцкія, чым ён.

На думку экспэртаў, галоўнай тэмай выбарчай кампаніі стане праблема сацыяльнай справядлівасьці, расейская эканоміка цяпер знаходзіцца на пад''ёме, краіна мае вялікія грошы ад продажу нафты, канкурэнцыя праектаў найбольш справядлівага падзелу нацыянальнага пірагу будзе вострай, бо ёсьць што дзяліць.